— Падобныя творчыя сустрэчы, — расказала загадчыца кафедры майстэрства эстрады, дацэнт, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, — мы ладзім рэгулярна. Бо, вядома, уздзеянне на моладзь яркіх асоб нашай нацыянальнай культуры пераацаніць немагчыма. Да таго ж, гэта яшчэ і частка прафарыентацыі.
Эдуард Сямёнавіч завітаў у нашу навучальную ўстанову не ўпершыню. Ён даўно стаў добрым сябрам універсітэта, неаднойчы ўзначальваў Дзяржаўную камісію на іспытах. Гэтым разам ён зрабіў экскурс у сваю творчасць, паказаў відэа з удзелам вядомых савецкіх выканаўцаў, спяваў і сам — прычым не толькі ўласныя мелодыі. Сустрэча называлася “Ад маіх песень да вашых”, і ў канцы ён вырашыў правесці своеасаблівую віктарыну: маўляў, зараз праверым, наколькі вы спеўныя і ці ведаеце вы песні свайго пакалення. Сказаў гэтак — і заспяваў тое-сёе з рэпертуару Паліны Гагарынай, Макса Каржа, Цімы Беларускіх. Такая неабыякавасць да моладзі, “прасунутасць” у ягоным узросце не маглі не ўразіць. Прысутныя (а студэнты былі самых розных спецыяльнасцей) пераканаліся, наколькі ён цікавая, папраўдзе легендарная асоба, захапіліся яго энергіяй, аптымізмам, жыццялюбствам. Ці ж гэта не прыклад для пераймання? І памяць на ўсе далейшыя гады.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ