Зрэшты, пра даследванне тут можна казаць хіба з доляй умоўнасці. І таму этнографаў, схільных да строгага навуковага падыходу, фільм можа расчараваць. Яго тут няма. Аўтар не пазначае цітрам, дзе і калі рабіліся здымкі — што, канешне, немалаважна. Не ўключае тлумачальныя каментарыі спецыялістаў. І не праводзіць дэмаркацыйнай мяжы паміж аўтэнтычным абрадам і рэканструкцыяй або пастаноўкай — у стужцы яны почасту суседнічаюць.
Але, уласна, і задачы ставіліся іншыя. Фільм, без сумневаў, дакументальны (што ў наш век куламесы стыляў здараецца не так і часта), аднак прыналежыць ён менавіта да аўтарскай дакументалістыкі. Гэта найперш паэтычнае выказванне, схільнае не да катэгарызацыі і раскладання па дэфінітыўных палічках, а, наадварот, да інтуітыўнага пошуку цэласнасці, універсуму. Менавіта туга па ім абуджае цягу да традыцыйнай культуры ў спакутаваных праз свае ўнутраныя падзелы жыхароў мегаполісу.
Чаго яшчэ няма ў стужцы, дык гэта вульгарнага смакавання “салёненькіх” тэмаў. Затое ёсць густоўныя візуальныя метафары, якія пераўвасабляюць фізіялагічнае ў метафізічнае. Ёсць добры гумар — зразумела, “ніжэй за пояс”, але не пошлы. Ёсць прыгожыя здымкі — і з неба, і пад вадой, дзе ў нас, як вядома, водзяцца русалкі.
Нягледзячы на эратычную тэматыку, камера ў фільме факусуецца найперш на тварах. Вось рабаціністая вясковая дзяўчынка зхітраватым позіркам. Вось маршчыністы сталы мужчына — задуменны і засяроджаны. Вось пасмешлівы патлаты бубнач, які ўдзельнічае ў рэканструкцыі абраду ў музеі народнай архітэктуры і побыту. А праз імгненне — пажылыя кабеты з талентам драматычных актрыс аплакваюць “дзеда” з моркаўкай. І гэты фрывольны абрад з глухой вёскі на Гарадоччыне — ужо не рэканструкцыя. Але неяк арганічна яно ўсё спалучаецца. Ненавязліва сведчачы пра тое, што народная культура яднае самых розных людзей — бо закранае яна вечна актуальныя для кожнага тэмы.
Тут увогуле — што ні твар, то шэдэўр! За тым, як вяскоўцы перажоўваюць хлеб падчас абраду на Юр’я, здаецца, можна з прыемнасцю назіраць бясконца.
У адвольнай плыні вобразаў людзі адвольна перамяжоўваюцца з прыгожымі сваім някідкім хараством прыроднымі краявідамі. Доўгія медытатыўныя планы, ненавязлівае гукавое суправаджэнне… Прырода — гэта яшчэ адзін складнік таго універсуму, які здолелі захаваць унутры сябе героі фільма.
А вось чаго няма ў стужцы, дык гэта выхаду на праблемы — хаця кожны ведае, што самі праблемы ёсць. Але аўтар не ставіць складаных пытанняў, як захаваць вясковую аўтэнтыку ва ўрбанізаваным свеце. Ён проста выяўляе яе ва ўсёй красе — і дзякуючы гэтаму адразу з’яўляецца стымул захоўваць. Кажучы мовай алегорый, традыцыйная культура ў фільме — гэта не лядашчая бабулька, за якой трэба даглядаць праз абавязак, а прывабная маладзіца, на спатканне з якой ногі цябе самі нясуць.
Фінальная песня фільма — наіўна-патрыятычная, трохі пафасная і яўна не фальклорная — спярша ўспрымаецца не надта дарэчнай. Ды, як падаецца, такі дзіўны выбар таксама адпавядае аўтарскай задуме — паказаць трохі іншую, незаўважную для беглага погляду Беларусь. Без неону і пластыку, еўрарамонту і “аграгламуру”.
І задача выкананая паспяхова. Фільм стварае і сапраўды прывабны (бадай эратычны) вобраз нашага краю. Жывы, не пафасны, не “адфоташоплены” — як на рэкламных плакатах. Таму стужку дакладна можна рэкамендаваць тым замежнікам, якім традыцыйная культура цікавая не толькі на ўзроўні першака і дранікаў.
Фота прадастаўлены Юрыем Цімафеевым