Калі пра Уладзіміра Сулкоўскага коратка, дык біяграфія ягоная самая што ні ёсць звычайная для мастака-патрыёта, чый творчы шлях акрэсліўся ў 70-я гады. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, браў удзел у разнастайных выставах, выкладаў у навучальных установах мастацкага профілю і напісаў некалькі метадычных дапаможнікаў па мастацтве. Ягоныя творы захоўваюцца ў дзяржаўных зборах нашай краіны, а таксама ў Польшчы, дзе беларуская супольнасць жыве на сваёй этнічнай тэрыторыі. Ёсць карціны Сулкоўскага і ў прыватных калекцыях шэрагу краін. Пры гэтым спадар Уладзімір адзін з заснавальнікаў легендарнай мастацкай суполкі “Пагоня”, у шэрагах якой сродкамі мастацтва прапагандаваў беларускасць як з’яву і ідэю.
У ягоных творах занатавана, так бы мовіць, “зыходзячая натура” — традыцыйны вяскова-местачковы побыт, які непазбежна сыходзіць у нябыт са з’яўленнем новых рэалій — сацыяльных, культурных, тэхналагічных. Ён маляваў незакранутыя ўрбанізацыяй краявіды, знакі старасветчыны і людзей, для якіх гэта асяроддзе цалкам натуральнае. Калі прайсціся па тых мясцінах зараз, магчыма мы не знайшлі б нічога з таго, што з такім замілаваннем маляваў мастак…
Другі чыннік ягонай творчасці — партрэты сучаснікаў, што ўвасабляюць суверэнную Беларусь, і рупліўцаў беларускай справы часоў мінулых.
Жывапіс спадара Уладзіміра рэалістычны, нават акадэмічна-рэалістычны, без штучных эфектаў. Фарбы яго былі прывабнымі, але ж ён таксама дбаў пра максімальную адпаведнасць праўдзе жыцця.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ