“Тарцюф” усяму галава

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

Мальераўскі “Тарцюф” апошнім часам — ну проста нарасхват. Узгадаем два нядаўнія спектаклі тэатраў лялек — у Гомелі, потым у Мінску. А яшчэ леташнюю прэм’еру ў Магілёўскім драмтэатры, замежныя пастаноўкі ў нашай фестывальнай практыцы і на кінаэкране. Сталае пакаленне памятае таксама “Тарцюфа” ў Маладзёжным, з Сяргеем Жураўлём, які заўчасна нас пакінуў. Але ж размова пойдзе пра новы спектакль Сучаснага мастацкага тэатра, ажыццёўлены двума рэжысёрамі гэтага калектыву Ігарам Казаковым і Юрыем Дзіваковым.

/i/content/pi/cult/812/17409/015.jpgАбодва маладыя творцы — фігуры знакавыя, прычым не толькі ў рамках беларускай нацыянальнай культуры. Абодва — з ярка-крэатыўным рэжысёрскім мысленнем. І раптам — у тандэме, дзе Юрый Дзівакоў выступіў не з дзіўна-дзівакоўскай рэжысурай, а з не менш эпатажнай сцэнаграфіяй. Ён не стаў маляваць традыцыйныя заднікі, загрувашчваць сцэну мэбляй ці нават узводзіць фантазійнае архітэктурнае збудаванне. Проста паставіў пасярэдзіне невысокага подыума, дзе адбываецца дзея, чорны крыж у якасці то своеасаблівай трыбуны, то маскараднага касцюма гэткай роставай лялькі. А таксама вялізную белую галаву — накшталт такой, якую сустракае Руслан у пошуках Людмілы. І прымусіў тую галаву “гаварыць”. Ды не звыклымі словамі, а дзеючымі асобамі, якія наўпрост “выпаўзаюць” з адкрытага рота. Менавіта такім нязвыклым чынам з’яўляюцца амаль усе персанажы, з якімі ў самым пачатку спектакля знаёміць нас тэмпераментная, вострая на язычок служка Дарына (Марына Здаранкова).

Яшчэ адзін спосаб стасункаў з незвычайнай скульптурай засвоіць Тарцюф (Цімур Муратаў): ён часцей будзе з’яўляцца ўверсе, бы гэткае чарцяня з табакеркі ці, як своеасаблівая спасылка на гратэскна-абсурдысцкую “Алісу ў краіне цудаў”, Мыш Соня з-пад адчыненай накрыўкі вялізнага чайніка. Каб гэтак апынуцца наверсе галавы, Тарцюф у прамым сэнсе слова “выносіць мазгі” — выкідае са скульптуры “залішнюю” дэталь у выглядзе мозгу. А яшчэ пазбаўляе галаву зроку: на месцы вачэй таксама робіць дзірачкі. У фінале ў тых дзірачках будуць усталяваны невялічкія клумбы з кветкамі, на самой галаве — вяночак з такіх жа кветак. Чым не ўшанаванне бязмозглай невідушчасці? Сімвалічны сэнс набывае і спалучэнне магутна-непарушнай скульптуры з надзьмутымі фігуркамі — паветранымі шарыкамі, схільнымі лопацца пры першым уціску.

Хэпі-энд, традыцыйны для класіцызму і ўласцівы п’есе, знік. Сапраўды, як сёння інтэрпрэтаваць старажытнагрэчаскі прыём з’яўлення “Бога з машыны”, калі нейкі новы герой кшталту мудрага вышэйшага кіраўніцтва нечакана прыносіць дзівоснае выратаванне? Той жа Аляксей Ляляўскі ў сваім колішнім спектаклі, не робячы ніякага скарачэння, даводзіў шчаслівую развязку да яшчэ больш трагічнага выніку. Ён падкрэсліваў кантраст між словамі і ўчынкамі: на кавалачкі разляталіся ўсе лялькі-героі, бо менавіта так заўсёды працуе таталітарная сістэма, запускаючы механізм знішчэння іншадумцаў. Ігар Казакоў, які з’яўляецца непасрэдным выхаванцам майстра, бо калісьці заканчваў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у ягонай майстэрні, прапанаваў іншае завяршэнне: усё сямейства Аргона ціха сыходзіць — у нікуды. Але як бы мы ні праглі, каб зло было пакарана, назваць такі фінал адкрытым можна хіба ўмоўна. Хай сувязі з 1937-м не б’юць тут напавал, затое замест бурлівага эмацыйнага ўсплёску ўключаецца ўдумлівае асэнсаванне. Акурат у адпаведнасці з эпохай Асветніцтва, што аддавала перавагу цвярозаму розуму.

Стваральнікі спектакля закцэнтавалі самую, бадай, актуальную праблему сучаснасці — неабходнасць мець мазгавыя звіліны і на свае вочы ацэньваць тое, што адбываецца навокал, пры гэтым абапірацца на крытычнае мысленне, а не на сляпую веру. Аргон (Віталь Новікаў), а тым больш яго маці Пернэль (Таццяна Харламава) надта позна ўцямляюць, што перад імі — крывадушнік. І аказваюцца не гатовымі супрацьстаяць нахабству, падману, адкрытаму здрадніцтву.

Мастак па касцюмах Вольга Дваравая змешвае ў сцэнічных строях дэталі розных эпох. Такі падыход як нельга лепей працягвае ўпісанасць сімвалічнай галавы, невялічкага подыуму ў якасці сцэнічнай пляцоўкі ў стылізаваную, па-багатаму аформленую блакітную залу Дыпсэрвіс Хола. Постмадэрнісцкі ўхіл выяўляецца і ў спасылках на іншыя спектаклі пастаноўшчыкаў. Тое, як Тарцюф высоўваецца з крыжа, прымераўшы яго на сябе, нагадвае чарвякоў з колішняга казакоўскага прачытання “На дне”. У пікантнай сцэне спакушэння “аголены” Тарцюф, падобны да вепрука, апрануты ў камбінезон накшталт тых, што мы бачылі ў дзівакоўскім “Крыжовым паходзе дзяцей”. Да гэтага ж спектакля вядзе і ператварэнне мяча ў крыж, і правакацыйна антыпаэтычнае адлюстраванне сексуальных момантаў. Статуя галавы вымушае ўспомніць яго ж “Пліха і Плюха”. Постмадэрнісцкая ўсмешка праглядае і скрозь назву спектакля, якая мадулюе ад мовы перакладу да арыгінала, бы сумесь французскай з ніжагародскай — Tартюff ou l’imposteur.

Артысты таксама абапіраюцца на розныя эстэтычна-стылёвыя мадэлі сцэнічнага існавання. Марыяна (Алена Зуй-Вайцяхоўская) вырашана ў прынцыпова лялечнай манеры, гаворыць завучанымі фразамі. Эльміра (Кацярына Ермаловіч), пазбаўленая эмацыйнасці ў сваім амаль “дакументальным” маўленні, рэгулярна застывае з грацыёзнай позай рук, бы салістка барочнай оперы-серыя. Прыўзнята-тэатралізаваным успрымаецца  Даміс з абліччам палкага вар’ята (Дзмітрій Рачкоўскі), яму ўторыць Клеант (Павел Чарноў). Валер (Валерый Кляйменаў) часам падобны да салдафона. А шматслойны грым усіх персанажаў увогуле выглядае маскамі — ад фальклорна-абрадавых да старажытнагрэчаскіх, дэль артэ і карнавальнай культуры розных народаў.

Ды ўсё ж некаторыя дэталі кшталту трох цацачных курыц, фужэраў з уяўным напоем выглядаюць “кінутымі”, не дастаткова знітаванымі, закальцаванымі з астатнім. Дый дзве танцавальныя сцэны, дадзеныя ў пачатку кожнай дзеі, пэўна, маглі б быць дапоўнены іншымі. Не цалкам спраўджана і жанравае азначэнне — чорная камедыя. Спектакль выклікае не смех ці іранічную ўсмешку, а трывогу, закладзеную дзесьці на генным узроўні спалучэння чорна-шэрага з ружовым. І амаль фізічны горкі боль — за падманутых герояў і перамогу несправядлівасці.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"