Ваня ЗДАНЮК: “Буду ламаць стэрэатыпы”

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Хутка пра Ваню ЗДАНЮКА будуць казаць на ўсіх тэлеканалах — час “Славянскага базару ў Віцебску” блізіцца. Менавіта Ваня (а не Іван) сёлета прадставіць Беларусь на XXVIII Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2019”. Конкурсы для яго справа даволі звыклая — іх было нямала, хаця артыст яшчэ зусім малады і вучыцца на трэцім курсе БДУКіМ. Але ж спевам і выступленням на сцэне ён прысвяціў амаль усё жыццё! І вось узятая новая вяршыня — у канкурэнтнай барацьбе здабытае права выступаць на конкурсе ў Віцебску і 13 — 14 ліпеня змагацца за Гран-пры. У дзень “Славянскага хіта” Ваня Зданюк у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі выканае новую песню аўтарства Uzari, а ў дзень “Сусветнага хіта” прагучыць песня групы Imagine Dragons. Жадаем нашаму маладому артысту ўдачы!

/i/content/pi/cult/748/16221/WP0A8359-copy.jpg

— Вы дасведчаны “конкурсны баец”, але такі фестываль, як “Славянскі базар у Віцебску”, пакуль, мабыць, самы значны ў вашым 19-гадовым жыцці?

— У маёй біяграфіі ўжо былі сур’ёзныя тэлепраекты — напрыклад, “Ну-ка, все вместе” на тэлеканале “Россия-1”, “Битва талантов” на МузТВ. Але такога маштабнага і значнага конкурсу, на якім мне даверана прадстаўляць сваю краіну, яшчэ не было. Гэта той самы фестываль, які дае мне шанс гучна заявіць пра сябе як пра артыста. А яшчэ дзякуючы ўдзелу ў гэтым конкурсе я маю магчымасць папрацаваць з камандай Прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, які і займаецца маёй падрыхтоўкай.

— А раней вы сачылі за конкурсам у Віцебску? Хто вам запомніўся?

— Па магчымасці ўключаў тэлевізар падчас трансляцый. Бо гэта ж цікава і з меркаванняў набыцця вопыту: глядзіш на канкурсантаў, разумееш, што спяваюць у гэтым годзе, і як спяваюць. Канешне, найбольш мяне ўразіў Дзімаш, які атрымаў Гран-пры ў 2015 годзе — ён проста ўнікальны спявак.

— Вы схільны да моднай актуальнай музыкі. А яна даволі рэдка гучыць на конкурсах вакалістаў, асабліва калі яны спяваюць у суправаджэнні аркестра. І ўвогуле, “Славянскі базар” у першую чаргу асацыіруецца з традыцыйнай, яшчэ савецкага ўзору эстрадай. Вы прадстаўнік іншага пакалення. Ці не пужае вас гэта?

— Яшчэ на фінале адборачнага канцэрта ў Оршы была мэта выступіць менавіта з тым, што падабаецца мне, што слухаю я, і ад чаго як выканаўца я атрымліваю задавальненне. Гэта былі кампазіцыя Nature групы Imagine Dragons і песня Уладзіміра Праснякова “Слушая тишину”. Мне нават казалі: “А як ты будзеш Imagine Dragons спяваць? Гэта ж увогуле нефармат, гэта не для конкурсу!” Але журы ацаніла добра, а публіка ўвогуле выдатна сустрэла маё выступленне — уся зала падпявала, апладзіравала яшчэ на працягу самой песні. Такім чынам я трохі паламаў стэрэатыпныя ўяўленні. Я так і кажу, што мы ідзём на “Славянскі базар” ламаць стэрэатыпы, прынесці туды нешта новае. Разлічваем, што і журы, і публіка гэта ацэніць.

— Асабліва адказны і складаны першы конкурсны дзень — песня ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. У вас будзе не даўні шлягер, а прэм’ерная кампазіцыя, што яшчэ больш ускладняе задачу. Ці даводзілася раней спяваць з аркестрам?

— Пакуль не даводзілася, але вопыт выступлення з жывымі калектывамі ўжо ёсць — напрыклад, на джазавых канцэртах. Да самога конкурсу ў мяне будзе дзесяць рэпетыцый з аркестрам, і думаю, што з Міхаілам Якаўлевічам мы знойдзем паразуменне.

Аўтар песні — Uzari, а мы даўно працуем разам, ён мяне ведае,
разумее як выканаўцу. Uzari напісаў кампазіцыю, у якой я буду пачуваць сябе камфортна і свабодна. Апроч спеваў вельмі люблю і танцаваць, таму яшчэ і на гэта мы рабілі акцэнт. Пад аркестр на “Славянскім базары” раней ніхто асабліва не рухаўся, а ў мяне будзе ўсё — і спевы, і танцавальны нумар. Кампазіцыя “Кучаравая” — наогул у стылістыцы r’n’b, але там ёсць і меладычныя кавалкі, дзе можна прадэманстраваць голас. Адпаведна, у песні ёсць усё, што дазваляе паказаць мяне і мае здольнасці з лепшага боку.

— А пра што яна?

— Яна пра дзяўчат, пра хлопца, які закахаўся. І там ёсць прамая цытыта з песні “Бялявая, чарнявая” з рэпертуару ансамбля “Беларускія песняры”. Усё пазітыўна, усмешліва. Спадзяюся, кампазіцыя стане папулярнай і будзе доўга гучаць у радыёэфірах. Увогуле, мая пазіцыя такая: заўсёды трэба рабіць тое, што табе падабаецца, што табе блізкае, а не толькі тое, пра што гавораць табе іншыя. Я прыслухоўваюся да парадаў, вельмі ўважлівы да рэкамендацый прафесіяналаў. Але сваё меркаванне адстойваю і заўсёды стараюся, каб на сцэне я літаральна кайфаваў, а не ламаў сябе і свае музычныя густы.

— Вы з тых артыстаў, якія з маленства рыхтаваліся да вялікай сцэны. Здараецца, бацькі хочуць, каб іх дзеці сталі зоркамі, і аддаюць ці ў вялікі спорт, ці ў школы мадэляў, ці ў музычныя студыі — будуюць кар’еру свайму дзіцяці ледзь не ад нараджэння. А ваша гісторыя якая?

— Я вучуся спевам з шасцігадовага ўзросту — гэта значыць, ужо 13 гадоў. І гэта я папрасіў бацькоў аддаць мяне ў студыю. Бо аднойчы пачуў, як мой дзядуля заспяваў папулярную за савецкім часам песню “Голуби целуются на крыше”. І спяваў ён так пранікнёна, так чыста і прыгожа, што гэта стала адным з найяскравейшых уражанняў дзяцінства. З таго часу маё жыццё было прадвызначана. Бацькі мяне ва ўсім падтрымліваюць, хаця самі не з музыкантаў. Яны ў мяне вераць, і гэта дае мне сілы, дадае ўпэўненасці.

— Наколькі вы аддаліліся ад дзіцячага этапу сваёй кар’еры? Ці перайшлі ўжо цалкам у дарослы свет?

— Думаю, што перайшоў. Усе рашэнні прымаю сам, але заўсёды прыслухоўваюся да бацькоўскіх парадаў. У гадоў 12 я ўжо ўдзельнічаў у міжнародных фестывалях, атрымліваў званні лаўрэатаў. Дзіцячыя конкурсы перараслі ў тэлепраекты. Зусім нядаўна быў эфір з маім удзелам на тэлеканале “Россия-1” — шоу “Ну-ка, все вместе”. Гэта грандыёзны праект, там сто экспертаў. Я выконваў “Белавежскую пушчу”, і за мяне прагаласавалі 73 эксперты, у тым ліку Сяргей Лазараў, Пётр Елфімаў. У наступны тур, праўда, не трапіў, хоць быў і вельмі блізка: у апошні момант мяне пасунула іншая канкурсантка.

— Звычайнаму чалавеку можа падацца трохі дзіўным, што столькі часу навучаюцца, напрыклад, не ігры на скрыпцы, не оперным спевам, а эстраднаму вакалу. Маўляў, голас ці ёсць, ці няма, і многія папулярныя артысты ўвогуле ніколі не вучыліся спяваць. А вы дагэтуль вучыцеся.

 — Канешне! Каб быць прафесійным вакалістам, трэба займацца ўвесь час і ў розных педагогаў. Мой настаўнік — гэта Uzari (мы працуем разам ужо чатыры гады), а ва Універсітэце культуры мой педагог Таццяна Мікалаеўна Дробышава. Яшчэ адзін педагог у Кіеве — калі прыязджаю, мы займаемся, у Маскве таксама ёсць. А калі я трапіў у акадэмію папулярнай музыкі Ігара Крутога ў Сочы, мне пашчасціла пазнаёміцца з Дэвідам Лі Бруэрам, які ў свой час быў першым настаўнікам Бэёнсэ — з яе васьмі гадоў да пачатку зорнай кар’еры. І ён даў мне нямала карысных парадаў. Потым мы сустракаліся ў Маскве, і цяпер я перыядычна з ім займаюся — бяру ўрокі па скайпе.

Кожны педагог дае нешта карыснае, у маім голасе з’яўляюцца новыя адценні, я засвойваю новыя вакальныя прыёмы. Ад розных стыляў бяру розныя фішкі, каб быць разнапланавым, разнажанравым артыстам, каб мець дыяпазон, тэмбры, каб спяваць і з аркестрам, і з джазавым калектывам, і рок, і r’n’b — карацей, каб умець усё і быць канкурэнтаздольным на сучасным музычным рынку.

— Вы ад самага пачатку бачылі сябе менавіта папулярным артыстам, рыхтаваліся, каб стаць зоркай. Іншых варыянтаў не было?

— Не было! Я заўсёды хацеў спяваць на вялікай сцэне, прагнуў, каб мяне ведалі, слухалі. Дарэчы, далей я планую развівацца і як аўтар музыкі. І ўжо вельмі сур’ёзна займаюся ўласнай аўтарскай праграмай.

— А які вобраз свайго існавання на сцэне, у музыцы, у шоу-бізнэсе вы бачыце? На якіх артыстаў арыентуецеся?

— Я хачу быць такім артыстам, які пісаў бы сваю музыку, а яна
падабалася б моладзі. Думаю, гэта актуальная поп-музыка, нешта блізкае да r’n’b. Быў бы рады, калі б мае песні нагадвалі хіты, якія цяпер у Top-10 еўрапейскіх музычных каналаў. Мне блізкія Шон Мендэс, Джон Лэджэнд, той жа Эд Шыран — яны пішуць свае песні без усялякага пафасу, і тыя кранаюць людзей.

Вось на такую творчасць я раўняюся — прыгожыя песні са зместам. Каб была мелодыя, каб была гісторыя, каб кожны слухач адчуваў нейкую эмоцыю — а не толькі рытм і танцы. Але і рытм, і танцы таксама! Ва Украіне ёсць Monatik, Дзмітрый Манацік, і я захапляюся яго творчасцю, яго песні ў мяне ў плэеры. Monatik сваё мастацтва нават у нейкую філасофію выводзіць. У яго ўсё на неверагодным узроўні — песні, танцы, кліпы, шоу.

— Магу сказаць, што ў вас добры густ у папулярнай музыцы. А хто ў Беларусі вам стылістычна блізкі? Ці ёсць у нас свая плынь падобных музыкантаў?

— У першую чаргу я назаву, канешне, Uzari — мы з ім на адной творчай і стылістычнай хвалі. Кірыл Гуд, ён жа Кірыл Ермакоў — цудоўны аўтар і выканаўца, ён неяк рабіў мне аранжыроўку. Хелена Мераі, Даніэль Ястрэмскі — яны імкнуцца такую музыку рабіць, мы сябруем з імі. Гэта такі еўрапейскі фармат, папраўдзе актуальны. Кагосьці назваць яшчэ мне складана. Не надта шмат пакуль у нас падобнай музыкі..

— Да славы на эстраднай сцэне імкнуцца многія, а вось яе дасягаюць… І часта справа нават не ў голасе і не ў таленце. Ці задумваецеся вы пра гэта?

— Мабыць, пакуль мне яшчэ рана пра такое задумвацца: трэба прайсці ўсе запланаваныя этапы. У любым выпадку, я зраблю ўсё, каб мая мара здзейснілася і я стаў паспяховым артыстам. Думаю, калі ты любіш сваю справу, калі ты ёй адданы, калі з самога маленства ўсё жыццё ёй прысвяціў — то знойдзеш сабе месца ў ёй. А гэта якраз мая гісторыя. Так што ўсё ў мяне атрымаецца!