Хормайстар, музыказнаўца, педагог Кірыл Насаеў у 1990 годзе аб’яднаў музыкантаў розных канфесій — праваслаўных, каталікоў, уніятаў і пратэстантаў, каб выконваць духоўную музыку. На самым пачатку гэта былі манастырскія напевы 15—17 стагоддзяў, беларускія храмавыя песні — потым рэпертуар пашырыўся, але застаўся менавіта беларускім. Якраз хор “Унія” ў 93-м годзе стаў пераможцам першага фестывалю духоўнай музыкі “Магутна Божа”, а неўзабаве атрымаў званне лаўрэата на конкурсе імя Шуберта ў Вене. З 96-га года камерны мужчынскі хор “Унія” працаваў ад Магілёўскай філармоніі і тады запісаў праграмы, якія мелі вялікі розгалас і ўвайшлі ў скарбонку нашай музычнай культуры, — “Музыка Літвы і Кароны” і “Беларускія маршы і песні. Лірыка змагання”.
Цяперашні кіраўнік адроджанай “Уніі” Павел Гонта ўспамінае:
— Я памятаю, калі быў яшчэ зусім юным, мы ўсе слухалі гэты альбом — “Лірыка змагання”. Прычым яго слухалі не толькі прафесіяналы, а і простыя хлопцы, слухалі мае аднакласнікі. Гэта ледзь не адзіны з харавых альбомаў, які насамрэч пайшоў у народ.
Апошні афіцыйны канцэрт “Унія” дала ў Мінску ў лістападзе 2002 года, але некалькі гадоў калектыў яшчэ паіснаваў на аматарскіх пачатках. Менавіта тады ў яго прыйшоў Павел Гонта, якому зараз калегі даверылі аднаўленне хору. Павел расказвае, што музыкантам вельмі хацелася адзначыць спевамі 60-годдзе з дня нараджэння Кірыла Насаева. І з сімвалічным выступам, у якасці анонса адраджэння сімвала эпохі пераменаў хору “Унія” на пляцоўку да філармоніі выйшлі нават тыя, хто ўваходзіў яшчэ ў самы першы склад, — напрыклад, Андрэй Хабібулін і Аляксандр Шык. А ўвогуле, за гады ў хоры папрацавала мноства музыкантаў, прычым менавіта прафесійных музыкантаў. Сам Павел Гонта пасля перапынку нядаўна вярнуўся ў Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, а ў свой час ён быў і рэгентам у царкве, кіраваў Беларускім візанційскім хорам “Артос”, працаваў у еўрапейскіх краінах, іграў у рок-групе. Гэтак жа і астатнія музыканты. Са спадзевам на тое, што ў новыя часы хор “Унія” будзе запатрабаваны слухачамі, калектыў і ўзяўся за аднаўленне славутых праграм, за рэпетыцыі. Думае і над арганізацыяй выступленняў у канцэртных залах.
Пакуль жа 18 жніўня на прыступках Белдзяржфілармоніі для ўсіх гледачоў і простых мінакоў артысты выканалі тры кампазіцыі. Павел Гонта так каментуе выбар менавіта гэтых песень:
— Усе тры — вельмі паказальныя і знакавыя. “Магутны Божа” — малітва, Кірыл Насаеў заўсёды хацеў менавіта такога гучання. “О Беларусь, мая шыпшына” — самая пяшчотная песня пра нашу Радзіму, якая апявае белую, светлую, прыгожую краіну і тое, што няма ў нас ніякай варожасці і злоснасці, чыстае святло. Трэцяя — “Пагоня”, бо ў нас не толькі мяккасць ёсць, але і моцны дух, і смеласць, і ўпартасць, што гэтая славутая песня на верш Максіма Багдановіча і адлюстроўвае.
Былі на выступленні і бісы, і апладысменты, і падзякі за тое, што “Унія” вяртаецца.
— Галоўнае, што мы хацелі засведчыць сваім выступам, — удзячнасць Кірылу Насаеву, — гаворыць Павел Гонта. — Мы хацелі выказаць яму пашану. Мне падаецца, што значнасць зробленага ім і маштаб яго асобы ў нашай культуры яшчэ не да канца ацэнены. Акрамя таго, што Кірыл Насаеў быў выдатным музыкантам, ён быў і асветнікам, уздымаў архівы, выносіў да людзей нашу старадаўнюю музыку, уводзіў яе ў рэпертуары сучасных калектываў, укладаў і публікаваў зборнікі. І як педагог ёг выхаваў цэлую плынь музыкантаў. Вельмі б хацелася вялікім канцэртам адзначыць 60-годдзе з дня нараджэння Кірыла Раманавіча.
Дарэчы, паслухаць спевы камернага мужчынскага хору “Унія” гэтымі летнімі днямі яшчэ можна будзе на пляцоўцы ў Мінску ля Белдзяржфілармоніі — там, на вольным паветры, цяпер часта гучыць музыка ў выкананні як артыстаў філармоніі, так і іншых.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ