Пакручасты шлях кентаўра

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Мастак — тутэйшы, дзённікі — канадскія
Летась у кастрычніку ў галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ладзілася выстава “Паводле старонак канадскіх дзённікаў”, прысвечаная памяці мастака Юрыя Калядзенкі. Беручы да ўвагі, што ягонае імя вядома толькі шчыльнаму колу сяброў і знаёмцаў, што нічым надзвычайным у гісторыі акадэміі, а тым больш у гісторыі беларускага мастацтва Юрый не адзначыўся, такі знак пашаны, на першы погляд, падаецца не надта лагічным. Аднак гісторыя складаецца не толькі з жыццяпісаў асоб першага шэрагу ў той ці іншай галіне. Што ж датычыць Юрыя Калядзенкі, дык фрагменты ягонага жыцця, адлюстраваныя ў ягоных жа малюнках-нататках, гэта цікавы штрых на палатне рэчаіснасці і не надта далёкай даўніны. Да арганізацыі згаданай выставы сярод іншых спрычыніўся вядомы графік, выкладчык акадэміі Уладзімір Лукашык. Ягоны аповед пра сябра лёг у аснову гэтай публікаціі.

Праект, на жаль, не рэалізаваны

Уладзімір ведаў Юрыя яшчэ студэнтам. Абодва вучыліся на кафедры прамысловага мастацтва (так тады называўся дызайн) Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які пазней стаў акадэмія. Лукашык абараніў дыплом у 1976-м, Калядзенка — годам пазней. Калі-нікалі яны сустракаліся ў калідорах вучэбных карпусоў, віталіся, але ніякіх агульных спраў не мелі. Пра Юрыя ведаў, што той любіць маляваць коней і займаецца конным спортам у Ратамцы, дзе пры Мінскім конным заводзе імя Льва Даватара месцілася Рэспубліканская школа верхавой язды.

/i/content/pi/cult/781/16839/13_1.jpg

“Мае аднакурснікі пыталіся, ці бачыў я, як Калядзенка коней малюе. Маўляў, здорава ў яго атрымліваецца. Яшчэ малюе кентаўраў, і нават ведае, якімі мышцамі і як чалавечае цела стыкавалася б з конскім, калі б кентаўры існавалі ў прыродзе. Браў я тыя словы да ведама, і не болей таго. А пазнаёміўся з Юрам бліжэй праз год, як наш інстытут скончыў. Ужо не памятаю, з якой нагоды зайшоў на кафедру і Юру там сустрэў”, — успамінае Уладзімір.

Калядзенка тады папрасіў яго дапамагчы зрабіць дыпломную работу, бо сам не паспявае. Рэч у тым, што Лукашык яшчэ ў студэнцтве цудоўна валодаў тэхнікай аэраграфіі і не аднойчы дапамагаў дыпломнікам “задуць” планшэты. З просьбай задуць прамаляваны на планшэце плакат звярнуўся да “Маэстра-Аэрограф” і Юрый.

“Недзе за тыдзень да абароны я прыйшоў у майстэрню да дыпломнікаў.

Падыходжу да дзвярэй і бачу на іх зробленую з пластыліну “мемарыяльную шыльду” з профілем Калядзенкі і надпісам “Тут живёт и работает Юрий Эрнестович Коляденко”. Сам зляпіў і выяву, і рэльефныя літары. Грукаюся, адчыняю дзверы. Бачу Юрыных аднакурснікаў, занятых сваімі планшэтамі. А сам Юра ў джынсах і куртцы спіць на голай панцырнай сетцы, што стаіць пасярод пакоя. Расштурхалі яго хлопцы, і пачалі мы працаваць. Цэлы тыдзень па вечарах.

Задуў я яму плакат. Прыгожа атрымалася. І яшчэ задуў выяву галавы каня з нейкімі стужкамі, медалямі. У яго праекта быў фірмовы стыль гэтай самай Рэспубліканскай конна-спартыўнай школы. Паколькі ён там займаўся, яму і далі такую тэму. Дарэчы, той праект і сёння глядзіцца сучасным, хіба што шрыфт памяняць. На абарону я не пайшоў, бо вельмі стаміўся — спаць хацелася, і аж галава трышчэла ад шуму кампрэсара. Зноў жа для гэтага трэба было б з працы адпрошвацца…” — распавядае далей спадар Уладзімір.

Пра тую абарону была публікацыя ў “ЛіМе”, асабліва быў адзначаны/i/content/pi/cult/781/16839/13_2.jpgЮравы дыплом. Гэта акалічнасць падштурхнула аўтара дыпломнай работы і ягонага памагатага паспрабаваць праект рэалізаваць. Звярталіся за падтрымкай і да Юрынага трэнера Яраслава Пятровіча Сарнацкага, і да тагачаснай узыходзячай зоркі беларускага і савецкага коннага спорту Віктара Угрумава, да дырэктара школы Яўгена Цярэнцьева, да Анатоля Ганзюка, які ў Дзяржкамспорце курыраваў конны спорт. Размовы былі. Але да справы не дайшло. А шкада, бо ў дапрацаваным праекце была і рэжысура конных шоу, і нават стварэнне адмысловага бара пад назвай “Дзевяць масцей” (асноўных, класічных, конскіх масцей чатыры — гнядая, рыжая, вараная, шэрая, але Юрый налічыў яшчэ пяць найбольш распаўсюджаных).

Вершнік паводле вестэрнаў

З таго часу досыць часта Юрый і Уладзімір сталі ездзіць у Ратамку на пікнікі. Лукашык згадвае, што трэнер Сарнацкі называў Юру каўбоем. Відаць, нагледзеўшыся вестэрнаў, стаў ён, так бы мовіць, “касіць” пад амерыканскага яздака. Нават у электрычцы, на якой Юрый і Уладзімір ездзілі ў Ратамку, выглядаў як каўбой на кані з лейцамі ў руках. “Шлі ў поле, лясок, клалі агонь, — успамінае спадар Уладзімір. — Сядзім з пластмасавымі стаканчыкамі, а тут заводскі табун ходзіць ці маткі з жарабятамі. Калі і гадавікоў пусцяць на траву. Там жа такія прыгожыя пагоркі! Звычайна ў нядзелю ці суботу выпраўляліся. Я ж на рабоце. А ён на работу не спяшаўся ўладкоўвацца, чакаў, калі яго ў армію забяруць”.

Служыць жа яму давялося дэсантнікам у Мар’інай Горцы. На ягонае шчасце паспеў адслужыць да Афганістана. А то мог бы як скульптар Уладзімір Жбанаў трапіць на сапраўдную вайну.

Падчас службы ў войску прагучаў для Юрыя трывожны званочак: выявілася алкагольная залежнасць. Праўда, да “чырвонай лініі” не даходзіла, але гэтая акалічнасць ужо пачала ўплываць на ягоныя стасункі з блізкімі сябрамі.

Пасля войска Юрый уладкаваўся ў тую Ратамку мастаком-афарміцелем каб быць бліжэй да коней. Калі-нікалі браў заказы ў выдавецтвах. Выйшлі ў свет некалькі кніг з ягонымі ілюстрацыямі.

У Ратамцы ён часта на конях ездзіў. На конным заводзе шмат самай рознай працы, а людзей не стае. Дык раніцай, гадзін сем, кожны хто больш-менш умеў ездзіць, ехалі ў поле вярхом. Заробкі Юрыя не адпавядамі патрэбам ягонай сям’і, а было ў яго, дарэчы, дзве дачкі”.

Кентаўра забраў з сабою…

/i/content/pi/cult/781/16839/13_3.jpg“Прыйшоў ён неяк да мяне ў Палац мастацтва. Я там працаваў ужо. У Ратамку мы ездзілі ўсё радзей, дык у мяне на працы сустракаліся. Зайшоў і кажа, я паеду ў Канаду. У яго быў сябра Валодзя Дз’якаў, якога бацька музыкант-“невозвращенец” у свой час перацягнуў за мяжу. А як стала перабудова, як стала магчымым выпускацца, ехаць куды хочаш, гэты Дз’якаў напісаў Юры ліст, а мо патэлефанаваў. Маўляў, едзь… Прыязджай у госці. Толькі, кажа, калі ты прыедзеш у госці, дык назад не паедзеш. Сам Юрка так казаў. Ён унутрана быў ужо настроены рвануць. Ён яшчэ работы свае сфатаграфаваў, каб было што магчымым работадаўцам паказаць, а выяву кентаўра, што захоўвалася ў мяне, з сабой забраў.

На момант ад’езду Юрый з жонкай Таццянай быў разведзены. Дзеці, Даша і Аня, засталіся з маці. А ўладкавалася Таццяна ў Ізраілі. Юрый з былой жонкай і яе новай сям’ёй зносіны падтрымліваў. Як атабарыўся ў Канадзе, стаў ездзіць да іх у Ізраіль. Мог на суткі занурыцца ў пустэльню, адкуль вяртаўся прасветлены і задуменны. З намерам кінуць піць”.

Пытаюся ў спадара Уладзіміра, а што ён рабіў у Канадзе?

“А чаго толькі Юра ў Канадзе ні рабіў. Грамадзянства ён атрымаў, але сталай працы не было. Ведаю з ускосных крыніц, што ягоны прыяцель, які яго туды клікаў, нават не меў грамадзянства. Праз гэта — непрыемнасці, якія нейкім чынам і Юру закранулі.

Паводле слоў ягонай старэйшай дачкі Дашы, ён там займаўся ўсім, што падвернецца. Нават праекты скульптур рабіў, хоць не быў скульптарам. Але ідэі і эскізы ў яго кралі, а потым іншыя людзі мелі за іх грошы і лічыліся аўтарамі”.

Першыя крокі вяртання

Пахавалі Юрыя Калядзенку тут. Прывезлі попел і падзахавалі ў Чыжоўцы ў магілу да маці. Дачка Даша прыязджала ў мінулую восень, пасадзіла на магіле кусты кізільніку. У Батанічным садзе купляла. Гэты кізільнік можа нават у пустэльні расці, што вельмі дарэчна — тут няма каму яго паліваць.

“Юра быў чалавек, — гаворыць далей спадар Уладзімір, — які нікому ніколі не зрабіў подласці. Гэта быў вельмі чысты чалавек. Ён

/i/content/pi/cult/781/16839/13_4.jpg

 трошкі нагадваў нейкае дзіця. І яшчэ быў ён фантастычна адораны рысавальшчык. Юра пры пэўных варунках мог бы стаць можа першым рысавальшчыкам у Беларусі. А маляваў ён, як дыхаў. І гэта маляванне было асноўным зместам і сэнсам ягонага жыцця. Без гэтага ён бы не мог жыць.

Ягоны ўнутраны лад быў абсалютна гарманічны, але надзвычай асаблівы. Юра і паехаў у іншы свет, бо спадзяваўся там ні ад каго не будзе залежыць”.

Юрый зыходна па натуры быў вандроўнікам. Вярнуўшыся з войска, ён паехаў па Поўнач на заробкі на нейкую лесасеку. А на другі год у маралагадоўлі саўгас у горным Алтаі. Рабіў там афармілаўку і скарыстоўваў шчаслівую магчымасць ездзіць па гарах на конях.

На радзіму вярнуўся не толькі ягоны прах, але і работы, зробленыя ў Канадзе. “Летась у лютым патэлефанаваў мне Ігар Герасіменка і кажа: “Ты ведаеш, Юра памёр”. Юра перад смерцю прасіў каб Герасіменка, Тамара Голубева і я былі ягонымі душапрыказчыкамі па творчай частцы: вырашалі, што з гэтым скарбам рабіць. А гэта не адзін дзясятак альбомаў — маляваныя дзённікі. Мы ж нездарма назвалі так выставу “Канадскія дзённікі”. Ён іх так не называў, але фактычна іх па гадах распісваў. Дзе ставіў дату, дзе не ставіў. Ці пісаў: маўляў, не памятаю, якое чысло.

Найлепшым чынам Юравы дзённікі захаваюцца ў нейкім з дзяржаўных архіваў. Сёння іх каштоўнасць падаецца спрэчнай, але калі пройдзе гадоў 20 — 30, яны займеюць пэўную вагу. Хаця б з тае прычыны, што мастак быў надзвычай цікавы. Патэнцыял быў закладзены моцны, але не рэалізаваўся, як мог бы ні там, ні тут. Дакладней, тут, бо там ён нікому не быў патрэбны.

Выстава — гэта першы крок вяртання Юрыя Калядзенкі і ягонага мастацтва на радзіму. Ідэю выставы ў галерэі БДАМ ухваліў рэктар акадэміі Міхаіл Баразна.

На першым этапе, пакуль вызначалася яе канцэпцыя, у справе бралі чынны ўдзел Ігар Герасіменка і Тамара Голубева. Пра прысутнасць на вернісажы Юравага трэнера Яраслава Сарнацкага парупілася Наталля Юранава. Федэрацыя коннага спорту дапамагла з транспартам каб даставіць на імпрэзу спартыўнага каня. Зрабілі свой унёсак у справу адмысловец коннага спорту Уладзімір Вагнер і дызайнер Уладзімір Трафіменка. А ўладальніца каня дала дазвол на тое, каб яе прыгожая жывёла брала ў імпрэзе ўдзел. Экспазіцыю складалі малюнкі коней, якіх так любіў мастак Юрый Калядзенка.

На фота: На вернісажы ў акадэмічным дворыку, Старонкі дзённікаў з выставы.


Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"