Імкнуцца да Будслава сэрцы

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Вось ужо 400 гадоў на пачатку ліпеня ў Будславе адбываецца традыцыйны фэст у гонар цудатворнага абраза Божай Маці. Пешшу, на роварах, па чыгунцы і на ўласных аўтамабілях імкнуцца сюды пілігрымы з усіх куточкаў Беларусі. Але сёлета свята праходзіць ужо ў новым статусе. 28 лістапада 2018 года Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO аб’явіў аб уключэнні фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Падзея, вартая таго, каб асэнсоўваць яе зноў і зноў. Чаму такога статусу ўдастоілася рэлігійная цырымонія і якое дачыненне гэта мае да культуры? Каб адказаць на гэтае пытанне, нам варта больш падрабязна ўсвядоміць мэты і задачы Канвенцыі UNESCO 2003 года “Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны”, да якой Беларусь Указам Прэзідэнта нашай краіны далучылася ўжо ў снежні 2004 года — у ліку першых дзяржаў.

/i/content/pi/cult/752/16299/page-14-15-copy-S.jpg

Расійскі філосаф Мікалай Бярдзяеў бачыў у культуры духоўны пачатак, адлюстраванне Сусветнага Духу, якое можа мець і цялеснае, і ідэальнае ўвасабленне. Ён сцвярджаў, што культура развіваецца з культа. Мікалай Рэрых, які адзін з першых абгрунтаваў неабходнасць стварэння адзінай сістэмы аховы культурных каштоўнасцяў, у свой час нават расклаў лексему “культура” на часткі: “культ” — шанаванне Божага пачатку і “ур” — святло, агонь.

Цікава, што першапачаткова слова “культура” звязвалі з апрацоўкай зямлі. Гэты працэс трэба разумець як творчае ўздзеянне чалавечага духу на прыродныя стыхіі, супрацоўніцтва чалавека з прыродай. Адыход ад такога разумнага супрацоўніцтва прыводзіць да заняпаду культуры і самога цывілізаванага жыцця. Гэты тэзіс сёння гучыць вельмі сучасна.

У сучасным разуменні культура — гэта спосаб чалавечай жыццядзейнасці па пераўтварэнні прыроды, грамадства і самога чалавека, што ўвасоблена ў прадуктах матэрыяльнай і духоўнай творчасці. Яна прызнаная ўнутры пэўных сацыяльных сістэм і служыць для іх духоўнай асновай, перадаючыся з пакалення ў пакаленне.

Менавіта такое разуменне культуры і пакладзена ў аснову Канвенцыі 2003 года, якая заклікае народы свету да больш глыбокага ўсведамлення важнасці нематэрыльнай культурнай спадчыны і яе аховы, фарміравання павагі да захавальнікаў гэтай спадчыны на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Па ўсіх крытэрыях UNESCO святкаванне ў гонар Будслаўскага абраза аказалася вартым яго ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс. На працягу чатырох стагоддзяў ікона шануецца людзьмі ўсіх узростаў, прафесій і нават веравызнанняў. Да ўсяго, яна з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю як твор XVI стагоддзя невядомага аўтара з Італіі, а храм у стылі Віленскага барока быў пабудаваны менавіта для захавання гэтай святыні. Для гэтай жа мэты ў касцёле каля 1643 года з’явіўся ўнікальны драўляны алтар з 20 скульптурамі.

Што характэрна, ініцыявалі далучэнне Будслаўскага фэсту да сусветнай спадчыны UNESCO самі жыхары Будслава. Яны сабралі подпісы з такой просьбай і звярнуліся да пробашча Чырвонага касцёла Уладзіслава Завальнюка, каб ён даў на гэта сваё блаславенне. Ксёндз-магістр на той час ужо зрабіў нямала для папулярызацыі Будслаўскай святыні. Не толькі прысвяціў ёй некалькі выданняў, але і арганізаваў у 2007 годзе пяцідзённую водную экспедыцыю, якая пераадолела шлях у 308 кіламетраў з Вільні ў гэтыя мясціны — па слядах манахаў-бернардынцаў.

У 1504 годзе яны атрымалі ў падарунак ад вялікага князя Аляксандра шэсць тысяч моргаў пушчы з правам высечкі лесу. Манахі прыплылі сюды водным шляхам і збудавалі сабе часовае жытло. Такія мясціны ў лесе называлі тады Буда. Пазней месца атрымала назву Слаўная Буда, а затым стала называцца Будслаў і насялялася ўжо сталымі жыхарамі. І вось, 2 ліпеня 1588 года (народнае паданне захавала дакладную дату) адзін з манахаў раптоўна ўбачыў на дрэве яркае ззянне, якое аказалася выявай Божай Маці. Для захавання цудадзейнай выявы пабудавалі капліцу, да якой сталі прыходзіць людзі, і яна садзейнічала пазбаўленню ад хвароб і калецтва. Дарэчы, такім жа яркім ззяннем прамянілася і выява Божай Маці на грушы, а затым і на камені ў бліз Слоніма — там на месцы яе з’яўлення быў збудаваны Жыровіцкі манастыр.

У 1588 годзе менскі ваявода Ян Пац здзейсніў паломніцтва ў Ватыкан і атрымаў ад папы Рымскага Клімента VIII у падарунак абраз невядомага аўтара і ўсё жыццё захоўваў яго ў сваім палацы. А пасля яго смерці абраз перайшоў да Ісака Салакая, які перавёз яго да сябе ў Даўгінава. Калі ў 1613 годзе ён прыехаў на багаслужэнне ў Будслаўскі драўляны касцёл, манахі горача прасілі яго падараваць абраз у гэты храм.

У 1643 годзе пад кіраўніцтвам полацкага дойліда Андрэя Кромера быў збудаваны новы каменны храм. Але неўзабаве ён стаў усяго толькі бакавой капліцай велічнай базілікі, збудаванай у 1767 годзе. Што і нядзіўна: пагалоска пра тыя мясціны шырылася.

Пра цуды, звязаныя з гэтым абразом, ужо ў 1650 годзе паведаміў свету пробашч касцёла Элеўцерый Зеляевіч, які ў сваёй кнізе “Задыяк на зямлі” змясціў больш за 40 выпадкаў, апісаных прыхаджанамі.

Зрэшты, ужо тое, што абраз Божай Маці Будслаўскай ацалеў праз стагоддзі, само па сабе з’яўляецца цудам. Вось адзін з прыкладаў. У 1941 годзе фашысты хацелі ўзарваць касцёл. Прыхаджане ўсю ноч маліліся перад цудатворным абразом, а раніцай акупанты пакінулі Будслаў і не кранулі храм.

На працягу стагоддзяў жыхары Будслава зберагалі сваю святыню і гасцінна сустракалі паломнікаў. Іх вера, адданасць і бескарыслівасць сталі прыкладам для іншых. Тысячы пілігрымаў, якія маюць патрэбу ў Божай ласцы, знаходзяць яе ў Будслаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Хочацца верыць, сусветнае прызнанне гэтай традыцыі паспрыяе таму, што людзі паклапоцяцца і пра стан прыроды гэтых мясцін, і пра культурнае ды эканамічнае развіццё Будслава, які варты самай пільнай увагі і клопату.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ,

грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ

/i/content/pi/cult/752/16299/page-14-15-copy-2-S.jpg