Матрыца (этна)культуры?

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

У НЦСМ працуе выстава “Доўгая дарога дамоў”
Я заходжу ў залу – і трапляю ў нібыта знаёмую прастору вясковага пакою. Стаіць ложак з высокімі падушкамі, за ім на сцяне – стракаты дыванок, у куце – вісіць ікона, накрытая ручнікамі… Звычайны інтэр’ер хаты, але, прыгледзеўшыся, разумею, што ўсё тут не тое, чым падаецца. Ложак накрыты не бялізнай, а цёмнай агратканінай, малюнак дыванка не вабіць вока маляўнічымі кветкамі, а “распадаецца” на матрыцу, ручнікі ікон аказваюцца пластыкавымі… Першае ўражанне змяняецца амаль вусцішным пачуццём. Выстава “Доўгая дарога дамоў” мастачкі Машы Мароз у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў нечакана і дзёрзска звяртаецца да гледача з пытаннем пра дэфармацыю традыцыйнай этнакультуры.

Замест вышытых узораў на невялічкіх пано ў экспазіцыі – тыя ж самыя матрычныя коды. Колькі разоў бываўшы ў маленечкіх музеях краіны, мы пыталіся як журналісты ў адмыслоўцаў пра закадзіраванае пасланне продкаў, захаванае ва ўзорах вышыўкі – ці так яно і ёсць? І вось вам і такі адказ: гэта пасланне замяніў іншы код – лічбавы. Уважліва аглядваючы аб’екты інсталяцыі Машы Мароз, немагчыма не падзівіцца на тое, як мова сучаснага мастацтва ўзаемадзейнічае з семантыкай этнаграфічнай культуры.

/i/content/pi/cult/809/17352/14.jpgІ тое не выпадкова. Маша Мароз – даследчыца традыцыйнага касцюма, этнограф, выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у згаданай тэме ўжо шмат гадоў. “Заўжды мяне турбавала, што наша этніка і фальклор успрымаюцца ў даволі архаічным ключы, — тлумачыць яна свой зварот да сучаснага мастацтва. — Хоць традыцыя ў першаснай форме заўжды павінна існаваць, мяне заўсёды цікавіла развіццё гэтай тэмы, яе сучаснае асэнсаванне”.

Кожнаму элементу ўмоўнай палескай хаты мастачка дала сваё трактаванне, “сваю” форму змярцвення, пераўтварэння ў штосьці іншае. (У куратарах выставы таксама Дзіна Даніловіч).

Напрыклад, я гляджу на палавічок пад маімі нагамі – знаёмая рытміка каляровых нітах трансфармавалася ў “рандомную” падборку простакутнікаў. Прычым палавічок – пластмасавы, а рознакаляровыя фігуры на ім — амаль што ў эстэтыцы гульні тэтрыс. Цэлы сусвет пераплеценых нітак, вузлоў, уласцівы тканым дарожкам, пераўтварыўся ў звычайную ўтылітарную паверхню.

Іду па выставе далей. Фактура посцілак на ложку, такіх мяккіх і “ўтульных” па ўспамінах, тут нечакана “ззяе”… бляскам пластыкавай агратканіны. Звычайна, той, у якой прынята захоўваць бульбу. Ажно дух замірае ад такога “шыку” – і разам з тым метафара той дэфармацыі, што адбываецца зараз з традыцыйнай культурай – захапляе. Штучнасць прыйшла на змену аўтэнтыкі, жорсткасць паціснула пяшчоту, а ад гармоніі засталася адно схема. Ад створанай бабулямі сваімі рукамі бялізны – не засталося і следу. А калі ўлічваць, што нашы продкі праз ткацтва стваралі цэлы сусвет  – перад намі ўжо рэальнасць іншага гатунку. Разлінейная паверхня прыйшла на месца кветкам ды іншым раслінам вышыўкі.

Ды і галоўная страва беларускай кухні – бульба  — у інсталяцыі Машы Мароз мае выгляд нейкай сіняй пластмасавай штуковіны (Бульбе як культу беларусаў прысвечаны і асобны стэнд). Гародніна ляжыць на стале парэзаная; побач жа стаяць сінія каласкі ў вазе, а над сталом – як прынята ў сялянскай хаце – вісіць абярэг-павук, — але таксама не саламяна-залаты, а неонавы сіні. Беларускія традыцыйныя сімвалы пафарбаваны, “захоплены” лічбавым колерам, які зусім не дае ўяўлення пра сутнасць рэчы альбо з’явы, а наадварот пераўтварае іх у штосьці супрацьлеглае. На стале, які знаходзіцца ў цэнтры дома, ёсць і каравай: ён таксама займеў дзіўнаватую форму, — ці то косткі, ці то пліты, толькі не традыцыйнага круглай формы бохана. Падушкі ў пластмасавых мяхах, сіняя бульба, “матрычны” чорна-белы дыванок — ад прагляду ўсіх аб’ектаў з’яўляецца адчуванне несапраўднасці, а дакладней — віртуальнай перашкоды: здаецца, зараз правядзеш рукой па твары, міргнеш, — і ўсе прадметы набудуць свой першапачатковы выгляд, сэнс, “усё вернецца на свае месцы”. Аднак назва выставы “Доўгая дарога дамоў” падказвае нам, што дарога да існых рэчаў мае быць не хуткай, і адно “ўзмахам рукі” ўсё не зменіш. Ды і вярнуцца ў былое, у век нашых продкаў не атрымаецца. Наша традыцыйная культура “завісла” ў нейкай недакладнай праекцыі і, на жаль, большасць з нас нават не заўважае падмены. Адбыўся нейкі збой яе асэнсавання, і прычына апошняга — не толькі ў надыходзе новай віртуальнай эпохі, а і таксама ў нас саміх.

У інтэрв’ю мастачка паўтарае паняцце “дваічны код”, якое ў Вікіпедыі мае немудрагелістае значэнне “спосаб прадстаўлення дадзеных у выглядзе кода”. “Усё, што ёсць вакол, уся структура свету апісваецца і фізічнай мовай, і матэматычнай”, – удакладняе Маша Мароз. І як прафесійны даследчык этнаграфіі, таксама дадае, што ў сваім выказванні не абмінае і сімволіку двойкі, уласцівай этнічным культурам — дваічнасць арнамента, падвойнасць рэчаў – люстэркаў на стале, дыванкоў… “Вось гэта мешаніна паміж лічбавым і “аналагавым”, паміж мінулым і сучасным, тым, што было, што ёсць, і што можа быць – мяне бянтэжыць і штурхае да разваг і пытанняў”, — прызнаецца суразмоўца.

Ці можам мы тут казаць таксама пра энтрапію рэчаў? З’яў? Альбо пра ўласцівасць памяці – забываць ці трансфармаваць мінулае? Напэўна, і першае, і другое, усё разам. І мастачка выводзіць нас на вельмі трапнае пытанне: а што далей? Калі пакінуць ад традыцыі адно яе схему, ці будзем шчаслівыя?

Але яшчэ раз вернемся да экспазіцыі. Ложак, стол, куфар, тэлевізар, на экране якога “грузіцца” выява, і чырвоны кут з іконамі, покуць. Калі ў гэтым умоўным свеце вышытыя кветкі на пано маюць выгляд лічбавай “кляксы”, цікава, якую выяву мае Бог? Ікона на выставе – гэта белы ліст паперы, бланк, на якім ёсць толькі асобныя кропкі, маленькія квадрацікі. Іншымі словамі, выява Бога сцёртая, ці згубілася ў выніку пераўсталёўкі, калі мы кажам пра метафару загрузкі новай сістэмы каштоўнасцяў. Яго не тое, што няма, нехта проста забыў знайсці папку, дзе “ляжыць” яго аблічча. Вось да гэтай адсутнасці Бога, жыцця, гармоніі, падводзіць нас складанае выказванне Машы Мароз. Рэчы і свет ёсць, але іх візуальнае аблічча, а значыць і сутнасць – “схапіць”, зразумець немагчыма. Мы ўсё вяртаемся дамоў, шукаючы карані, узнаўляючы і захоўваючы песні, абрады і рамёствы, але нешта ўсё нам перашкаджае. У пэўным часе савецкі сацрэалізм, у іншым — кітчавы аграгламур, а зараз — і кан’юнктура рынку… Хто ведае, можа быць аднойчы мы прачнемся ў плоскім свеце матрыцы, і зразумеем, што гэта зусім не тая рэальнасць, за якую змагаўся вядомы кінагерой Нео.

Даведка.

Маша Мароз, даследчыца традыцыйнага касцюма, этнограф, выкладчыца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма БДАМ, дызайнер, мастачка. У сферу цікавасці ўваходзяць традыцыйны і сучасны гарнітуры, а таксама сакральна-бытавая культура, у прыватнасці, крыжы. Стваральніца адмысловага праекта @past_perfect_ пра традыцыйную культуру Палесся і іншых рэгіёнаў Беларусі. У планах – выданне кнігі пра культуру прыдарожных крыжоў, у якую ўвойдуць фатаграфія і тэксты.

“Маладыя таленты Беларусі” — так гучна называецца Рэспубліканскі творчы радыёконкурс, што паспяхова ладзіцца ўжо некалькі гадоў запар. Вынікі 9-га такога спаборніцтва былі падведзены яшчэ ўвесну, але ў “жывым” фармаце, што называецца афлайн, узнагароды знайшлі сваіх героеў у ліпені.

Дар’я Амяльковіч, Паліна Бязуглая

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"