Чатыры з чатырнаццаці

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Больш за дванаццаць кінакампаній, канкурэнцыя ў лотах — да васьмі заявак, ліпеньскі адкрыты конкурс нацыянальных кінапраектаў, вынікі якога кінасупольнасць гучна абмяркоўвае ў апошнія тыдні, спадзяюся, увойдзе ў гісторыю беларускага кіно не толькі скандалам. А таксама як творчае спаборніцтва, у якім удзельнічала да гэтай пары беспрэцэдэнтная колькасць незалежных кінавытворцаў. Гэта значыць, мы маем справу з прыстойнай колькасцю ідэй і сцэнарных заявак, што чакаюць сваёй магчымасці экраннага ўвасаблення. Звярнуць увагу на гэты момант і паспрабуем у матэрыяле.

/i/content/pi/cult/808/17330/04.jpgІмёны праектаў-пераможцаў ва ўсіх на слыху. Таму, каб больш шырока ўбачыць карціну шматпакутнага конкурсу (ды і вытворчасці незалежнага кіно ў нашых рэаліях), вырашылі дазнацца пра заяўкі, што атрымалі другое месца па выніках дзяржзакупкі па “Аказанні паслуг па вытворчасці фільма ў ігравой форме”. (Дадзеныя пра канкурсантаў размешчаны на сайце). Да кожнага з кінематаграфістаў мы звярнуліся з просьбай распавесці пра ўласны праект, а таксама з пытаннем, як яны плануюць прасоўваць яго далей. Апытанне, у сваю чаргу, дало магчымасць дазнацца пра апошнія навіны са скаргамі — агучыць вынікі іх разгляду Міністэрствам па антыманапольным рэгуляванні і гандлю, што з’явіліся на goszakupki.by.

Нумар закупкі auc0000106368

Аказанне паслуг па вытворчасці фільма ў ігравой форме. Пераможца — кінакампанія “Дэмарш-фільм”, праект “Сфагнум”. Статус лота — “Прыспынены”. Вынікі конкурсу абскарджваў “Тэлівізійны прадзюсарскі цэнтр”, але Міністэрства па антыманапольным рэгуляванні і гандлю палічыла, што прэтэнзіі істца не маюць пад сабой падстаў.

Другое месца — “Першая Кінавідэакампанія”, заяўка “Хто я?”.

Віктар Лабковіч, генеральны прадзюсар “Першай Кінавідэакампаніі”, якая, нагадаем, узяла тры першых месцы ў чатырох лотах і якую несправядліва папракнулі ў манаполіі, знаходзіўся не ў вельмі добрым настроі. На момант тэлефанавання адзін з лотаў, што выйграла арганізацыя, меў статус “адменены”, другі — знаходзіўся ў падвешаным стане.

— Лічым, што ўсе праекты, што мы падавалі на гэты конкурс, — лепшыя праекты нашай кампаніі, — пракаментаваў сітуацыю кінематаграфіст. — Мы ў іх верым і будзем працаваць з імі далей: гэта і “Радзіва Прудок”, запуск якога адменены, і “Дзесяць жыццяў Мядзведзя”, што выйграў у конкурсе на фільм для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, і серыял “За паўгадзіны да вясны”. Дамова на вытворчасць апошняга падпісана з Міністэрствам культуры.

Што да нашай заяўкі “Хто я?”, якая заняла другое месца, то гэта сацыяльная маладзёжная драма. Аўтар сцэнарыя — Андрэй Кудзіненка, рэжысёр — Настасся Мірашнічэнка. У трох словах магу апісаць яе так. Маладыя людзі сабраліся на святкаванне Новага году, пачалася гульня, і ўсё вылілася ў высвятленне адносінаў. Пасля ночы стала зразумелым, хто чаго варты. Хто для каго сапраўдны сябра, а хто — вораг.

Планы па далейшым прасоўванні праекта ў Віктара Лабковіча пакуль прыблізныя.

— Паспрабуем падаць яго на наступны конкурс Міністэрства. Але, мяркую, што гэтым разам у гульню ўступіць кінастудыя “Беларусьфільм”, якая не ўдзельнічала цяпер, і шанцы на перамогу значна паменшацца, — адзначае прадзюсар. — Аднак будзем змагацца: свой праект пра Уладзіміра Мулявіна мы падавалі ў Міністэрства культуры, да прыкладу, ажно тры разы.

/i/content/pi/cult/808/17330/05.jpgНумар закупкі auc0000101410

Аказанне паслуг па вытворчасці фільма ў ігравой форме для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі.

Пераможца — “Першая Кінавідэакампанія”, праект “Дзесяць жыццяў Мядзведзя”. Статус лота — “Прыспынены”. Вынікі конкурсу абскарджваў “Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр”, але Міністэрства па антыманапольным рэгуляванні і гандлю палічыла прэтэнзіі істца беспадстаўнымі.

Другое месца — “Студыя Р-2”, заяўка “Двайны дотык”.

Як можам зазначыць, пэўныя кампаніі-пераможцы аказваліся ў фіналістах у іншых намінацыях. Так склалася ў Віктара Лабковіча, падобная ж сітуацыя і ў Аляксея Раковіча, рэжысёра “Радзіва Прудок”. Яго заяўка “Двайны дотык” атрымала другое месца ў лоце на аказанне паслуг па вытворчасці фільма для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі.

— “Двайны дотык” — гэта маладзёжная спартыўная драма, — распавядае пра яе Аляксей Раковіч. — Аўтарам сцэнарыя стужкі з’яўляецца Андрэй Курс, пакуль невядомы, але, на маю думку, вельмі цікавы сцэнарыст. Рэжысёр — ваш пакорны слуга. У цэнтры дзеяння — валейбольная каманда, дзяўчаты. У сцэнарыі прысутнічае шмат цікавых момантаў з жыцця падлеткаў, моладзі, сучаснага грамадства. Ёсць у фільме і камедыйныя моманты, гумар, забаўляльныя рэчы, апавяданне судакранаецца з маладзёжнай культурай, музыкай. Нам падалося, што такая стужка будзе запатрабаванай.

Аляксей Раковіч адзначае, што ўжо на сённяшні момант праект займеў падтрымку Назіральнага савета Беларускай федэрацыі валейбола і асабіста міністра па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Вашчанкі.

— Фільм зусім не дарагі, таму паспрабуем пашукаць дапамогу далей у арганізацый спартыўнага кшталту, — дзеліцца ідэямі па прасоўванні заяўкі кінематаграфіст. — Не выключаем, што калі будзе конкурс Міністэрства культуры па вытворчасці стужкі на спартыўную тэматыку, можна паўдзельнічаць. Нас другое месца у гэтым лоце хутчэй акрыліла, чым расчаравала.

А вось адмену запуску сваёй дэбютнай працы па рамане Андруся Горвата “Радзіва Прудок” Аляксей Раковіч успрыняў балюча.

— Гэты быў не той фільм, які каштуе 20-40 тысяч рублёў. І па сваім пасыле — гэта нацыянальны праект, той, які аб’ядноўвае. Таму тут для нас падтрымка дзяржавы была вырашальнай, — падкрэслівае ён. - Зараз жа я не надта веру ў ажыццяўленне праекта, але будзем шукаць варыянты.

/i/content/pi/cult/808/17330/06.jpgНумар закупкі auc0000101501

Аказанне паслуг па вытворчасці фільма ў ігравой форме, прысвечанага жыццю і творчасці вядомых беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва.

Пераможца — “Першая Кінавідэакампанія”, серыял “За паўгадзіны да вясны” пра Уладзіміра Мулявіна і ВІА “Песняры”. Статус лота — “Завершаны”.

Другое месца — “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, заяўка пра Ларысу Александроўскую — “Срэбны званочак”.

Уладзімір Бокун адзначае, што ў час працы над праектам, перш за ўсё кінакампанія звязалася з Арыяднай Ладыгінай, пляменніцай легендарнай опернай дзівы, аўтарам кнігі “Ларыса Пампееўна Александроўская: Дакументальна-тэатральны раман”.

— Мы скантактаваліся з Арыяднай Барысаўнай, і я папрасіў далучыцца да працы Алёну Калюнову, аднога з самых цікавых нашых беларускіх аўтараў, — раскрывае сакрэты творчай кухні слынны прадзюсар. — Яна і стала аўтаркай сцэнарыя. У рэжысёры серыяла планаваўся адзін з нашых творцаў “залатой групы” кампаніі “Эфір” — Фёдар Краснапёраў (“Радавыя”, “Вяртанне Мухтара” — Д.А.)

Кіраўнік “Майстэрні” прызнаўся, што для студыі некалькі нечаканым стаўся фармат прапановы на конкурс.

— Звычайна ў частцы шматсерыйных фільмаў Міністэрства культуры прапаноўвае прыкласці сцэнарый адной з серый, і сінопсіс — з астатнімі, — распавёў кінематаграфіст. — Гэтым разам былі дастаткова жорсткія ўмовы: паказаць сцэнарый чатырох гатовых серый, і чатыры сінопсісы на астатнія. І мы ўсё зрабілі. У выніку не перамаглі, але адрыў ад пераможнага праекта быў літаральна паўтара-два балы. Ларыса Александроўская ўвасабляе беларускую музычную культуру ХХ стагоддзя, — дадае прадзюсар. — Гэта — выбітная асоба, жанчына неверагоднай сілы і прыгажосці, пры ўдзеле якой паўставаў наш Тэатр оперы і балета. Фільм пра яе абавязкова мусіць з’явіцца.

На пытанне, што з праектам будзе далей, Уладзімір Бокун усё ж паціскае плячыма ў разгубленасці. Калі Міністэрства культуры абвесціць новы конкурс, “Майстэрня” падасць заяўку. Што да падтрымкі тэлебачання...

— Мала надзеі на гэта, шчыра кажучы, — прызнаецца Уладзімір Бокун.  — Тэлекампаніі зараз уласнай вытворчасцю тэлесерыялаў, як гэта было раней, на жаль, не займаюцца. Не толькі ў час пандэміі, але ў цэлым у апошнія гады сітуацыя на тэлевізійным рынку рэзка пагоршылася. На жаль, няма больш ні ў адным профільным ведамстве прэцэдэнта распрацоўкі механізму конкурса кшталту такога, які ладзіць Міністэрства культуры. І што рабіць далей такім вытворцам як мы, якім чынам знаходзіць сродкі на падобныя праекты — пытанне адкрытае.

/i/content/pi/cult/808/17330/07.jpgНумар закупкі auc0000106882

Аказанне паслуг па вытворчасці фільма ў ігравой форме — дэбютнай працы рэжысёра-пастаноўшчыка.

Пераможца — “Першая Кінавідэакампанія”, праект “Радзіва Прудок”. Статус лота — “Адменены”. Вынікі конкурсу абскарджвала кінакампанія “Без буслоў артс”, але скарга не была прынята да разгляду Міністэрствам па антыманапольным рэгуляванні і гандлю.

Другое месца — “Майстэрня сацыяльнага кіно”, заяўка “Юля”.

— Аўтарам сцэнарыя з’яўляецца Мара Тамковіч, — раскрывае імя сцэнарыста і рэжысёра праекта намеснік дырэктара “Майстэрні сацыяльнальнага кіно” Канстанцін Варабей. — Гэта сацыяльная драма пра жыццё беларусаў у памежжы. Гісторыя пра забароненае каханне з асаблівасцямі жыцця ў рэгіёне. Праекту каля года, і ў апошні час мы прапрацоўвалі розныя варыянты яго прадзюсіравання, шлях падтрымкі Міністэрства культуры — адзін з магчымых.

Тым не менш, прадзюсар адзначае, што статус праекта, які меў бы дзяржаўную падтрымку, значна дапамог бы пры рэалізацыі заяўкі. Тым больш, што да стужкі ўжо праявілі цікавасць партнёры ў Польшчы.

— Будзем спрабаваць зараз падаваць “Юлю” на еўрапейскае суфінансаванне, — дзеліцца меркаваннем Канстанцін Варабей. — У Мары Тамковіч — вялікі досвед працы ў Польшчы, яе кароткі метр "Дачка" перамог на Нацыянальны конкурсе ў “Лістападзе —2018”. Мы ўпэўнены ў яе прафесійным узроўні, гэта супакойвае, і дае спадзеў на тое, што ў праекта — добрая будучыня.

Аднак на пытанне, ці будзе “Майстэрня сацыяльнага кіно” зноў падавацца на конкурс, калі апошні абвесцяць, кінематаграфіст не дае станоўчага адказу.

— Калі склад камісіі будзе той жа, які сэнс? — кажа ён. — Эксперты нам аддалі другое месца, чаму раптам павінны зараз даць першае? Гэты конкурс меў такую вялікую колькасць заявак па дзвюх ключавых прычынах, — дае адзнаку актыўнасці кінакампаній на ліпеньскіх таргах Канстанцін Варабей. — Першая — больш шырокія тэмы. Міністэрства культуры гэтым разам спрасціла тэматычныя кірункі і гэта значна панізіла парог уваходу у спаборніцтва. Другі плюс, а дакладней важны збег абставін: усе ігракі нашай кінаіндустрыі разумелі, што гэтым разам “Беларусьфільм” падавацца не будзе. Многія ўспрынялі гэта як “зялёнае святло”.

У астатнім, па словах прадзюсара, усё засталося па-ранейшаму. І працэдура закупкі паслуг — гэта тэма для асобнай размовы. Канстацін падкрэсліў, што ў самай уражальнай пазіцыі ў выніку абставін, што склаліся, апынуліся пераможцы.

— Праекты, што былі адабраныя, у пэўны момант атрымалі адмову, а гэта ў тым ліку пытанне рэпутацыі кінакампаній, — адзначае ён далікатны момант дамоўленасцей з партнёрамі.

Прадуктыўныя змены ў кінагаліне, па словах Канстанціна Вараб’я, магчымыя толькі пры канструктыўным дыялогу — як паміж кінасупольнасцю і ведамствам, так і паміж кінавытворцамі.

— Бо калі ў скаргах апускаемся да таго, што пачынаем даказваць, чый рэжысёр праекта і ў колькі разоў лепшы — гэта абсурд, — выказаўся кінематаграфіст.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"