Увесь народ тае пары — ветэраны

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

Напачатку 60-х гадоў мая маці з’ездзіла ў Чэхаславакію ў складзе турыстычнай групы. Самым моцным уражаннем ад тае вандроўкі для яе стала наведванне мемарыялу спаленай нацыстамі вёскі Лідзіце. (Хатынскага мемарыялу ў нас яшчэ не было). Гэта адзінае ў Чэхіі паселішча з такім трагічным лёсам. На той момант маці ўжо мела немалы журналісцкі стаж, паездзіла па беларускай глыбінцы і ведала, што ў нас такіх вёсак сотні. Пра што і сказала чэшскаму экскурсаводу. Ён здзівіўся, было відаць, што не паверыў, папрасіў даць назвы вёсак. Мама назвала некалькі. Дык чаму пра іх не ведаюць у свеце, чаму там няма мемарыялаў накшталт гэтага? — запытаўся суразмоўца. Яна адказала, што калі ў Беларусі разгарнуць мемарыялы паўсюль, дзе гінулі нашы людзі, дык нам не будзе дзе жыта сеяць. Такі вось маштаб трагедыі…

/i/content/pi/cult/797/17138/09.JPGЯк па мне, дык ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — увесь савецкі народ тае пары. Усіх закранула — і тых, хто быў на перадавой, і тых, хто ў тыле, хто ў акопе і хто ля станка. Усе шчыравалі дзеля Перамогі. І ўсё гэта без пафасу. Будзённа.

Я ведаў чалавека, які ў вайну быў занадта малым, каб служыць у войску, дык стаў ён рабочым перасоўнага танкарамонтнага завода. Такія прадпрыемствы суправаджалі танкавыя арміі. Рамантаваць тэхніку даводзілася проста на полі боя пад абстрэлам. Ён шчыра здзівіўся, калі я назваў гэта гераізмам. На ягоную думку, гэта звычайная для тых абставін работа.

/i/content/pi/cult/797/17138/08.JPGЗусім без пафасу распавядалі пра вайну і мой бацька Пётр Савельевіч Васілеўскі, і бацька маёй жонкі Аляксандр Давыдавіч Касэнка. Першы быў шараговым чырвонаармейцам, служыў на Паўночным фронце ў раёне Мурманска. Другі — афіцэр-пагранічнік, які сустрэў вайну на беларускай зямлі, а калі граніца засталася ў тыле наступаючых немцаў, стаў партызанам. Абодва былі параненыя і да скону насілі ў сабе асколкі тае вайны. Абодва пра вайну гаварылі мала, выбіраючы з успамінаў эпізоды хутчэй бытавога, чым баявога зместу. А неяк, памятаю, Аляксандр Давыдавіч сказаў, што не кожны чалавек здольны ўспрыняць усю праўду пра вайну — надта ж гэта брудная і страшная рэч. Дарэчы, пасля вайны ён стаў журналістам, працаваў у “Гродзенскай праўдзе” ў адзін час з Васілём Быкавым. Два ветэраны разумелі адзін аднаго, сябравалі. Аляксандр Давыдавіч быў сведкам першых літаратурных крокаў нашага вялікага пісьменніка, адным з першых ягоных чытачоў.

Тое, як успрымаў вайну мой бацька, якому давялося пабачыць яе з акопа, рознілася ад афіцыйнай карціны Вялікай Айчыннай, якую малявала, і, дарэчы, досыць прафесійна, патрыятычная прапаганда. Але, па ягоных словах, і насамрэч было “За Родину! За Сталина!”, і пехоту, прыціснутую агнём да зямлі, падымалі ў атаку заклікам “Коммунисты, вперёд!”

З вайны не прыйшоў брат маёй маці Віталь, прызваны ў войска ў 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі. Загінуў у Польшчы. Мая бабуля ўсё жыццё хацела з’ездзіць на магілу сына, ды так і не атрымалася. А цяпер ці ёсць ўвогуле тая магіла...

Мая маці, беларуская пісьменніца Галіна Ануфрыеўна Васілеўская, яшчэ дзяўчом перажыла ў Мінску акупацыю. Пасля вайны, калі паступала ў Камсамол, гэты факт ставілі ёй у віну, усур’ёз пыталіся, чаму яна засталася жывой, між тым як савецкіх патрыётаў немцы бязлітасна нішчылі. А маці маёй жонкі Наталля Арсеньеўна стала бежанкай. У эвакуацыі жыццё было не цукар — голадна і холадна, адно што ад ворага адносна далёка.

За свой подзвіг і пакуты асноўная маса ветэранаў — а гэта, бадай, увесь савецкі народ, — не атрымала належнай узнагароды, якая б мела годнае для жыцця матэрыяльнае ўвасабленне. І я не стаў бы кагосьці ў гэтым вінаваціць. Скончылася Другая сусветная вайна, пачалася вайна пад назвай Халодная, якая адцягвала ад мірных спраў велізарныя сродкі на будаўніцтва ракетна-ядзернага шчыта. А ветэраны мусілі быць прыкладам для новага пакалення ў выпадку, не дай Божа, перарастання халоднай вайны ў гарачую.

З маім бацькам, які пасля вайны стаў драматургам і кінарэжысёрам, у меня заўжды былі даволі складаныя стасункі. Відаць, гэта праява завядзёнкі пад назвай “канфлікт пакаленняў”, да таго ж у нас розныя характары, і розная шкала каштоўнасцяў і інтарэсаў. За побытам, за дробнымі канфліктамі я не надта заўважаў насамрэч важнае ў ягонай асобе. У дадзеным выпадку тое, што ён быў салдатам Вялікай вайны і сваёй пралітай крывёй дачыніўся да Вялікай Перамогі. Я адчуў гэта на ягоным пахаванні, калі яго, чалавека ва ўсіх адносінах цывільнага, суправаджаў у апошні шлях ваенны аркестр камендатуры Мінскага гарнізона.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"