У чаканні снегу

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Мінскія туманы — не горшыя за лонданскія, нават, кажуць, больш якасныя і ўстойлівыя. Але ад гэтага нацыянальнага гонару штосьці не дадаецца. У снежні хранічна не стае завей. Мы, снегазалежныя, чакаем напярэдадні святаў лёгкага марозчыку ды ўрачыстага снегападу. Метэапрагнозы — самыя супярэчлівыя. Таму настрой імкнемся ўзняць ад добрых навін. А на іх, балазе, у пошце “К” дэфіцыту няма. Увогуле, пазітыўныя лісты чытаць — карысна для маральнага здароўя. Палечымся.

Самы, лічу, пазітыўны ліст са здаровым нацыянальным адценнем прыйшоў ад метадыста-маркетолага Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Алены Аліфяровіч. Яна піша: “Другі год падчас зімовых святаў у раёне дзейнічае рэзідэнцыя Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі. Сядзіба беларускага міфалагічнага ўладара халадоў размешчана на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага летніка “Бераставіцкі”. Ролі казачных персанажаў выконваюць бібліятэкары”. “Інтэграцыйны” Дзед Мароз нервова перажывае канкурэнцыю. Так, не адзін дзясятак гадоў павінен прайсці, каб мы прызвычаіліся да свайго, спадчыннага. Але ж з чагосьці варта пачынаць…

/i/content/pi/cult/777/16785/10_5.jpg

Спадарыня Завея ў бераставіцкіх школьнікаў

Працягнем навагоднюю тэму, дзе рэй вядзе пакуль Дзед Мароз. Бібліятэкар Алекшыцкай (усё той жа Бераставіцкі раён!) сельскай бібліятэкі Зоя Хлебнікава распавядае пра рэспубліканскую акцыю “Нашы дзеці”, у рамках якой прайшло адкрытае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Клёпа”. Праграма “Добры дзень, зімушка-зіма!” прэзентавала ёлку з рэтра-ўпрыгожаннямі. Пад катэгорыю “рэтра” трапляе, атрымліваецца, і Дзед Мароз. Хто ж ведаў за савецкім часам пра нашага фальклорнага Зюзю?!

/i/content/pi/cult/777/16785/10_3.jpg

Госці “Клёпы” ў Алекшыцах

Шчучынская дзіцячая бібліятэка запрасіла чытачоў на святочны калейдаскоп “Навагоднія агні запрашаюць у казку”. Гаворка ішла пра навагоднія традыцыі розных краін”, — распавяла бібліятэкар установы Тэрэза Івашка. Поруч з Дзедам Марозам згадваўся і Санта Клаус.

Вядучы метадыст па рабоце ў галіне традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч напісала пра “цудоўнае і таямнічае святкаванне Божага Нараджэння”. Аўтар падрабязна спыняецца на кулінарных традыцыях каляднага свята і нагадвае, што чатыры гады таму традыцыйная рэгіянальная кухня аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Наталля Рамановіч паведаміла і пра тое, што клубы і бібліятэкі раёна прыступілі да рэалізацыі праекта “Сход калядоўшчыкаў”. Запланаваны шэраг акцый: фальклорныя вандроўкі, запіс ад носьбітаў калядных песень, рэканструкцыя абраду “Калядаванне”. У пятніцу ўсе калядоўшчыкі сабраліся ў аграгарадку Абухава на семінар-практыкум, які адбудзецца ў адноўленай “Сялянскай хаце” — музейным пакоі мясцовага цэнтра культуры. Падыход грунтоўны, а таму — ухвальны.

На 4 студзеня новага года Цэнтр спадчыны Гродна анансуе “Калядныя святы”. У праграме: конкурсы, пачастункі, кірмаш сувеніраў, канцэртныя нумары.

/i/content/pi/cult/777/16785/10_4.jpg

 

 

“Залатая мара” збірае сяброў

У цяпер інфармацыя, так бы мовіць, досыць дзелавая. Марына Петрашкевіч з дзіцячай бібліятэкі № 8 Мінска распавядае, як і заўжды, пра крэатыў сваёй установы. А справа ў тым, што яна даўно і плённа стасункуецца з “бібліятэкай-цёзкай” з расійскай Пярмі. “Днямі, — піша Марына, — прайшла онлайн-сустрэча з чытачамі. Гэта прадстаўнікі трох класаў сярэдняй школы № 60 Пярмі. Цягам трох гадоў яны знаёміліся з беларускай мовай, нашымі традыцыямі, і вось — чарговае мерапрыемства. Мы падчас сустрэчы абмяняліся навагоднімі падарункамі — кнігамі, якія загадзя адправілі па пошце. А Пермская бібліятэка паказала спектакль паводле беларускіх казак. Цяпер у бібліятэках працуюць выставы дзіцячых творчых работ”. Вось гэта — інтэграцыя!

/i/content/pi/cult/777/16785/10_2.jpg

 

 

У Пярмі ў пашане нашы казкі

Навіны з Дзяржынскага ГДК чытаю з асаблівым задавальненнем, бо на ўласныя вочы і далёка не адзін раз пераканаўся ў тым, што ўстанова мае гонар і непаўторнае артыстычнае аблічча. Шаноўная Таццяна Шылак піша, што народнаму клубу інтэлектуальных гульняў споўнілася 30 гадоў. У горадзе нават чэмпіянат па гэтых самых гульнях ладзіцца.

Шэраг паведамленняў краязнаўчага зместу. Шчучынская райбібліятэка арганізавала сустрэчу з пісьменнікам Рычардам Бялячыцам. Акцыя, як сцвярджае бібліятэкар Ірына Гудач, адбылася пад рубрыкай “Родны край — крыніца натхнення”.

Метадыст Пастаўскага ЦКіНТ Людміла Сатовіч паведамляе, што падчас акцыі “Ведай свой край. Народная культура” прайшлі заняткі ў “Школе актыўнага грамадзяніна”. Займаюцца ў ёй старшакласнікі. Вывучаюць мясцовую традыцыю роспісу па тканіне, асвойваюць калядную гульню “Яшчур”.

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзяць літаратурна-музычныя зазімкі “Людзі зямлі Гродзенскай”. На гэты раз у бібліятэку прыйшлі сябры мясцовай літаратурнай суполкі “Суквецце”. Пра гэта распавяла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дар’я Марцінкевіч.

Працягвае тэму Андрэй Струнчанка. Выстава-конкурс фатаграфій “Мая Радзіма” працуе ў Мазалаўскім сельскім Доме культуры. Аўтары работ — замежныя студэнты віцебскіх ВНУ, сябры клуба “Згода”. У экспазіцыі — 60 фатаграфій, якія распавядаюць пра Кітай і Ліван. Да слова, днямі Мазалава наведалі турысты з кітайскага горада Ухань. Для гасцей была падрыхтавана культурная праграма.

/i/content/pi/cult/777/16785/10_1.jpg

Мазалава: канцэрт з удзелам кітайскіх турыстаў

Харэаграфічнай студыі “Сунічкі” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці споўнілася тры гады. Канцэртную праграму вяла харэограф і рэжысёр-пастаноўшчык танцавальных нумароў “Сунічак” Людміла Хрысценка.

Самыя дэфіцытныя навіны, па маім меркаванні, тыя, што распавядаюць аб прафесійным навучанні. Сёння ёсць такая. Бібліятэчны маркетолаг з Кобрынскай цэнтральнай райбібліятэкі Наталля Ефціфеева распавядае пра абласную школу дырэктараў бібліятэчных сістэм Брэсцкай вобласці, якая прайшла на базе Кобрынскай ЦБС. Да калег далучыліся прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея. Вось гэта я разумею, дух карпаратыўнай еднасці! Гаворка ішла пра рэдкія кнігі, базы даных, віртуальныя магчымасці бібліятэк. Удзельнікі вучобы наведалі шэраг сельскіх устаноў.

Не прамаўчаў сёння і палац мастацтваў Бабруйска. Загадчыца аддзела мастацкай творчасці Наталля Кулікова паведаміла пра супрацоўніцтва з цэнтральнай дзіцячай бібліятэкай імя Аркадзя Гайдара. У бібліятэцы штомесяц ладзяцца майстар-класы па самых розных кірунках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Школьнікі знаёміліся з ткацтвам, валяннем, лозапляценнем… 16 снежня прайшоў майстар-клас разьбы. Майстар Сяргей Сіліч паказаў як працаваць з дрэвам.

Інфармацыя далёка не шараговай тэматыкі. Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Давідовіч напісала: “Пазнаваўчая праграма “Тату і пірсінг — гэта мастацтва ці…”. Па ступені актуальнасці і сацыяльнай значнасці я гэтай навіне прысудзіў бы сёння першае месца. “Гаворка ішла пра сучасную маладзёжную моду, пра яе плюсы і мінусы,— распавядае аўтарка, — пра медыцынскую небяспеку пры няякасным нанясенні татуіроўкі. Натуральна, удзел у праграме бралі ўрачы.”

Міжнародны фестываль-конкурс мастацтваў “Залатая мара” прайшоў у Магілёўскім абласным метадычным цэнтры. Вядучы рэдактар установы Крысціна Башарымава паведаміла, што цягам трох дзён на двух пляцоўках выступілі звыш 1500 удзельнікаў з Украіны, Беларусі і Расіі. У абласным метадцэнтры прайшоў таксама канцэрт творчасці людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Аматарскія аб’яднанні Зэльвеншчыны бралі ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе “Свет захапленняў”.

Слонімская райбібліятэка імя Якуба Коласа арганізавала сустрэчу з паэтам, музыкантам, публіцыстам, філосафам Алегам Бембелем (манахам Іаанам).

Калі б не гэтая інфармацыя, Гомельшчына паставіла б рэкорд зацяжнога маўчання. Лоеўскі музей бітвы за Днепр сітуацыю выратаваў. Музейшчыкі паведамілі, што з 15 снежня працуе выстава з архіўных фондаў музея “Іларыён Ігнаценка. 100 гадоў у гісторыі”. Іларыён Мяфодзьевіч — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ураджэнец Лоеўшчыны.

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся ў Новым годзе!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"