Фармат “Формулы чалавечнасці”

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Нетрывіяльныя гісторыі, эмпатыя і новы канцэптуальны падыход — пры стварэнні новага Інтэрнэт/ТБ-серыяла “Формула чалавечнасці”, прысвечанага людзям на Вайне, Цэнтр сучаснай культуры “Бягучы чарапаха” кіраваўся такім падыходам. Ужо сёння першыя шэсць гісторый з 12-ці гледачы могуць убачыць на сайце кінакампаніі. Прэзентацыя ж серыяла адбылася 4 сакавіка ў хабе Оk16 пры ўдзеле грамадскіх аб’яднанняў — “Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму”, “Узаемаразумення”, выклікаўшы канструктыўнае абмеркаванне праекта публікай.

Рэжысёрам дакументальнага-мастацкага цыкла выступіў Раман Раманаў. Гісторыі рэальных людзей, што перажылі ІІ сусветную вайну і Халакост, аповеды, што перадаваліся і захаваліся ў сем’ях, — з’яўляюцца літаратурным матэрыялам праекта. Выразную іх адаптацыю для гледача робяць беларускія акцёры. Андрэй Саўчанка, Святлана Бень, Станіслаў Пякарскі, Ігар Шагалееў, Павел Харланчук, Іларыя Шашко, Ігар Пятроў, Людміла Сідаркевіч, Алег Коц, Раман Падаляка, Святлана Анікей… — далёка не поўны пералік артыстаў, што распавядаюць невялічкія навелы, у цэнтры якіх мужныя і чалавечныя ўчынкі. У адаптаваных гісторыях ёсць і сцэнарыст — вядомы драматург і аўтар Сяргей Анцалевіч.

— Мы адмыслова абралі для сябе фармат “малых наратываў”, — тлумачыць аўтарскі падыход каманды прадзюсар “Формулы чалавечнасці” Леанід Каліценя. — Менавіта такі падыход, на маю думку, робіць гісторыю набліжанай да кожнага. І што ёсць чалавечнага ў нас, што дапамагае пераадолець тыя абставіны, у якіх немагчыма знаходзіцца — гэта пытанне, на якім нам хацелася сканцэнтраваць увагу.

Рэжысёр серыяла Раман Раманаў адзначыў, што для яго асабіста быў важны фармат “малога экрана”.

— Каб глядач слухаў гэтыя гісторыі нібыта адзін на адзін. І тут вельмі дарэчным мне падаецца прагляд у інтэрнэце, калі памер малога экрана настройвае на камерны лад.

У падачы матэрыялу стваральнікі дакументальнага цыкла выкарыстоўвалі адзін канцэптуальны ход, які, тым не менш, не хочацца раскрываць, каб гледачы не гублялі інтрыгу напярэдадні прагляду.

Аповеды акцёраў аўтары манціруюць з графічнымі малюнкамі — бадай, толькі ў гэтым прыёме стваральнікам серыяла можна пажадаць разнастайнасці — каб кожная гісторыя мела свой графічны стыль. У цэлым, аўтарам удаецца скарыць тэлевізійную стылістыку цікавым матэрыялам і канцэпцыяй, але візуальны бок серыяла можна было б зрабіць больш вынаходлівым.

Падчас прэм’еры ад гледачоў прагучалі розныя меркаванні: і што цыкл мусіць быць падоўжаны — дванаццаць серый, маўляў, толькі пачатак, і што трэба было, магчыма, “разгарнуць” гісторыі — кожная серыя доўжыцца не болей за дзевяць хвілін, а “хочацца болей”, — гучалі, напрыклад, такія водгукі. Але найбольш трапным падалася адна заўвага — што цыкл праз удзел у ім пераважна маладых акцёраў — набліжае ліхалетнае мінулае да новых пакаленняў, якія маюць патрэбу, адпаведна, у новым фармаце знаёмства з гісторыяй. З гэтым пасылам праекта — нельга не пагадзіцца.

Астатнія шэсць серый цыкла Цэнтр сучаснай культуры “Бягучы чарапаха” абяцае выкласці бліжэй да 9 Мая.

Праект “Формула чалавечнасці” быў рэалізаваны ў рамках праграмы “Месца сустрэчы: Дыялог” пры падтрымцы фонду “Памяць, адказнасць, будучыня”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"