Святы ці будні?
Але ж пачну менавіта са святочных імпрэз. Так, супрацоўнікі сферы культуры Лідскага раёна сваё прафесійнае свята адзначылі ні дзе-небудзь, а ў сценах старажытнага Лідскага замка. І гэта цалкам зразумела, бо менавіта старадаўнія муры гэтай сівой ад даўніны крэпасці з’яўляюцца сёння сапраўднай візітоўкай матэрыяльна-культурнай спадчыны не толькі раёна ці Гродзенскай вобласці, але і ўсёй Беларусі.
Тэатралізаванае адкрыццё імпрэзы ў Лідзе запомнілася ўсім гасцям: запрошаныя культработнікі ўбачылі саміх сябе з боку, бо на сцэне быў паказаны працоўны працэс і штодзённая праца любога работніка культуры — сцэнарыі, святы, рэпетыцыі, выступленні... Пасля ўручаліся ганаровыя граматы і былі прынятыя ў творчую сям’ю работнікаў культуры Лідчыны маладыя спецыялісты.
Пра ўрачыстасці з нагоды свайго прафесійнага свята напісалі і супрацоўнікі сферы культуры Ашмянскага раёна. На сцэне Ашмянскага РЦК, як піша нам Кацярына Рудзік, было зладжана тэатралізаванае прадстаўленне, а ў зале прысутнічалі кіраўнікі і работнікі ўстаноў культуры, ветэраны і маладыя спецыялісты. Віншаванні чаргаваліся з канцэртнымі нумарамі і ўзнагароджаннем лепшых работнікаў сферы, а таксама кіраўнікоў творчых калектываў Ашмяншчыны.
А ў Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэцы-цэнтры турызму і краязнаўства, што ў Гродзенскім раёне, да Дня работнікаў культуры была зладжана традыцыйная бібліяноч. Сёлета яна называлася “Восеньская вечарына ў Сапоцкіне” і была багатая на гульні, конкурсы, чытанні вершаў удзельнікамі аматарскага аб’яднання “Натхненне” ды многае іншае.
Праект за праектам
Яшчэ 5 кастрычніка Навагрудак, адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, адсвяткаваў 975-годдзе з часу першай летапіснай згадкі. Натуральна, не засталіся ў баку ад свята і мясцовыя бібліятэкары. Так, супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі зладзілі літаратурную пляцоўку “Вялікі рэспект малой радзіме”. На ёй можна было пагартаць мастацкія творы, дзеянне якіх адбываецца на Навагрудчыне, а таксама навукова-папулярныя і гістарычныя кнігі пра Навагрудак, паглядзець карціны навагрудскіх краявідаў, скласці пазл-рэканструкцыю “Навагрудскі замак” па аднайменнай карціне Віктара Сташчанюка, паўдзельнічаць у гісторыка-літаратурнай экспедыцыі “Навагрудчане на карце свету”.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Як пішуць супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук і Святлана Чубрык, на пляцоўцы можна было пазнаёміцца з аўтарам гістарычных раманаў Юрыем Татарынавым, пабываць у фотазоне “Застылая гісторыя”, дзе кожны ахвотны мог прымерыць на сябе вобраз Князя ці Князёўны. А бібліякафэ “Гістарычная кніга” прапаноўвала сваім наведвальнікам духмяную гарбату з пачастункамі і цікавыя літаратурныя крыніцы пра горад. Так што бібліятэчныя цікавосткі і крэатыўныя знаходкі мясцовых бібліятэкараў прыйшліся даспадобы не толькі маленькім наведвальнікам, але і іхнім бацькам.
Цікавая навіна прыйшла з Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Аказваецца, з 1 кастрычніка ў Мастах і польскім горадзе Астраленке пачалася рэалізацыя маштабнага праекта “Стварэнне цэнтраў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і адукацыі ў Астраленке і Мастах”. Фінансавыя сродкі на стварэнне двух сучасных адукацыйных высокатэхналагічных мультыцэнтраў у гарадах-пабрацімах выдаткаваны Еўрапейскім Саюзам па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў рамках Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна 2014 — 2020”.
Як піша нам метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун, за час рэалізацыі праекта, — а ён будзе цягнуцца два гады, — на базе раённай “кніжніцы” будзе створаны мультыцэнтр, у якім друкаваныя выданні і інтэрактыўныя адукацыйныя праграмы дапоўняць адно аднаго.
— Мультыцэнтр будзе даступны дзецям, моладзі, дарослым і нават пенсіянерам, — піша аўтарка ліста. — Ён дазволіць удасканальваць свае веды і развіваць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. У бібліятэцы ў выніку размесцяцца дзевяць лабараторый: для заняткаў мастацтвам, музыкай, замежнымі мовамі, навукай, тэхнікай і робататэхнікай, па вывучэнні навакольнага асяроддзя, а таксама лабараторыі Лега, эксперыментаў ды дзіцячая лабараторыя.
Такім чынам, з дапамогай камп’ютараў і найноўшага праграмнага забеспячэння наведвальнікі змогуць сабраць робата ці надрукаваць мадэль на 3D-прынтары, самастойна напісаць музыку ці сыграць на інтэрактыўных музычных інструментах, а таксама зрабіць яшчэ дзясяткі цікавых спраў…
Што ж, пачакаем завяршэння праекта і абавязкова пабываем у Мастах, каб пабачыць усе пералічаныя цікавосткі, як кажуць, на свае вочы. А яшчэ абавязкова папросім мясцовых бібліятэкараў падзяліцца сваім крэатыўным вопытам з калегамі. Бо, натуральна, хацелася б, каб падобныя мультыцэнтры паўставалі не як адзінкавыя прыклады, а сталіся завядзёнкай у многіх раённых цэнтрах Беларусі.