Архіўны склон і ўмоўны лад

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

2019-ы ў беларускай фатаграфіі выдаўся годам працоўным. Энтузіясты, што рухаюць і робяць заўважнай гэту практыку і від мастацтва, усімі праўдамі і няпраўдамі працягвалі рабіць сваю справу, “точачы камень” грамадскай абыякавасці да культурных феноменаў. Стары Новы год падаўся добрай нагодай, каб “завершыць гештальт” і нагадаць найбольш гучныя праекты галоўных інстытуцый нашага фатаграфічнага поля.

Нацыянальны гістарычны музей — выстава Савы Сіўко

Пачну з Нацыянальнага гістарычнага музея, які працягнуў у 2019-м справу папулярызацыі архіваў — у прыватнасці, вясковага фатографа/i/content/pi/cult/779/16814/8_1.jpg Савы Сіўко. Нагадаю, пазалетась каманда рупліцаў на чале з загадчыцай аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага Надзеяй Саўчанка здзейсніла пошукавую экспедыцыю ў Любчанскі край. Высілкі даследчыкаў пераўзышлі ўсе чаканні: удалося не толькі выявіць імя майстра, які на працягу 30 гадоў (1920 — 1950-я) фіксаваў на шкляныя пласціны абліччы землякоў Заходняй Беларусі, сабраць сведчанні пра яго, але і адкрыць яшчэ аднога аўтара — Івана Камара. (Апошні, у прыватнасці, на працягу свайго жыцця здымаў і ўласнае атачэнне, ды таксама рабіў надзвычай выразныя аўтапартрэты.) Урэшце, знойдзеныя матэрыялы адмыслоўцы прэзентавалі грамадскасці ў сценах музея: першая выстава па выніках падарожжа — “Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя да дня нараджэння” — прысвячалася, уласна, спадчыне Савы Сіўко, другая частка праекта — “Любчанскі край. Людзі і час” — ужо аб’ядноўвала выказванні сучасных мастакоў і аўтапартрэты вышэйзгаданага Івана Ігнатавіча Камара.

У 2019-м галоўны праект адправіўся на “гастролі”. У чэрвені архіў Савы Сіўко паказалі ў Віцебску, у ліпені ж выстава дабралася да Любчы, дзе была сустрэта з вялікім энтузіязмам. Цікава ў гэтым праекце тое, што музей паспрабаваў прадставіць знойдзены матэрыял не толькі ў выключна традыцыйным — гістарычным ключы, але праспрабаваў асэнсаваць кантэкст і з мастакага боку — сведчаннем таму другая частка, куратарам якой выступіў Альберт Цэхановіч. Добрай задумай стала і рэстаўрацыя адметнага адшуканага артэфакта — маляванага фатаграфічнага экрана, на фоне якога рабіў партрэты землякоў Сава Сіўко. Фатаграфіі сучаснікаў, выкананыя на яго тле ў актуальны момант, рабілі з часам уражальныя рэчы.

НЦСМ — праект пра спорт

/i/content/pi/cult/779/16814/8_2.jpgАкурат падобным “высячэннем” сэнсавай і мастацкай “іскры” з архіўных пластоў адзначыўся летась, як, зрэшты, і ў апошнія гады, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Ключавым праектам з задзейнічаннем такой фатаграфіі стала выстава “Спорт — гэта высокае мастацтва”, прымеркаваная да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Куратары яе, Уладзімір Парфянок і Дзіна Даніловіч, адмыслова занурыліся ў фонды Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску з мэтай пошуку цікавостак. Іх “улоў” атрымаўся ўражальным — 220 адбіткаў савецкай спартыўнай фатаграфіі, што ўбачыла публіка ў сценах установы, пакідалі, будзем шчырымі, моцнае ўражанне. У сувязі з убачаным можна толькі ўявіць, колькі каштоўнага і ўнікальнага матэрыялу знаходзіцца ў нашых установах па ўсёй Беларусі: ад профільнага архіва ў Дзяжынску да, скажам, інстытутаў, прамысловых прадпрыемстваў. Колькі інфармацыі і найцікавейшых адсылак для сучаснага гледача ўтрымліваюць тыя закрытыя ці малавядомыя архіўныя зборы.

Нагадаю яшчэ пра некалькі праектаў установы — “Родны склон”, “Археалогія беларускай фатаграфіі” — апошні, у прыватнасці, факусіруецца на зборы аматарскага, вернакулярнага фота. Адпаведна, на прыкладзе пералічаных выстаў нельга не адзначыць працу адмыслоўцаў, дзякуючы якім адкрываецца моц і глыбіня архіўных выяў, іх актуальны чыннік.

Музей-майстэрня Заіра Азгура — “Аксамітны сезон”

/i/content/pi/cult/779/16814/8_3.jpg2019-ы ўвайшоў у гісторыю пэўнымі кадравымі зменамі — фатограф, вядомы куратар, заснавальнік клуба Blow up Уладзімір Парфянок сышоў з Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Сёння плён дзейнайсці вядомага арт-дзеяча публіка можа бачыць у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура. Разам з Уладзімірам Парфянком у сцены музейнай установы “перабраліся” і пэўныя праекты — у прыватнасці, вышэйзгаданая “Археалогія беларускай фатаграфіі”. Удалым “прызямленнем” ініцыятывы можна назваць выставу паштовак-візітак беларускіх аўтараў, так званых
PF-ак, — “Сярэбранае шчасце”. Адкрыўшыся напрыканцы 2019-га, экспазіцыя здолела прадэманстраваць не толькі знаёмы фармат навагодніх аўтарскіх віншаванняў, але пэўны зрэз часу — PF-кі на выставе датуюцца 1980 — 1990-мі. Тая рэвалюцыя духу, што адбылася ў свядомасці грамадства ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя, выяўляецца ў маленькіх фатаграфічных экзерсісах каскадам эксперыментаў і вольных тэм на мяжы эпатажу. Перадсвяточны фотакадр як прадчуванне ды персанальны аўтарскі жэст.

Ды ўсё ж пэўным знакам актывізацыі фатаграфічнага жыцця ў сценах Музея-майстэрні варта лічыць выставу “Аксамітны сезон” з прыватнай калекцыі фатографа, апалагета аналагавай фатаграфіі Андрэя Антонава. Ананімныя аматарскія здымкі і слайды 1930 — 1980-х гадоў, што калекцыянер збіраў напрацягу некалькі гадоў, склаліся ў надзвычай атмасферную выставу, тэма якой, падаецца, будзе прыцягальнай для гледача заўжды — адпачынак на пляжы. Пышныя паненкі ў какетлівых паставах на марскім узбярэжжы, прыгожыя капелюшы, купальнікі ў палосачку ці ў кветкі, сонца, чароўная млявасць, зафіксаваная непатрабавальнымі, фатографамі — разглядаць гэта тым больш цікава, што здымкі зробленыя на курортах колішняга Савецкага Саюза. Настальгія? Ды не толькі яна. Паўсядзённасць адпачынку, моды, ды нават уяўленне асабістай свабоды — усё, што здолееце разгледзець…

Бюро МФМ — галоўная экспазіцыя Месяца

Месяц фатаграфіі — тая падзея, што чакаецца культурнай супольнасцю з непрыхаванай цікаўнасцю. Чым здзівяць арганізатары? Каго прывязуць? За апошнія ўжо шэсць гадоў Бюро МФМ на чале з Андрэем Лянкевічам стварыла сабе рэпутацыю ў станоўчым сэнсе дзёрзкіх “парушальнікаў спакою”. Летась галоўная выстава Месяца фатаграфіі (куратар — Антаніна Сцебур) сталася, напэўна, тым праектам у/i/content/pi/cult/779/16814/8_5.jpgрамках фестывалю, што абмяркоўваўся найбольш. Пасля маштабнага выказвання ў галерэі “Ў” у 2018-м, ад бягучай версіі чакалі чагосьці не менш эфектнага. Аднак летась у сценах той жа галерэі публіцы была прапанаваная экспазіцыя, што патрабавала трошкі іншага рэжыму ўспрыяцця і задзейнічання. Нармальна? Абслютна! Але тое стала нечаканкай.

Праца з прасторай, адмысловае адмаўленне ад традыцыйнай фотаразвескі, канцэптуальнае скарачэнне — назавём яго так, калі куратар апускае, не “распісвае” некаторыя рэчы, як ужо вядомыя, дае “вытрымку” праекта, — выклікала шчырую цікавасць публікі, ды, з іншага боку, непрыхаванае здзіўленне і нават непаразуменне. На мой погляд, мінімалістычная і вытанчаная выстава, прысвечаная летась тэме “гісторыя”, яе ідэі, выявіла галоўную складанасць успрыняцця падобных праектаў фотасупольнасцю. Лаканічнасць, адсутнасць відавочнага маршруту, шматпластавасць тэмы, зашыфраваная нават у асобныя здымкі, — усё гэта патрабавала ўключанасці, развагаў ды ўсведамлення выявы як пэўнага кшталту тэксту, а не адно вобразу. Гэта не заўжды трапляла ў чаканнні гледачоў.

У той жа час публіка, у пэўным сэнсе, таксама мела рацыю: цікавае і складанае выказванне магло быць прыпаднесена больш разгорнута і абгрунтавана. Гледачу не хапіла літаральна некалькі “звёнаў”, каб звязаць усё ў адзінае цэлае.

Ды тым не менш падобныя выклікі грамадскасці, што “дазваляе” сабе Месяц фатаграфіі, безумоўна, сведчаць пра творчы патэнцыял арт-інстытуцыі і яе адметную мастацкую пазіцыю. Рызыку ў мастацтве дазволіць сабе ўсё ж можа далёка не кожны, і падобны жэст выклікае павагу.

Саюз фатографаў Беларусі — “2х2”

Зрабіць фатаграфію больш заўважнай, бачнай, камерцыйна канкурэнтнай — так бы я акрэсліла за мінулы год дзейнасць Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў на чале з Сяргеем Міхаленкам. Выставы на пляцоўцы Музея гісторыі беларускага кіно — чаго вартая тая ж “Галоўная драпіна” Ігара Саўчанкі; адкрыццё новай галерэі “Лесвіца” сумесна з кампаніяй Strateg Group; папаўненне бібліятэкі Саюза; выстава-продаж Minsk photo days з магчымасцю набыць працы фатографаў (яна, прынамсі, ладзілася ўжо ў трэці раз)… — паступовыя крокі па прасоўванні беларускай фатаграфіі нельга не заўважыць.

/i/content/pi/cult/779/16814/8_4.jpgЛетась у медыяполі таксама прагучала яшчэ адна вартая згадкі ініцыятыва, якую падтрымала арганізацыя. Гаворка пра праект куратаркі і фатографкі Алены Пратасевіч — “2х2”, скіраваны на выяўленне новых імёнаў у фатаграфіі (незалежна ад узросту і досведу працы з фатаграфіяй). У маі ў Музеі гісторыі беларускага кіно адбылася першая выстава ініцыятывы: свае розныя серыі ў адной прасторы спалучылі маладыя аўтаркі Алена Ярашэвіч і Маргарыта Новікава. Калі за этапамі развіцця праекта “Простыя людзі” Алены Ярашэвіч мы маглі назіраць і раней, то дасціпныя фотаперформансы Маргарыты Новікавай, аформленыя ў праект Aqua, сталі сапраўдным адкрыццём. Не выпадкова серыя маладой мастачкі ўвосень стала “цвіком” павільёна галерэі ZHЯTA на выставе “Восеньскі салон” і атрымала дыплом ад міжнароднага журы.

У лістападзе “2х2” выдаў ужо другі “эпізод” — на пляцоўцы Музеі-майстэрні Заіра Азгура: свае дэбютныя серыі паказалі Андрэй Новікаў і Марыя Карнеенка. Старт пакладзены. Невядома, як далей будзе складвацца лёс праекта, але важна, што на пачатковым этапе ён знайшоў сваю падтрымку. У гэтым кантэксце немагчыма не пракаментаваць актыўную пазіцыю Алены Пратасевіч як куратаркі і педагога — у 2019 годзе вынікі сваёй асветніцкай дзейнасці яна ўвасобіла ў заўважныя праекты іншых.

Год прайшоў імгненна, але лёгкім яго не назавеш.

І напрыканцы — невялікі бліц

Адкрыццё года — фотаальбом “Змена” Сяргея Брушко.

Абяцанне года — кніга “Гісторыя беларускай фатаграфіі”, прэзентацыя якой мусіць адбыцца сёлета (куратары Ганна Самарская і Антаніна Сцебур), фотакніга Вольгі Бубіч “Больш, чым я”.

Юбілей года — Віктар Бутра — 75 гадоў.

Новыя імёны — Таццяна Ткачова і Маргарыта Новікава.

Акцыя года — “Дэканструкцыя”- Ігара Саўчанкі: зніштажэнне негатываў работ 1986 — 1996 гадоў.

Асаблівая згадка — выстава Юліі Цімафеевай “Шпацыр у шэрым. Верш” у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Праект года — “Аляксандр Родчанка. Фатаграфія з “ВХУТЕМАС” у Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

Страта года — Аляксандр Угляніца.

На фота: З калекцыі Савы Сіўко, З праекта “Спорт — гэта вялікае мастацтва”, “Аксамітны сезон”, З праекта Yo Soy Fidel Месяца фатаграфіі, Aqua Рыты Новікавай.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"