“Без гальштука”, але з бантам

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Партрэт чалавека ў інтэр’еры эпохі
Пышная шавялюра, кашуля ў палоску і бант — ці можна ўявіць, што вядомы майстар манументальнай скульптуры Заір Азгур прытрымліваўся падобнага стылю? А аказваецца, так, — аўтар уражваючых фігур правадыроў сацыялістычнай эпохі, вядомых асоб савецкай беларускай культуры і навукі, герояў вайны, у сваім абліччы выкарыстоўваў модныя коды розных дзесяцігоддзяў мінулага веку. І адзін з іх — доўгі бант, апрануты на кашулю.

/i/content/pi/cult/802/17241/029.JPGУбачыць вядомага скульптара за работай — “без гальштука”, але з бантам — тут ужо звернемся да мастацкай канатацыі гэтага атрыбута адзення — дае магчымасць выстава дакументальнай фатаграфіі “Заір Азгур: ад майстэрні да музея”, што працуе зараз у Мемарыяльным музеі-майстэрні імя славутага мастака. Знешні выгляд майстра за працай, захаваны на фотавыявах, — толькі адзін з культурных пластоў, даступных для счытвання. Выстава ўражвае сутыкам асабістага паслання мастака публіцы, дакументальным сведчаннем і бягучым парадкам часу.

Можаце сабе ўявіць — першая фатаграфія ў экспазіцыі датуецца 1927 годам, калі скульптару было дзевятнаццаць. Заір Ісакавіч, малады, пазіруе побач са сваёй незавершанай работай — “Стралок з лука”. Фатаграфія зроблена ў Ленінградзе невядомым аўтарам, і, звярну ўвагу на момант у гісторыі, — часы НЭПа дажываюць свае апошнія дзянёчкі-месяцы. Магу сказаць, што гэта фота надзвычай сімвалічнае: герой, якога лепіць амбіцыйны скульптар — стралок — нібыта атаясамлівае чалавека з новай эпохай. Ён ці то бог, ці то смяротны — пакуль яшчэ не разабраць.

Але праходзіць пару гадоў — і вось Заір Азгур ужо ў новым іміджы — у касцюме і з паголенай галавой — фатаграфуецца паміж дзвюх вялізных фігур - “Будаўніка” і “Трактарыста”. Па вобразе манументальныя героі — людзі, што ўжо сталі атлантамі. Звыклы нам Азгур, яго скульптура, набліжаецца да пералому ў часе. І ён адбывацца ў 1930-я.

/i/content/pi/cult/802/17241/030.JPGТворца лепіць у жорсткую эпоху бюст Дзяржынскага для Дома урада БССР, статую Арджанікідзе ў майстэрні — і тое ўжо знаёмыя валявыя лідары з дакладна высечанымі рысамі твару. Заўважна, што мастак знайшоў свой стыль, а далей усё залежыць ад заказу і творчай задачы, якую ён сабе ставіць.

Аднойчы патрапіўшы ў Музей-майстэрню Заіра Азгура, расійскі рэжысёр Андрэй Сільвестраў быў уражаны скульптурай нашага земляка. “Мне падаецца, што мэтай мастака было паказаць перамогу чалавечага духа”, — перадаў ён сваё ўражанне ад яго майстра. Узіраючыся ў фотаздымкі, што ўскосна дэманструюць нам мастацкую эвалюцыю Заіра Азгура, гэтыя словы расійскага кінематаграфіста, аўтара “Бірмінгемскага арнаменту”, як нельга дарэчы прыходзяць на розум. Аўтарскае пасланне (у выпадку Азгура — гэта свята чалавечага духа), прафесійнае майстэрства і патрабаванне часу — у трохкутніку гэтых рэчаў, падаецца, і нараджаецца талент мастака. На такія думкі і правакуе, здавался б, усяго толькі прафесійны фотархіў, прадстаўлены на выставе.

Але вернемся да фотавыяў. 1940 — 1950-я. Заір Ісакавіч зноў за працай. Лепіць бюст двойчы Героя Савецкага Саюза, генерал-палкоўніка Батава, працуе над партрэтам маршала Савецкага Саюза Ракасоўскага, — можам канстатаваць, што героі Вялікай Айчыннай становяцца яго мадэлямі. Таксама ў яго майстэрні з’яўляюцца беларускія пісьменнікі — Якуб Колас, Максім Танк, Янка Брыль... Падкрэслю, што ў прамым і пераносным сэнсах. Фатографы, аўтарства якіх, на жаль, невядомае, будуюць кампазіцыю па ўсіх стандартах: у кадры аўтар, яго мадэль і скульптура. Якуб Колас сядзіць у свой знакаміты профіль, які ўвасобіцца праз дваццаць гадоў у славутым мануменце на сталічнай плошчы ў гонар яго імя. А вось зусім малады Максім Танк пазіруе анфас; на пісьменніку — касцюм, белая кашуля з гальштукам. Аднак у мастацкай трактоўцы Азгура лірычнае аблічча Танка набывае рысы мужнага прарока — а непасрэдна скульптура “апранаецца” ў кашулю з вышыванкай.

Што да вобраза самога Азгура, немагчыма не прыкмеціць той самы доўгі бант, пра які мы пісалі вышэй, — бачна, што гэты аксесуар Заір Ісакавіч любіў насіць усё жыццё, не толькі ў маладосці. Таксама на выявах скульптар амаль заўсёды з папіросай. У афіцыйных фота ўсё ж прасочваліся жыццё і дэталі, якія даюць пэўнае ўяўленне пра творчую манеру і трошкі — пра характар майстра.

— Хачу звярнуць увагу, што на фотаздымках зафіксаваны і розныя прасторы, у якіх за сваё доўгае жыццё працаваў скульптар, — адзначае фатограф і сакуратар выставы Уладзімір Парфянок (другі куратар праекта — Алена Пратасевіч). — Гэта — Майстэрня Р.Р. Баха ў Леніградзе, майстэрня ў Маскве, і некалькі ў Мінску — па вуліцах Някрасава і Трактарнай. Вельмі цікава прыкмячаць, як падае сябе майстар, і як яго фіксуюць, уласна, самі фатографы. На жаль, імёны большасці з іх — невядомыя.

Для стварэння партрэта творцы за працай музей задзейнічаў не толькі фотаархіў з уласных фондаў: ён звярнуўся за фотасведчаннямі ў Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў у Дзяржынск, Навуковы архіў Расійскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбург. У прыватнасці, з апошняга на выставе прадстаўлены фотакопіі здымкаў Заіра Азгура ў мінскай майстэрні ў 1980-я, дзе ён пазіруе сярод сваіх, ужо шматлікіх, скульптур.

У цэлым, 1970 — 1980-я гады — гэта ўжо, вядома, час усенароднага прызнання мастака. На фота 1972 года ён зафіксаваны за працай над бюстам Пятра Машэрава. Пётр Міронавіч асабіста пазіруе скульптару. На адным з адбіткаў 1940-х гадоў знойдзены імянны подпіс 1-му сакратару ЦК КПБ, дзе Азгур звяртаецца да Машэрава на “ты”, і падпісваецца “Твой Заір”. Скульптар і вядомы партыйны дзеяч БССР былі землякамі і сябрамі на працягу многіх гадоў.

Яшчэ адзін здымак з дарчым подпісам — ужо ад фатографа І. І. Марозава — мастаку. На фатаграфіі адлюстраваны час, калі Заір Азгур працуе над бюстам Алены Васільеўны Аладавай, чый унёсак у беларускую музейную справу складана пераацаніць. Да слова, па праекце сына Алены Аладавай, архітэктара Вальмена Аладава, і была пабудавана майстэрня, што ў наступным стане музеем знакамітага творцы.

Урэшце, 1990-я. На адбітках ужо канца ХХ стагоддзя можна бачыць знаёмую музейную прастору — стэлажы ў некалькі ўзроўняў і размешчаныя на іх работы майстра. Правадыры і героі Вялікай Айчыннай вайны, выбітныя дзеячы мастацтва, культуры і навукі — усе сабраліся вакол постаці скульптара. Невядомы аўтар фатаграфіі вядзе здымкі Заіра Ісакавіча ў музеі з верхняй кропкі: мастак стаіць, абапёршыся на скульптурны станок, і глядзіць кудысьці ўверх. На творцы — камфортны піджак, каўнер белай кашулі расшпілены — гэта пастава чалавека, які ўжо дасягнуў у жыцці шмат чаго. Народны мастак БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы Заір Ісакавіч Азгур пражыў 87 гадоў, і пакінуў пасля сябе ўнікальную спадчыну. Як бы мы ні ставіліся да мадэляў майстра, — гэта праца вышэйшага прафесійнага ўзроўню. Мастак стварыў партрэт сваёй эпохі.

— Музей стаў вяршыняй яго творчасці, — падсумоўвае Уладзімір Парфянок.

І невялікае завяршэнне. Заір Азгур, відавочна, збіраў свой прафесійны фотаархіў свядома.

— Па таму, як выбудаваны кадры, як надрукаваныя фатаграфіі — бачна, што іх рабілі не выпадковыя людзі, — пацвярджае гэта спадар Уладзімір. — Напэўна, Заір Ісакавіч, як прадстаўнік савецкай культурнай эліты, скульптар, і мог дазволіць сабе парупіцца пра падобныя сведчанні. Падкрэслю, што ў прафесійным архіве майстра, добра захаваным да гэтай пары, — выключна арыгіналы.

Алена Пратасевіч, другі куратар выставы, дзеліцца інфармацыяй пра працяг даследчага праекта.

— Калі ў першай частцы “Заір Азгур: ад майстэрні да музея” аддавалася ўвага прафесійнаму жыццю мастака, то ў наступнай — мы плануем паказаць яго сямейны архіў, — кажа яна.

Па словах даследчыцы, наноў адкрыты матэрыял адлюструе постаць мастака ў цалкам новым свеце.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"