А вось тое, што кульмінацыя Другой сусветнай — Вялікая Айчынная вайна (1941 — 1945), сумненняў няма. І наша перамога ў ёй стала перамогай цывілізацыі над дзікунамі, сіл прагрэсу над варварамі. Сёння з вышыні часу зразумела, што з улікам усіх абставін, якія папярэднічалі даце 22 чэрвеня 1941 года, нацысцкая Германія магла нанесці Савецкаму Саюзу велізарныя страты, але перамагчы нашу дзяржаву ў яе не было ніводнага шанцу.
Вось і пачатак вайны быў для СССР катастрафічным, а вынік— трыумфальным. Былі страчаны Мінск і Кіеў, у аблозе аказаўся Ленінград, да сталіцы Савецкага Саюза немцы падышлі на адлегласць, калі да Крамля па прамой было менш за 30 кіламетраў; а бітва, якая рэальна пераламіла ваенную сітуацыю на нашу карысць завяршылася толькі на пачатку лютага 1943 года на Волзе. Потым — адціснулі ворага за нашу дзяржаўную мяжу, потым — вызвалілі Еўропу і ўзнялі Чырвоны сцяг над Рэйхстагам.
Беларусь першая прыняла ўдар агрэсара, і на нашай зямлі ўпершыню быў запаволены рух вермахта: здарылася тое пад Магілёвам. Канстанцін Сіманаў, які быў сведкам абароны горада, потым згадваў, што менавіта на Буйніцкім полі, дзе гарэлі дзясяткі нямецкіх танкаў, ён абсалютна ясна ўсвядоміў, што мы пераможам і адсвяткуем перамогу ў Берліне.
А ў гэты ж час яшчэ трымала абарону Брэсцкая крэпасць… На той трагічны момант не здацца, не адступіць, цаной свайго жыцця запаволіць рух ворага азначала перамагчы. Леў Талстой у славутым рамане “Вайна і мір” пераканаўча давёў, што перамагае не той, у каго лепш арганізаванае войска, больш сучасная зброя і выгодная баявая дыспазіцыя, а той, каму ёсць за што змагацца, хто менш сябе шкадуе. У гэтым сэнсе мы перамаглі ўжо ў першы дзень Вялікай Айчыннай. Брэст, 22 чэрвеня 1941 год— пачатак нашай Перамогі, якую нам было наканавана адсвяткаваць праз 1418 дзён.
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ