Хвароба напаткала маладую жанчыну нечакана. Пошук лепшых урачоў, працяглае лячэнне... Адна ўрач параіла зусім незвычайны спосаб узнаўлення — прапанавала заняцца творчасцю. “Я нават вершы спрабавала пісаць… Але аднойчы ўзяла ў рукі пэндзлік і не выпускаю яго дагэтуль, прысвячаю маляванню ўвесь свой вольны час”, — расказвае самадзейная мастачка. Хвароба адступіла. Больш дакладна, галантна саступіла месца творчасці і спорту. Гледзячы на мужа, Надзея захапілася паўэрліфтынгам і нават пачала трэніраваць падлеткаў у Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. А мастаком Надзея Мікелсонс называе сябе з вялікай асцярожнасцю, хаця і стварыла за тры гады больш за 400 работ у тэхніцы акрыл і акрыл-спрэй. Малюе яна не толькі на традыцыйным палатне, але і на шкле, камені, дрэве. На яе карцінах мала рэальных прадметаў і вобразаў — Надзея глядзіць глыбей, спрабуе адлюстраваць настрой, гук, пах... “Ніколі не думала, што буду выстаўляць свае работы, бо гэта мой занятак для душы”, — прызнаецца яна.
Экспазіцыя выставы.
Пра тое, што Надзея такі пладавіты творца, да нядаўняга часу ніхто, акрамя яе блізкіх, не ведаў. З “падполля” яе вывела ашмянская журналістка Аліна Санюк. Даведаўшыся пра захапленне маладой жанчыны, Аліна пераканала мастачку, што нельга хаваць сваю творчасць. І Надзея асмелілася: Ашмянскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча зладзіў выставу яе работ, якая амаль адразу перамясцілася ў Смаргонь — у Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Акрамя карцін мастачка стварае і арыгінальныя размаляваныя гіпсавыя вазы — іх таксама можна ўбачыць на выставе.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара