Ідэалісты і празорцы

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

26 студзеня — Дзень беларускай навукі
60 відаў ракападобных, 30 відаў малюскаў, 21 від рыб, 149 відаў птушак… Ці ведае шаноўны чытач, што менавіта асобе беларускага вучонага з-пад Маладзечна слыннае возера Байкал абавязана рэпутацыяй аднога з унікальных у свеце? З вялікай разнастайнасцю насельнікаў? Самага глыбокага? Бенедыкт Дыбоўскі з Сенніцы, вучоны з імем, прызнаным у Еўропе, карэнным чынам змяніў у ХІХ стагоддзі стаўленне да найбуйнейшага вадаёма, калі Байкал лічыўся практычна незаселеным. Тое, што лёсы беларускіх вучоных вартыя шматлікіх экранізацый, — у гэтым зноў і зноў пераконвае нас студыя гістарычнага кіно “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, няўрымслівая на пошукі і вяртанне забытых імёнаў у айчынную гісторыю.

/i/content/pi/cult/782/16849/1_2.jpg

Толькі напрыканцы мінулага года кінакампанія прэзентавала ігравую стужку пра савецкага фізіка-ядзершчыка Якава Зяльдовіча, і вось у гэту нядзелю, у Дзень беларускай навукі, нас чакае новая прэм’ера. “Бенедыкт Дыбоўскі. Таямніцы Святога Мора” — дакументальная карціна пра апантанага заолага з беларускіх земляў, чыя самаадданая праца была ўдастоена залатых медалёў Рускага геаграфічнага таварыства за даследаванне Байкала. І пры гэтым, — раскрыем трошкі інтрыгу, галоўныя/i/content/pi/cult/782/16849/1_1.jpg адкрыцці фауны байкальскіх вод Бенедыкт Дыбоўскі зрабіў, будучы ў ссылцы за ўдзел у паўстанні 1863 года.

Аўтары сцэнарыя новай карціны — слынны прадзюсар Уладзімір Бокун і Барыс Герстан, вядомы пісьменнік і сцэнарыст, сёлетні лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбудавалі драматургію твора такім чынам, што ад гісторыі лёсу нашага выбітнага суайчынніка нельга адарвацца. Тут і выпадак з малодшым братам Бенедыкта — Уладзіславам, калені якога ў дзяцінстве беспаспяхова лячылі мясцовыя “эскулапы”: менавіта ў час хваробы блізкага чалавека Бенедыкт захацеў стаць урачом. Тут і згадка пра Імператарскі Дэрпцкі ўніверсітэт, дзе спасцігаў навукі малады вучоны — нягледзячы на заўважныя поспехі юнака, яго адлічылі з прэстыжнай установы за ўдзел у дуэлі. Увогуле, ужо да 30 гадоў наш зямляк займеў ступень, як бы сёння сказалі, доктара медыцыны і хірургіі і (Берлінскі медыцынскі ўніверсітэт), быў адзначаны дзвюмя залатымі медалямі ў вобласці эмбрыялогіі, ды атрымаў пасаду прафесара заалогіі і параўнальнай анатоміі ў Варшаўскай галоўнай школе. Бліскучая кар’ера, ды толькі! Пакуль… пакуль не здарыўся 1863 год — і ўсё пайшло прахам!

/i/content/pi/cult/782/16849/1_6.jpgМалады спадар прафесар, як шчыры патрыёт свайго краю, не ўтрымаўся ад ўдзелу ў Вызваленчым паўстанні 1863 — 1864 гадоў ды ўзяў на сябе абавязкі ні многа ні мала камісара падпольнага ўрада Літвы і Беларусі. Неверагодна! Аднак, як ведае шаноўнае спадарства, паўстанцам не ўдалося дасягнуць сваёй мэты. Вызваленчы рух быў падаўлены, мяцежнікі схоплены, а Бенедыкту Дыбоўскаму пасля арышту і суда немінуча пагражала смяротнае пакаранне. Але тут за таленавітага вучонага ўступіўся навуковы ды грамадскі свет: сам Ота фон Бісмарк хадатайнічаў за пана Дыбоўскага. І ў выніку — смяротнае пакаранне было заменена шматгадовай катаргай. Вось тут у Сібіры, як кажуць, на самым цікавым месцы распачынаецца другое жыццё нашага земляка, што верне яму не толькі волю, але прывядзе да славы — даследчыка возера Байкал ды яго прыбярэжных тэрыторый./i/content/pi/cult/782/16849/1_5.jpg

Як бачыце, фільм пабудаваны такім чынам, што яго хочацца расказваць і пераказваць. Даступная і захапляльная драматургія — вось тое, што з’яўляецца “каньком” стужак “Майстэрні Уладзіміра Бокуна”. У прыватнасці, у гэтым фільме выкарыстоўваюцца дзённікавыя запісы Бенедыкта Дыбоўскага, што вельмі важна, каб зразумець і адчуць светапогляд асветніка. Знаходзіцца месца і для цікавых дэталяў з асяродка вакол галоўнага героя. Рэжысёр Тарас Вашчанка ў якасці візуалізацыі жыццяпісу Дыбоўскага стварае два пастановачных часавых вымярэння: у маёнтку даследчыка ў Львове, калі вучоны ўжо ў сталым узросце (акцёр — Валерый Кашчэеў) распавядае пра свае прыгоды жонцы Алене (Людміла Сідаркевіч). І падчас ссылкі ў Сібіры — тут аўтары выкарыстоўваюць стылістыку “нямога кіно”. Фатаграфічныя ілюстрацыі тагачаснага жыцця Сібіры, яго народаў, маленькіх паселішчаў, цалкам арганічна манціруюцца з пастаноўкай даследчыцкай працы вучонага і яго паплечнікаў. І варта дадаць, што тыя экспедыцыі ссыльных — (а вучоныя, нагадаю, былі ў ссылцы) ладзіліся ў даволі брутальных умовах: Дыбоўскі разам з сябрам Віктарам Гадлеўскім пабудаваў маленькі дом-лабараторыю на палазах, каб перасоўвацца па Байкалу, пакрытаму ільдом. Дасціпныя размовы паміж аднадумцамі, нязмушаная ігра акцёраў пакідаюць прыемнае ўражанне — некаторыя кавалачкі “нямой” часткі, сапраўды, поўныя лірызму і фантазіі. Адзначу тут момант летуценняў аб волі Бенедыкта і Віктара ў іх перасоўнай лабараторыі (акцёры — Аляксандр Камінскі і Ігар Пятроў). Словам, аўтары стужкі робяць усё магчымае і немагчымае, каб карціна глядзелася нясумна ды захапляльна — і /i/content/pi/cult/782/16849/1_4.jpgдасягаюць сваёй мэты. Асаблівае месца надаецца і фатаграфіі — скажам, аўтары робяць акцэнт на сустрэчы Яна Булгака, тады яшчэ маладога фатографа, і панаДыбоўскага ў мінскім атэлье. Плён гэтай сустрэчы — выразны партрэт вучонага, што сёння папаўняе беларускую фатаграфічную спадчыну. Творчы імпэт стваральнікаў праекта і любоў да сваёй гісторыі робяць належнае: гледзячы фільм, нельга не ўзгадаць імклівы і натхнёны час першаадкрывальнікаў, вынаходнікаў і падарожнікаў — ХІХ стагоддзе — а таксама патрыётаў сваёй радзімы — Бенедыкт Дыбоўскі з’яўляўся сапраўдным ідэалістам і асветнікам, што верыў у Справядлівасць і Праўду, у роўнасць усіх людзей. Гэты светапогляд вучонага камандзе фільма ўдалося перадаць праз адлюстраванне яго ўчынкаў і простую мову.

/i/content/pi/cult/782/16849/1_3.jpg

Аднак, аддаючы належнае прафесіяналізму стваральнікаў, адзначу і такі момант. “Майстэрня Уладзіміра Бокуна” ўпэўнена заняла нішу тэлевізійнага гістарычнага кіно — кіно лёгкага і захапляльнага, цікавага, важнага, ды, на жаль, надзвычай абмежаванага ў бюджэце. Можна толькі дзіву давацца, з якімі магчымасцямі аўтары ствараюць свае карціны. У такіх умоўвах няцяжка згубіць імпэт і сілы і пачаць хадзіць па “пратораных дарожках”, выкарыстоўваючы правераныя фарматы тэлевізійных прадуктаў замест пошуку новых. Падобнага “развіцця падзей” вельмі б не хацелася. Бо “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, нягледзячы на праблемы, робіць вялікую справу, не кропкава, а сістэмна распавядаючы нам пра гісторыю нашага краю. Гісторыю, якую хочацца адкрываць.

Фільм “Бенедыкт Дыбоўскі. Таямніцы Святога мора” зроблены пры падтрымцы Міжнароднага фонду “Навука вакол нас” у рамках праекта “100 імёнаў Беларусі”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"