Цяпер “Глебаўка” — каледж, а раней была вучэльняй. Да ўтварэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута менавіта гэтая навучальная ўстанова была галоўнай кузняй творчых кадраў для нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Тут вучыліся, тут выкладалі многія з тых, чые імёны сёння на слыху ў прафесійным асяродку і ў коле аматараў мастацтва, і чыя творчасць ужо належыць гісторыі нашай культуры.
На гэтай выставе больш сямідзесяці работ адзінаццаці мастакоў. Паколькі зроблены яны за апошнія дзесяць гадоў, дык экспазіцыю ў пэўнай ступені можна лічыць панарамай маладога мастацтва дадзенага перыяду. Маладога, але ўжо на мяжы з творчай сталасцю.
Аўтары прадстаўляюць розныя творчыя цэхі — жывапіс, графіку, скульптуру, фотамастацтва, дызайн. Калі ведаць, што калісьці вучэльня (яшчэ да надання ёй імя народнага мастака Беларусі Аляксея Глебава) рыхтавала толькі дзве спецыяльнасці — мастакоў-афарміцеляў і выкладчыкаў малявання і чарчэння, бачыш, як парышылася наша культурніцкае поле і павялічылася патрэба ў новых ведах, новых творчых спецыялізацыях.
Выстава працуе да 16 лютага.