Калі камень пераўтвараецца ў друз, а “Глобус” у “Градус”

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

За свой не такі ўжо і малады век сям-там я паспеў пабываць: і ў Беларусі, і не толькі. А вось у райцэнтр Чэрвень, які раней быў Ігуменам, прызнацца, трапляць не даводзілася. Хаця, здавалася б, ён месціцца ці не ў двух кроках ад сталіцы. Але… Па працы наведаць гэты гарадок у мяне неяк не склалася: калісьці, гадоў дзесяць таму, нават быў намерыўся прыехаць у камандзіроўку, але тагачасны начальнік аддзела культуры патлумачыў, што каб да іх патрапіць, трэба ледзь не асобную візу афармляць. Я спалохаўся і не паехаў. А самахоць, у вольны ад працы час… Нешта, па шчырасці, нават і думкі не з’яўлялася ў мяне ў той Чэрвень выбрацца. І не з’явіцца. Асабліва пасля тых навінаў, якімі нядаўна “парадаваў” Чэрвень нашу медыяпрастору.

Навіны дзве, і з’явіліся яны ў Сеціве неяк амаль сінхронна. Выпадковасць? Добра, не будзем тут скарыстоўваць барадатыя мемы.

Першая — пра тое, што мясцовыя ўлады пастанавілі знесці адзін з апошніх у гарадку гістарычных будынкаў (па іроніі лёсу, там месціцца акурат тамтэйшы музей) і пабудаваць замест яго новы, яшчэ лепшы. Фармальна яны заканадаўства не парушаюць: тая камяніца не ўнесеная ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і, адпаведна, ахоўнага статусу не мае.

Таму замест ляманту і прэтэнзій, я б толькі цішком у тых самых мясцовых уладаў пацікавіўся: а чаму не ўнесеная — калі, мяркуючы па вонкавых прыкметах, яна цалкам магла б туды патрапіць? Няўжо лішні помнік спадчыны не патрэбны? І хто яго туды ўносіць павінен? Пушкін? Дык ён ужо і так пра вас падбаў, напісаўшы “Дуброўскага”.

Адсюль і чарговае пытанне: чаму шыкоўная сядзіба ў Раванічах дасюль яшчэ спакваля гібее? Пра яе ментальную сувязь з Пушкіным куды лепей за мяне ведае “Гугль”, таму гістарычную даведку тут можна апусціць.

Добра, зараз другая навіна — пра тое, як у Чэрвені зачынілі апошнюю кнігарню, якая мела гучную назву “Глобус”. Прычым, адзначым, не проста ўзялі і зачынілі, а зрабілі гэта з густам, крэатыўненька. Памянялі ў слове тры літаркі — і рэбрэндынг адразу даў плён. Замест “Глобуса”, на тых самых плошчах з’явіўся іншы гандлёвы аб’ект — “Градус”. Пра асартымент нават і казаць залішне. Падазраю, і выручка паболела.

Магчыма, тут нехта скажа: што паробіш, такое жыццё, і яно вызначае тэндэнцыі… Так, логіка тут жалезная! Навошта ўвогуле супраціўляцца закону сусветнай энтрапіі, згодна з якім ляжачы камень сам па сабе пераўтвараецца ў друз? І чаму тады дзяржава імкнецца скіраваць гэтыя тэндэнцыі ў нейкім іншым напрамку?

Вось, напрыклад, у невялічкім Іванава (а Янава па сваіх памерах нават меншае за той Ігумен) кнігарня не так даўно наадварот адкрылася. Што праўда, з нагоды Дня пісьменства — але ж дзень той даўно прайшоў. Не ведаю, ці рэнтабельная яна сёння. Але амаль перакананы: градус у Янаве пакрысе зніжаецца. Можа, пакуль незаўважна, але… Мы ж не матылькі-аднадзёнкі.

І вось што яшчэ мяне ўразіла… У абодвух выпадках навіны з Чэрвеня суправаджаюцца каментарыямі нейкіх… як бы тут мягчэй сказаць… не самых высокіх паводле рангу чыноўнікаў. І ў абодвух выпадках яны прыводзяць адныя і тыя самыя аргументы. Дакладней, адзін аргумент: фінансавая мэтазгоднасць.

Але давайце прызнаемся: ці заўсёды мы ў жыцці кіруемся такой матывацыяй? Ці набудзем мы свайму дзіцёнку жуйку за тры капейкі замест прапісаных яму лекарам дарагіх вітамінаў? Ці станем шкадаваць пра страчаны працоўны дзень, калі трэба правесці ў апошні шлях блізкага чалавека?

З асабістай мараллю і нармальнай чалавечай логікай у людзей, якія вырашаюць важныя для грамадства пытанні, здаецца, усё пакуль не так дрэнна. Прынамсі, паводле маіх уласных назіранняў. А вось калі справа даходзіць да справаў, уласна, грамадскіх…

Ну і ў кожным разе — не павінны такія пытанні аддавацца на водкуп толькі местачковым чыноўнікам, ад гандлю прынамсі. Гэта, прабачце, усё ж, ідэалогія. У самым праўдзівым і дзяржаўным сэнсе слова.