Маленькая рэвізія вялікай кампаніяй

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Андрэй НОВІК нарадзіўся ў Дзень памежніка, прычым 28 мая ён адсвяткаваў сваё 30-годдзе! Відаць, лёсам яму і было наканавана з нейкага ўзросту жыць у “памежным стане”, — існуючы ў жыцці звычайным і акцёрскім, бо наш сённяшні “віп-персанаж” служыць у сталічным Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, грае ў пастаноўках “Альфа-тэатра” і здымаецца ў кіно. А надведаць установы культуры яго роднага Століна мы пусціліся ўпяцёх — разам з намі ў падарожжа скіравалася жонка Андрэя Дар’я (артыстка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і тэатра Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла”) ды іхнія котка з сабакам…

/i/content/pi/cult/760/16441/pages-10-11-copy-SSS.jpgАд Ясеніна да Філатава

Перад паездкай Андрэй выказаў жаданне “праінспектаваць” бібліятэку Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і гарадскі Дом культуры. Чаму менавіта іх, вы даведаецеся ніжэй. А пакуль я хачу прадставіць чарговага героя цыкла матэрыялаў “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком” тым, хто не бачыў з яго ўдзелам спектаклі “А калі заўтра няма?”, “Партрэт”, “ПрофіТролі”, або тэлесерыялы “Адваротны бок Месяца. Другі сезон”, “Фарца”, “Мухтар. Новы след”. Ну а знаёмым не толькі з творчасцю спадара Новіка, думаю, будзе не лішнім нагадаць старонкі біяграфіі акцёра.

Яго мама шмат гадоў загадвала бібліятэкай ДПТВ № 164 (пазней — ліцэй), вяла ў ім культурна-масавую работу і выкладала этыку і эстэтыку. Тата выступаў у народнай агітбрыгадзе “Веснікі”, танцавальным калектыве, і да гэтага часу ў пару калядных і навагодніх святаў ён самы вядомы ў Століне Дзед Мароз! Увогуле, не выйсці на сцэну хлапчук не мог. І ў пяць гадоў дэбютаваў у актавай зале вучылішча, прачытаўшы ясенінскі... “Ліст маці”!

— Так-так! — смяецца мой суразмоўца, мы з Дар’яй таксама. — “Ты жива еще, моя старушка? Жив и я. Привет тебе, привет!” Не памятаю, чаму гэты твор быў абраны. Захавалася відэа майго выступу — я там пухлявы і вельмі-вельмі сур’ёзны.

Хоць вучыўся Андрэй у школе з музычным ухілам, іншых намераў заняцца якім-небудзь мастацтвам сур’ёзна ён не рабіў. А пасля дзявятага класа задумаўся — кім жа яму варта паспрабаваць стаць у гэтым жыцці: электрыкам, юрыстам альбо... святаром? Апошняе дыктавалася тым, што бабуля будучага акцёра была чалавекам рэлігійным. І калі дзіця / падлетак жыў у яе ў вёсцы Лука, часцяком брала яго з сабой у царкву на службы. Іх атмасфера адпаведны водгук у душы Новіка і спарадзіла. У Століне ён нават хадзіў у нядзельную школку, удзельнічаў у прадстаўленнях на біблейскія сюжэты, і неяк сыграў самога цара Ірада.

Тым не менш, ён паступіў у аграрна-эканамічны каледж. Ва ўстанове было некалькі гурткоў, Андрэй запісаўся на разьбу па дрэве, але пару разоў параніўшы руку, перайшоў у тэатральны. Пасля прэм’еры першай у сваім жыцці пастаноўкі, не спаўшы ўсю ноч і прыйшоўшы ў каледж, юнак звярнуўся да кіраўніцы аб’яднання: “Давайце якую заўгодна ролю, я ўсё сыграю!” І да заканчэння вучобы ён і граў. Праўда, зноў-такі занадта сур’ёзна — з прыцэлам на акцёрскую прафесію — да гэтага захаплення не ставіўся, а планаваў паступіць у Ваенную акадэмію. Але прафадбор туды не прайшоў. А сышоў у войска, дзе да мастацтва дакрануўся толькі аднойчы — сыграў Дзеда Мароза!

Адслужыўшы тэрміновую, Новік зноў паступіў у навучальную ўстанову — у Столінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. І вось тады ў Андрэя паступова пачало прабівацца на свет яго сапраўднае “я”. Неяк ён апынуўся адным з валанцёраў, закліканых дапамагаць у працы выставы твораў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Скончыўся кірмаш канцэртам, на ім студэнт прачытаў кранальны верш пра маці, чым вельмі ўразіў публіку. Да яго звярнуўся чалавек і прапанаваў індывідуальныя заняткі ў народным тэатры пры Доме культуры. Незнаёмцам быў Валянцін Іўковіч, якога Андрэй Новік лічыць сваім хросным бацькам у мастацтве. Урокі хутка далі вынік, і артыст-пачатковец стаў раз’язджаць з сольнымі нумарамі па краіне, перамагаючы на розных конкурсах. Паралельна дапамагаў маці арганізоўваць культурны вольны час ліцэя, спяваў у яго народным хоры. І настолькі ўцягнуўся ў творчы працэс, што прапанаваў паставіць спектакль па паэтычнай п’есе Леаніда Філатава “Пра Фядота-стральца, заліхвацкага малайца”. Імпрэза ўдалася — яе, дарэчы, паказвалі і за межамі горада. Андрэй жа заняўся складальніцтвам вершаў у духу твора Леаніда Аляксеевіча, некаторыя з іх публікаваліся ў газеце “Навіны Палесся” (упершыню ж рыфмаваць Новік пачаў у войску). Увогуле, колькасць стала пераходзіць у якасць, і аднойчы ён пачуў ад Валянціна Аляксандравіча: “Паступай на акцёра”. “На яго ж вучыцца трэба?..” — здзівіўся падапечны... І ў 2010-м годзе быў залічаны ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць “Акцёр драматычнага тэатра і кіно” курса Зоі Белахвосцік. А ўжо на трэцім курсе Андрэй выйшаў на прафесійную сцэну: яго запрасіў у адну са сваіх пастановак мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Чаго няма, таго няма

Кнігі пра малайца Фядота ў бібліятэцы ліцэя, напэўна, няма, аднак, нягледзячы на тое, што яе асноўны фонд, натуральна, складаюць спецыялізаваныя выданні, мастацкую літаратуру тут таксама можна знайсці.

— У бібліятэцы я праводзіў шмат часу, яшчэ будучы школьнікам, — успамінае спадар Новік. — Перш за ўсё таму, што ў ёй працавала мая мама. Падлеткам разглядаў усялякія часопісы з прыгожымі ілюстрацыямі, а браў чытаць, як правіла, гісторыка-прыгодніцкае. Ды я ў адносінах да кнігі наогул з гадамі стаў жудасным эгаістам: лічу, што яна павінна належыць не ўсім, а мне аднаму. Таму ў бібліятэкі цяпер не хаджу: калі мне нешта трэба, я купляю.

Пра будучыню “публічак” у Андрэя меркаванне пэўнае — як распаўсюднік інфармацыі праз паперу яны, на яго думку, будуць карыстацца попытам усё менш. Інтэрнэт, гаджэты выцясняюць такі кантэнт. Аднак, мяркуе ён, зусім бібліятэкі не знікнуць. Да пераўтварэння іх у культурна-адукацыйныя цэнтры акцёр ставіцца станоўча: “Усё ж “жывыя” зносіны ніякая сетка не заменіць, а бібліятэка — гэта выдатная пляцоўка, дзе можна пагартаць кнігу, папіць кавы, пагаварыць з кімсьці па смартфоне і наўпрост”.

— На жаль, але наш фонд амаль не абнаўляецца, — канстатуе Ала Кушнер, якая кіруе бібліятэкай ліцэя чацвёрты год, а да таго яна амаль сорак гадоў (!) аддала Цэнтральнай бібліятэцы горада. — Не напаўняецца ні спецыяльнай літаратурай, ні мастацкай. Ды і за той, і за іншай прыходзяць да дзесяці чалавек у дзень. Прозу і паэзію студэнтаў, хутчэй за ўсё, не змаглі навучыць любіць у школе — не ўпэўнена, што ва ўсіх у іх у дамах знаходзяцца багатыя сямейныя бібліятэкі. Прафесійныя выданні, як яны кажуць, ім не патрэбныя, бо абыходзяцца ведамі, атрыманымі на занятках. І, ведаючы пра тое, што сёння пераважную колькасць чытачоў “цэнтралкі” складаюць людзі пенсійнага ўзросту, маладое пакаленне — патэнцыйных спажыўцоў бібліятэкі, на маю думку, страчана.

Будзь у ліцэйскай сучасная аўдыя- і відэатэхніка, можна было б з яе дапамогай ладзіць акцыі, накіраваныя на папулярызацыю бібліятэчнай справы, папяровай літаратуры, разважае Ала Пятроўна. А там, глядзіш, моладзь і пацягнулася б за кнігамі. Аднак... “Вунь, — ківае спадарыня Кушнер, — у нас не камп’ютар, а пішучая машынка — такі ён старажытны. Прынтара няма, інтэрнэту няма”.

А пра рамонт памяшкання, гледзячы на плямы на сценах, я ў бібліятэкара цікавіцца не стаў. І ў дырэктара ліцэя, Рыгора Казубоўскага, таксама, але затое мы трошкі пагутарылі з ім на прадмет правядзення Андрэем Новікам ва ўстанове творчых сустрэч або майстар-класаў. “Такія мерапрыемствы былі б, вядома, цікавыя, — сказаў Рыгор Антонавіч. — Нават пры тым, што творчых аб’яднанняў зараз, на жаль, у нас няма”.

Дзе ўзяць мастацкага кіраўніка?

У лютым у Століне гастраляваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, паказаўшы некалькі спектакляў і ў гарадскім Доме культуры. Прымалі мінчукоў настолькі добра, што, не выключана, у нейкі бліжэйшы час тэатр прадставіць у горадзе яшчэ шэраг пастановак. Але не ўсім у дзейнасці ГДК задаволеная яго дырэктар Кацярына Сакалова.

— Турбуе недахоп кадраў, — кажа яна. — З паўгода шукаем мастацкага кіраўніка. Старэюць і пакідаюць нас, ці вось-вось ужо сыдуць “аксакалы”, што стварае вядучыя калектывы Дома культуры. А маладыя спецыялісты надоўга не затрымліваюцца, знаходзяць больш высокааплатныя месцы і з’язджаюць. Існуюць праблемы і з жыллём для іх — і па гэтай прычыне яны таксама не застаюцца.

А ў ГДК ёсць дзе прымяніць атрыманыя імі веды. Каля дваццаці творчых аб’яднанняў функцыянуюць тут — вакальных, харэаграфічных, інструментальных, тэатральных. Вялікая іх частка — для дарослых.

— Мы б маглі прыняць у сябе яшчэ і гурткі іншай накіраванасці — напрыклад, па ганчарстве, саломапляценню, бо майстроў у раёне хапае, — дзеліцца Кацярына Канстанцінаўна, — але “лішнімі” памяшканнямі Дом культуры не валодае.

Неацэнную дапамогу ў яго працы, завастрае маю ўвагу дырэктар, аказвае аддзел культуры Столінскага райвыканкама. Усе раённыя святы не абыходзяцца без выступаў артыстаў установы, а такія калектывы, як народны хор “Крыніца”, ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”, народны ансамбль танца “Рэха” з’яўляюцца візітоўкамі не проста вобласці, але і Беларусі ў цэлым. Калі не паўсвету, то, можа, крыху перабольшваючы, паў-Еўропы яны з канцэртамі аб’ехалі, дэманструючы за мяжой нацыянальнае мастацтва нашай краіны. Адпаведна, з апаратурай, касцюмамі ўсё ў ГДК шчасна. (Праўда, часам працякае дах будынка, аднак і да яго рамонту неўзабаве справа дойдзе.) Самы ж гучны праект, які праводзіцца Домам культуры, — конкурс сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”. Набірае хаду і фестываль абрадавых песень “Зімачка-зіма”.

Зарабляе ГДК, у асноўным, канцэртамі і мерапрыемствамі — выязнымі ў тым ліку. Два яго фарміраванні платныя. Калісьці плошчы ўстановы аддаваліся пад гандлёвыя кірмашы, але па шэрагу абставінаў ад іх прыйшлося адмовіцца.

“Чаго я дасягнуў да сваіх трыццаці гадоў? — і, развітваючыся са мной, пасля паўзы Андрэй Новік працягвае. — Быццам бы, у мастацтве я не так шмат часу. Аднак роляў у тэатральных пастаноўках і кіно сыграна ўжо нямала, і па-ранейшаму на мяне разлічваюць, запрашаюць. Побач — любімая жонка, сабака з коткай. Дзякуй Богу, здаровыя бацькі. Дах над галавой ёсць, машына. У чатырох з лішнім гадзінах ад Мінска — родны Столін, з культурай якога мы з вамі паспрабавалі “разабрацца”. Тое, што нам распавяла Ала Пятроўна, — гісторыя, вядома, сумная. Але, нягледзячы на нюансы, радасна за Дом культуры — ён і пры мне выдатна працаваў. Памятаючы пра тое, як зімой гараджане прымалі наш тэатр, справа да мастацтва ім ёсць. Зразумела, яно для іх не на першым месцы. Аднак той, хто кажа, што людзям з так званай перыферыі сёння наогул не да культуры, моцна памыляецца. Я ведаю, для каго працую — і для сталічнай публікі, і для жыхароў невялікіх гарадоў і вёсак. І тыя, і іншыя з аднолькавым хваляваннем чакаюць судотыку з мастацтвам. Гэта мяне і грэе”.

Мінск — Столін — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"