Голуб на постары як Паходня Дабрыні

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Беларуская анімацыя — у конкурсе фестывалю ў Хірасіме
Магчыма, шаноўны чытач памятае шэрага дабрака з мультфільма “Лагодны воўк” Наталіі Хаткевіч-Дарвінай, што скарыў публіку і журы на “Лістападзе — 2018”? Або кранальную гісторыю пра Хлопчыка, які праз сілу музыкі вярнуў свайго бацьку з вайны — анімацыйную карціну “Паданне пра гуслі” Таццяны Кубліцкай? У нас пра іх выдатныя звесткі: дзве гэтыя стужкі, створаныя на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, трапілі ў конкурс прэстыжнага міжнароднага фестывалю анімацыйнага кіно ў Хірасіме. Як паведамляецца на сайце кінафоруму: фільмы беларускіх кінематаграфістаў былі адабраныя з больш як 2 300 заявак, якія прыйшлі на анімацыйны агляд з 84 краін свету, і трапілі ў лік 59 конкурсных работ.

/i/content/pi/cult/804/17267/08.jpgНекалькі слоў пра саму падзею. Міжнародны фестываль анімацыйнага кіно ў Хірасіме — адзін з вядомых форумаў анімацыі ў свеце, і ладзіцца на востраве Хонсю з 1985 года. Яго пасланне - “Любоў і мір” — нарадзілася з трагічных старонак гісторыі горада, і, як падкрэсліваюць стваральнікі форуму, мэта міжнароднага агляду — садзейнічанне культурнаму паразуменню праз развіццё анімацыйнага мастацтва. Візуальныя медыя ў канцэпцыі японскага фестывалю — тая мова, што можа быць зразумелай і выкшталцонай адначасова. Конкурс, які складаецца з чатырох блокаў, разнастайныя праграмы, што ўключаюць рэтраспектывы майстроў, ігравую анімацыю, анімацыю студэнтаў, для дзяцей, а таксама адмысловыя прызы — усё гэта робіць фестываль у Хірасіме заўважным у свеце. Ужо само траплянне ў яго конкурсную праграму можна лічыць своеасаблівым прызнаннем майстэрства кінематаграфістаў.

І яно, прызнанне, варта дадаць, не абмінула адабраныя ў конкурс беларускія работы. Карціны Наталіі Хаткевіч-Дарвінай і Таццяны Кубліцкай ужо маюць прыстойную фестывальную гісторыю: Польшча, Расія, Македонія, Кітай, вядома, Беларусь, — стужкі былі заўважаны на многіх аглядах. У прыватнасці, “Лагодны воўк” Наталіі Хаткевіч-Дарвінай, які, нагадаем, пра ваўка, які не мог з’есці нават і барашка, быў прызнаны лепшым анімацыйным фільмам на мінскім міжнародным фестывалі ў 2018 годзе. “Паданне пра гуслі” Таццяны Кубліцкай, заснаваны на прыгожай аўтарскай фантазіі пра старажытны музычны інструмент, на леташнім “Лістападзе” трапіў у лік фаварытаў форуму. Як адзначылі крытыкі, “Паданне...” трапна перадало сутнасць беларускага характару, у каштоўнасцях якога — жыццё блізкіх, мужнасць у імя міру. У цэлым, дзве гэтыя стужкі, што трапілі ў пасланне фестывалю ў Хірасіме, аб’ядноўвае Дабрыня, перад якой бяссільныя і стрэльба, і дзіда.

Паразважаць пра пасланне сваёй карціны, і каштоўнасці, важныя для ўсяго свету, мы і папрасілі аўтараў згаданых работ.

/i/content/pi/cult/804/17267/09.jpg— Сцэнарый да сваёй стужкі я пісала сама, — прызнаецца Таццяна Кубліцкая. — Доўга выбудоўвала сюжэт, успамінаючы і класічныя казачныя каноны, і творы Уладзіміра Караткевіча, і беларускія легенды, і шматвекавую гісторыю беларускай зямлі, і гісторыю майго бацькі, які ў 12 гадоў застаўся галоўным у сям’і.

Хлопчык робіць з ваярскага шчыта і цецівы з лука музычны інструмент — гуслі, каб прымірыць гатовых да бітвы воінаў, і вярнуць дадому свайго бацьку. У славянскіх мовах “гуслай” называлі цеціву лука. Зброя ператвараецца ў музычны інструмент, з дапамогай чароўнай мелодыі якога воіны ўспамінаюць сваіх родных і пераадольваюць варожасць адзін да аднаго.

Гэта прытча пра мір і агульначалавечыя каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць.

— Сучасны свет мае вялікую патрэбу ў дабрыні, — падтрымлівае калегу Наталія Хаткевіч-Дарвіна. — Ён задыхаецца ад злосці. І павінна быць такое кіно, пасля якога хочацца стаць лепшым, хочацца жыць. Часам у падобным важным фільме галоўны герой нават можа прайграць, захварэць (у нашым выпадку ўсё закончылася добра), — але гэта толькі сродак, які выкарыстоўвае аўтар, каб “пабудзіць” і натхніць гледача. Я магу тут у якасці прыкладу ўзгадаць вершы Іосіфа Бродскага, фільмы Андрэя Таркоўскага. Дужа важна даць людзям адчуць, што галоўнае — любоў і дапамога адзін адному.

Нагадаем, што стужка “Лагодны воўк” створана па аднайменнаму твору Алены Масла. Наталія Хаткевіч-Дарвіна ўпэўнена, што яскравага і запамінальнага персанажа, які скарыў сэрцы ўжо многіх, зразумеюць і палюбяць і ў Хірасіме.

— Хто такі наш герой? — перапытвае яна. — На месцы нашага ваўка можа быць любы чалавек. Той, хто адрозніваецца, хто пакінуты, хто недзе спатыкнуўся. Ён вось такі дзівак, а пакрыўдзіць іншага не можа. Мне хацелася зрабіць такую стужку, якая закране кожнага і будзе несці святло, — дадае Наталія. — І спадзяюся, што ў гэтай гісторыі будзе працяг.

Застаецца паведаміць, што 18-ты Міжнародны фестываль анімацыйнага кіно ў Хірасіме пройдзе з 20 па 24 жніўня. Пандэмія ўсё ж унесла карэктывы ў яго праграму: кінафорум адбудзецца ў абмежаваным фармаце, але арганізатары абяцаюць зладзіць паказы фільмаў-пераможцаў для гледача ў інтэрнэце.

Цікавая дэталь: сёлета ганаровым прэзідэнтам агляду абраны вядомы расійскі аніматар, уладальнік “Оскара”, Аляксандр Пятроў.

На афіцыйным постары фестывалю гэтага года выяўлены голуб, што нясе на сваёй спіне хлопчыка і дзяўчынку.

P.S. Пакуль рыхтаваўся нумар, прыйшла добрая навіна. У праграме кінафоруму прыме ўдзел яшчэ адна стужка Наталіі Хаткевіч-Дарвінай “Прыгажун і пачвара”. Яна будзе паказана ў праграме “Анімацыя для дзяцей” . Віншуем каманду фільма!

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"