Музей капіталістычнага рэалізму

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Парадаксальна, аднак менавіта ў цяперашні час, калі пандэмія не толькі аднавіла ўсе еўрапейскія межы, але і пераўтварыла іх у сапраўдныя “жалезныя заслоны”, у Мінску праходзіць неверагодны па сваіх маштабах замежны культурны праект. Рэтраспектыва “Шляхі нямецкага мастацтва”, якая ставіць за мэту адлюстраваць арт-працэс у Германіі апошняй паловы ХХ стагоддзя, прыбыла да нас на чатырох фурах: яе агульная вага — нешта каля 16 тон! Чатыры сотні твораў 111 мастакоў з падлогі да столі запоўнілі найбуйнешую выставачную залу сталіцы — Палац мастацтва. Дый справа, вядома, не толькі ў аб’ёмах.

/i/content/pi/cult/791/17030/04.JPGБез пейзажаў і ню

Гэты праект дазваляе паразважаць пра шляхі мастацтва, лёс ідэй, а яшчэ пра тое, як варта рэпрэзентаваць свае культурныя кантэксты за мяжой. Што для нас асабліва актуальна: хочацца верыць, прыйдзе той час, калі настолькі ж маштабная панарама айчыннага арту таксама пачне вандраваць па свеце (Мінск — ужо далёка не першы прыпынак “Шляхоў”). Ды і ў беларускіх гарадах паказаць такую рэтраспектыву зусім бы не зашкодзіла.

— Па сутнасці, мы прывезлі ў Мінск перасоўны музей сучаснага нямецкага мастацтва, — канстатаваў дырэктар Інстытута Гётэ ў Беларусі Якаб Рачак.

Варта яшчэ дадаць, што яго ногі растуць з адной канкрэтнай калекцыі. Штутгардскі Інстытут сувязей з замежнымі краінамі даўно і рупліва скупляе творы нямецкага сучаснага мастацтва, і сёння іх у яго фондах ужо каля 23 тысяч. Лішне нават казаць, што прыклад гэты варты пераймання: важныя для гісторыі артэфакты трэба збіраць своечасова, каб потым нашчадкам не даводзілася іх вылоўліваць на замежных аўкцыёнах.

Выстава дае рэдкую для нашага гледача магчымасць убачыць працы такіх зорак, як Ёзэф Бойс, Гюнтэр Юкер, Герхард Рыхтар, Зігмар Польке… Але разам з тым яна прадстаўляе і дзясяткі тых прозвішчаў, якія ў нас не ведае не раўнуючы ніхто. З аднаго боку, убачанае нагадвае ілюстрацыйны матэрыял для падручніка па сучасным мастацтве — толькі ў натуральную велічыню. З другога — гэта ўсё ж куратарскі праект, што само сабой прадугледжвае пэўную суб’ектыўнасць у выбарцы.

Куратары — людзі, без сумневу, шаноўныя. Маціяс Флюге — рэктар Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Дрэздэне. Ягоны цёзка Вінцэн — прафесар гісторыі і тэорыі мастацтва. Іх пасады мы прыгадалі найперш дзеля таго, каб паказаць, наколькі рознае ў нас уяўленне пра “акадэмізм”. Бадай усе экспанаты выставы — гэта ўзоры авангарду або даволі радыкальнага мадэрнізму. У тым, што цягам акрэсленага перыяду ніхто ў Нямеччыне не маляваў пейзажы або, скажам, ню, я нешта сумняюся. Але ж яны апынуліся, як кажуць, не ў трэндзе.

Другое пытанне адбору — нацыянальная прыналежнасць. Нягледзячы на высокую мабільнасць творчых асобаў, для нас яно ўсё яшчэ актуальнае. Для немцаў, здаецца, не вельмі. Яны ахвотна далучаюць да сваіх і культавага Нам Джун Пайка (карэйца па паходжанні, які пражыў у Германіі меней за дзесяць гадоў у сукупнасці), і швейцарца Дзіцера Рота, які ў Германіі толькі нарадзіўся.

Муміі авангарду

/i/content/pi/cult/791/17030/05.JPGАпошні, дарэчы, нагадаў, што рэспектабельная альпійская краіна асацыюецца не толькі з сырам, але і з рухам дада. Сыр ды іншыя прадукты харчавання гэты заснавальнік напрамку Eat Art выкарыстоўваў для стварэння сваіх работ. Ужо неўзабаве іх са скандалам выкідалі на сметніцу: музеефікаваць, калекцыянаваць і, адпаведна, прадаваць такія артэфакты, здавалася, было апрыёры немагчыма. Тым не меней, скульптуру з творагу ў Мінску можна пабачыць — хаця тэрмін прыдатнасці выйшаў ужо гадоў сорак таму. Што яшчэ раз пацвярджае ісціну: прадаць і музеефікаваць пры жаданні можна ўсё!

Назва працы Артура Кёпке гаворыць сама за сябе: “Вы бераце ўдзел, толькі калі вы працягваеце гэты акцыянісцкі твор, гэта прынцып, іначай вы проста назіральнік”. Але публіка не папаўняе яго новымі элементамі, як было задумана аўтарам. Твор проста вісіць на сцяне — як муміфікаваны абрубак арт-працэсу. А з іншай работай таго самага аўтара, дарэчы, не так даўно здарыўся паказальны казус. Нейкая бабулька ўбачыла на выставе ў Нюрнбергу крыжаванку, без задняй думкі запоўніла клетачкі — і ледзь не атрымала рахунак на сто з гакам тысяч еўра за псаванне “шэдэўра”.

Адсюль і відавочнае пытанне: ці адэкватна экспанаваць творы сучаснага мастацтва паводле метадалогіі традыцыйнага музея? Балазе, у большасці выпадкаў іх аўтары акурат з такім музеем найперш і змагаліся. На жаль, альтэрнатыўных спосабаў рэпрэзентацыі ні дадзеная выстава, ні многія іншыя з убачаных мной не прапануюць.

Аднак маркотныя думкі пра непазбежны лёс смелых творчых ідэяў раптам перапыняе па-хуліганску шумны роў радыё. Гэта абудзілася вялізная інсталяцыя Вольфа Фостэля “Піяніна Літва”, якая прысвячаецца ягонаму паплечніку па легендарным руху “Флюксус” Джорджу Мачунасу: згрувашчанне валізак і вазкоў з гіпермаркету, а ў цэнтры — вядома ж, піяніна. Твор зроблены ў 1994 годзе, калі сам рух з бунтоўнай плыні ўжо даўно пераўтварыўся ў рэспектабельную класіку. Але варта наблізіцца — і маўклівая канструкцыя, збудаваная з мастацкіх цытат, раптам ажывае істэрычнымі гукамі. Нібы даводзячы, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, а запал авангарду — невычарпальны.

Прычым тут канапа?

Зрэшты, вельмі многія творы як мае быць уздзейнічаюць самі па сабе, без інтэрактыву. На выставу варта было б прыйсці ўжо хаця б каб убачыць аднаго толькі “Смяшлівага Буду” Нам Джун Пайка, які ўладкаваўся на канапе ля парожняга кораба тэлевізара. Або сапраўдную алегорыю фармалістычнага мастацтва, зацыкленага на самарэферэнцыях: працу Дытэра Кіслінга, дзе злучаныя ў замкнёнае кола камеры і тэлевізары паказваюць самі сябе. І спіс такіх выбітных твораў можна доўжыць і доўжыць.

Блукаць па выставе прыемна ды пазнавальна. Нават у тым выпадку, калі ты мала што ведаеш пра нямецкае сучаснае мастацтва, яна выклікае спажыву для роздуму. Хаця нярэдка даводзіцца спадзявацца выключна на інтуіцыю — а яна не заўсёды спрацоўвае.

Справа ў тым, што невялікія (у большасці выпадкаў) і някідкія творы, бы тая верхавіна айсберга, адсылаюць да грунтоўных мастацкіх пошукаў сваіх аўтараў. Дадамо яшчэ сюды спецыфічны нямецкі кантэкст. Таму без дадатковага тлумачэння многае нашаму чалавеку не зразумець.

Ці не найбольш удалы прыклад такой сэнсавай герметычнасці — праца Райнхарда Мухі “Бібліс”. Знойдзеная на сметніку канапа, якая прапануецца нам для сузірання, здатная выклікаць хіба недаўменне. Бо фішка тут не ў чарговай дэманстрацыі “рэды мэйд”, а ў самой назве — дакладней, яе поўнай неадпаведнасці твору. Бібліс — гэта нямецкае мястэчка, у якім размешчаная АЭС, дзе раз-пораз здараюцца розныя праблемы. Дзякуючы чаму той тапонім часта згадваўся ў СМІ — як да месца, так і не вельмі. Адпаведна, работа — пра спекуляцыі на “гарачай” тэматыцы. Але старонняму гледачу яе іранічнасць без тлумачэння не зразумець. Як таксама і не здагадацца, што абстрактная кампазіцыя Франка Тыля — гэта насамрэч брама турмы ў Вуперталі.

На жаль, эксплікацыі на выставе адсутнічаюць — толькі этыкеткі з імем аўтара, назвай, годам і матэрыялам. Зрэшты, “пагугліўшы”, я праз нейкі час натрапіў на ПДФ грунтоўнага каталога (што асабліва прыемна, на беларускай мове) — і рэкамендую абавязкова яго спампаваць перад наведваннем.

Без супрацьлеглага полюса

А зараз пару словаў пра тое, каго (і чаго) на дадзенай выставе няма — прычым гэтая адсутнасць адразу кідаецца ў вочы. Гутарка, вядома, пра сацыялістычны рэалізм, які чатыры дзесяцігоддзі квітнеў у ГДР. Мастацтва гэтай “версіі” Германіі тут прадстаўленае хіба тымі постацямі, якія рушылі “не ў струмень” з афіцыёзам, або і наогул насуперак. Напрыклад, утапічны камуніст Карлфрыдрых Клаус, чые насычаныя сэнсамі графічныя малюнкі выклікаюць у памяці “кухоннае” філасофстваванне Іллі Кабакова ды іншых маскоўскіх канцэптуалістаў. Ёсць і дакументальная фатаграфія, але таксама зусім “непараднага кшталту” — скажам, партрэты работніц швейнай фабрыкі або арыгінал знакамітага пацалунку Хонекера і Брэжнева.

Але агулам рэй вядзе не сацыялістычны, а капіталістычны рэалізм. Між іншым, такі напрамак быў і сапраўды заманіфеставаны заходненямецкімі авангардыстамі ў 60-я — відаць, жартам, бо да рэалізму ў звыклым для нас разуменні ён ніякага дачынення не мае. Ды і да капіталізму — хіба ўскоснае.

Ці не нашкодзіла такая свядомая аднапалярнасць змястоўнасці выставы? З аднаго боку, не выпадае сумнявацца ў тым, што ў кожнай культурнай з’яве ёсць вартыя ўвагі ўзоры. Пэўна, былі яны і ў нямецкім соцрэалізме. Не кажучы ўжо пра каштоўнасць не мастацкую, а чыста гістарычную — як сведчанне сваёй эпохі. Да ўсяго, такія творы стваралі б у экспазіцыі кантрастнасць і драматычнае напружанне — як супрацьлеглы полюс.

…Зрэшты, права вырашаць — найперш за куратарамі. Іх падыход да структуравання матэрыялу ненавязлівы, але красамоўны. На выставе няма ніякіх выразных падзелаў на школы, плыні, тэндэнцыі і гэтак далей. Ёсць толькі аўтары — і ўсё!

І такі падыход мне падаецца цалкам прымальным.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ