“Балетнае лета” з нялётным настроем

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Завяршылася “Балетнае лета ў Вялікім”. Ёсць магчымасць ацаніць не кожны з сямі вечароў паасобку, а ўвесь фестываль, што прайшоў у шосты раз, цалкам. І тое, куды ён рухаецца. Тым больш, што сёлета ў ім намеціліся некаторыя новыя напрамкі.

/i/content/pi/cult/752/16293/pages-8-9-copy-3-S.jpg

“Нашы”, сучаснасць, канцэпцыя

Па-першае, гэты форум пакінуў катэгорыю так званых “летніх” фестываляў — не па тэрмінах свайго правядзення, а па сваім прызначэнні. Уласна “летнія” фестывалі звычайна больш забаўляльныя, разлічаныя найперш на прыемны адпачынак публікі. Мы ж убачылі пераважна філасофскія, папраўдзе канцэптуальныя працы — у тым ліку, зробленыя з тонкім гумарам. І гэта не можа не радаваць.

Па-другое, быў узяты разлік не проста на прывазныя спектаклі, а на паказ прац “былых нашых”. І гэта таксама вельмі карысны ход — для публікі, Вялікага тэатра, для ўсёй нацыянальнай культуры. Кансалідацыя беларускіх дзеячаў балета, увага да іх творчых здабыткаў, знаёмства з іх замежным вопытам і далейшае яго выкарыстанне — вельмі плённыя крокі на шляху далейшага развіцця нацыянальнага мастацтва.

Па-трэцяе, сёлета акцэнт відавочна перамясціўся з балетнай класікі на сучасную харэаграфію ў яе самых розных выяўленнях, што дало магчымасць зрабіць пэўны зрэз яе сённяшняга стану і параўнаць яго з нашымі нядаўнімі пастаноўкамі. Дык што ж мы ўбачылі?

Цэнтрам фестывалю, прычым зместавым і мастацкім, засталіся два вечары з трыма спектаклямі Раду Паклітару і яго “Кіеў Мадэрн-балета” (№ 26 “К”). Да ўсяго, гэта быў прыклад таго, што мы маглі б мець — не ў сэнсе пастановак (хочацца спадзявацца, што гэты былы наш, а цяпер сусветна вядомы балетмайстар яшчэ ўвасобіць у нас не адну сваю пастаноўку), а ў сэнсе аўтарскага тэатра. Колькі б ні пераконвалі, што аўтарскі тэатр — гэта, маўляў, шлях у нікуды, шматлікі і разнастайны замежны вопыт пераконвае ў супрацьлеглым. Наш у многім “аўтарскі тэатр” Валянціна Елізар’ева быў у свой час разбураны, зараз робяцца захады па яго аднаўленні — дакладней, спробы па аднаў-
ленні хаця б часткі назапашанага. А між тым, мы маглі б на сёння мець адразу два розныя “аўтарскія” тэатры на чале з сусветна вядомымі харэографамі. Ёсць над чым задумацца?

Без палёту

Фестываль у чарговы раз абвострыў пытанне творчай індывідуальнасці, вымусіўшы дакладна падзяляць яе на балетмайстарскую і выканальніцкую. Асабліва гэта кідалася ў вочы ў першы фестывальны вечар, дзе паказваліся тры аднаактоўкі, з’яднаныя ў праект Dance. Dance. Dance, мастацкім кіраўніком якога выступіў былы наш, а цяпер заслужаны артыст Расіі Ігар Колб. Мы ўбачылі папраўдзе выдатных танцоўшчыкаў — з цудоўнымі целамі, добрай прафесійнай падрыхтоўкай, выразнасцю рухаў. Парадаваліся за яшчэ аднаго “былога нашага” — Аляксея Турко. Вельмі кранула гнуткая, вытанчана грацыёзная, папраўдзе змеепадобная паводле пластыкі Ніна Зміевец — салістка Тэатра Барыса Эйфмана. Што ж тычыцца ўласна харэаграфіі, дык яна пакідала жадаць лепшага.

У “Перапыненым палёце” на музыку “Рамэа і Джульеты” Пятра Чайкоўскага замест выразнай пластыкі вока натыкалася на чырвоную крамлёўскую зорку, якая надта плакатна дэманстравала “ўціск ідэалогіі” (харэаграфія і сцэнаграфія — Аляксея Бусько). Але гэтай думкі на ўвесь спектакль, хай і аднаактовы, было відавочна замала. Дый выказана яна была, нягледзячы на прысутнасць у дзеі “супрацоўніка з органаў”, зусім не адметнымі пластычнымі сродкамі.

Другі расійскі танцоўшчык, а з нядаўняга часу харэограф Эміль Фаскі прапанаваў аднаактоўку “Ліфт” — па сюжэце амаль мыльную меладраму пра тое, як сустрэліся дзве адзіноты. Не, я не супраць гісторыі пра тое, як зачыненыя ў замкнёнай прасторы незнаёмцы спачатку пасварыліся, а потым памірыліся-закахаліся. У такіх прадказальных дзеях заў-
сёды цікава сачыць менавіта за тонкімі псіхалагічнымі зменамі, шукаць тую паваротную кропку, якая і запускае няўлоўныя флюіды прыязнасці. Але — нам проста пераказалі сюжэт, вымусіўшы здзівіцца “несупадзенням” з абранай музыкай і крыху пазабаўлялі “мульцяшнай” відэаграфікай на задніку.

Найбольш удалай кампазіцыяй, складзенай з мініяцюр, аказалася No name, чамусьці перакладзеная як “З чыстага ліста”. Па меншай меры, там была цудоўная ідэя — узаемадзеянне паміж жывой пластыкай артыста на сцэне і апрацаванай відэавыявай на экране. Іх спалучэнне нагадвала гэткую гетэрафонію, калі адначасова гучаць два розныя варыянты адной мелодыі. Ідэя папраўдзе выдатная! Сыходзячы з перакладзенай назвы, яна магла б прывесці да ўсё большай розніцы паміж летуценнямі на экране і сцэнічнай рэчаіснасцю. Але цэнтрам увагі зноў аказалася натрэніраванае, здольнае да смелых харэаграфічных фантазій цела, а не ўласна палёт тых фантазій.

Возера мёртвае і жывое

Класічнае “Лебядзінае возера” даўно стала тым балетам, дзе ўся ўвага — на цэнтральную партыю Адэты / Адыліі. Фестывальны спектакль з запрошанымі маскоўскімі салістамі зламаў завядзёнку: можна было сачыць за чым заўгодна, уключаючы столю. Бо на сцэне не было ні кахання, ні тонкіх псіхалагічных дэталяў ва ўзаемаадносінах Зігфрыда з Адэтай, ні далейшай асляпляльнасці Адыліі. Не было нават “школьнай” стараннасці наблізіцца да чысціні рухаў. “Возера” стала мёртвым, сумным, правінцыйным. Калі што і стрымала суцэльныя натоўпы публікі, гатовай збегчы ў другім антракце, дык гэта рэальная навальніца на вуліцы. Вось дзе былі жарсці, дынаміка, запал — усё тое, чаго так не хапала на сцэне. І калі потым гінуў Ротбард, гэта ўспрымалася самым трагічным фіналам, які толькі можна ўявіць: наш Эвен Капітэн у гэтай партыі быў сапраўдным “промнем святла” ў мёртвым царстве. А гледзячы на ягоную вытанчаную інтэлігентнасць, зусім не верылася ў яго злое чараўніцтва. Дык, можа, нам хацелі прапанаваць новае прачытанне? Маўляў, мёртвы прывід у выглядзе Адэты-Адыліі ўводзіць у зман навакольных мужчын. Дарэчы, такая ідэя ўжо распрацоўвалася Раду Паклітару, толькі гераіня, пры ўсёй парадыйнасці той мініяцюры, была вельмі дзейнай.

Затое на спектаклі быў час нанова асэнсаваць здабыткі Беларускага балета. Узгадаць, да прыкладу, Інэсу Душкевіч, якая ў фестывальныя дні адзначала свой юбілей, не толькі Джульетай (фестывальны паказ “Рамэа і Джульеты” Валянціна Елізар’ева прымеркавалі да свята вялікай артысткі), але і кранальна пяшчотнай Адэтай, гарэзлівай Адыліяй. І нават паспрабаваць “прымерыць” цяперашнюю “Анастасію” Юрыя Траяна, таксама ўключаную ў фестывальную афішу.

Пасля папраўдзе жывога елізар’еўскага спектакля, завяршаўся форум традыцыйным гала-канцэртам, які, на жаль, не пазбегнуў уздзеяння згаданай “мёртвай вады”. Суцэльнай чарадой ішлі ніякаватыя замежныя Адажыа — без адметнай новай пластыкі, без думак і эмоцый. Дзве назвы мініяцюр здаліся прарочымі: “Сеці” і асабліва “Сёння — гэта заўтрашняе ўчора”. Бо тое, што выдавалася за сучаснасць, часам аказвалася перажаванай учарашняй гумкай, з сеціва якой не так проста вызваліцца.

Для відовішчнасці не хапала працы мастака. Ва ўсіх класічных нумарах спускаліся аднолькавыя жырандолі. Яшчэ адным надакучлівым лейтматывам стала насычанае сіняе падсвятленне задніка. А Гран-па з “Дон Кіхота” чамусьці перамясцілася ў інтэр’ер каралеўскага палаца з вялізнай лесвіцай.

Затое можна было парадавацца за вытанчана грацыёзную Алену Шкатула, феерычнага Дзяніса Клімука. Адкрыццём стала Людміла Уланцава, якая ўсе няёмкія рухі ў фрагменце з “Анастасіі” змагла прыпаднесці, як натуральныя ў сваёй прыгажосці выявы жаноцкасці і кахання.

Зразумела, вылучаўся “Клерк” у пастаноўцы Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко і выкананні артыстычнага Такатошы Мачыямы. Гэты папраўдзе бяспройгрышны нумар ужо неаднаразова не толькі ўпрыгожваў, але і выратоўваў падобныя імпрэзы. Праз яго на цяперашнім фестывалі раптам акрэслілася суцэльная разгалінаваная школа ў шырокім сэнсе гэтага слова: Елізар’еў — Паклітару — Кузняцоў і Дзятко. Апошнія афіцыйна не вучыліся ні ў аднаго, ні ў другога, але танцавалі ў спектаклях абодвух харэографаў і прымалі непасрэдны ўдзел у самім пастановачным працэсе Паклітару, пераняўшы ад яго ўменне выразна маляваць пластыкай эмоцыі, характары, сюжэтную канву.

Праўда, для паўнаты разумення елізар’еўскай школы не хапала прац Сяргея Мікеля. Але ў яго наперадзе — пастаноўка ў Вялікім тэатры “Пер Гюнта”. Ідуць размовы пра запрашэнне Раду Паклітару паставіць штосьці для нашай трупы.

Як бы тое ні было, у панядзелак 86-ты сезон опернага тэатра завяршаецца. У верасні адкрыецца 87-мы — прэм’ерай “Князя Ігара” Аляксандра Барадзіна ў версіі Галіны Галкоўскай. Да сустрэчы?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"