— Бліскучы сольны канцэрт у Тэатры эстрады падаваўся як вяртанне “Харлі” да публікі. Што маецца на ўвазе?
— Мы пачалі выпускаць новыя песні і ўжо восенню прэзентуем трэці альбом, які мае працоўную назву “Цуда-сонца”, — а папярэдняя пласцінка ў нас выходзіла 12 гадоў таму. Канцэрты ідуць увесь час, але не ў Мінску. Летась тройчы ігралі ў Кіеве. Многа выступалі ў Маскве — і ў невялічкіх культавых клубах, і ў вялікіх пафасных, прычым у асноўным са сваім рэпертуарам. Ды й карпаратывы ігралі. Канешне, гэта не білетныя канцэрты, але такіх у нас у прынцыпе за 15 гадоў існавання было няшмат. Таму на афішы напісана правільна — “першы за дзесяць гадоў канцэрт у Мінску”.
— Ён прынёс меламанам многа задавальнення. У напалову запоўненай зале былі вядомыя музыканты, паэты, журналісты, гукарэжысёры. Аднак гучнай і розгаласнай падзеі не атрымалася.
— Тое, што прыйшло не так шмат людзей — гэта хібы работы з рэкламай. Мы ж, музыканты, са свайго боку зрабілі ўсё магчымае: на сцэне было дзесяць чалавек з ліку лепшых інструменталістаў Беларусі, праграма амаль на дзве гадзіны, выдатныя гук, святло, відэашэраг. Сапраўды, я хацеў дабіцца wow-эфекту, бо лічу, што гэтае шоу можна смела паказваць за мяжой і казаць: вось што такое сучасная беларуская музыка! Але мы не здаёмся, усё яшчэ будзе.
— А чым вы асабіста займаліся ў гэтыя гады зацішша?
— Чым я толькі не займаўся! Былі нават праекты, не звязаныя з творчасцю. А ў першую чаргу, як мне здаецца, я выхоўваў свайго маленькага сына Ванечку, якому цяпер чатыры з паловай гады. Хапала працы і ў якасці аўтара песень для іншых артыстаў. Іх выконваюць Алёна Ланская, Аляксандр Саладуха, Іван Буслай, ансамбль “Песняры”… Пісаў і для сябе, але ж гэта больш складана: адразу ўяўляецца не ансамбль, а ледзь не аркестр. Адпаведна, дорага атрымліваецца гэта зрабіць — асабліва калі перарабляць, запісваць і перазапісваць. Пэўна, такіх багатых аранжыровак, як “Харлі”, у нас цяпер ніхто не робіць: над адной кампазіцыяй мы працуем па два месяцы.
— А як на расійскіх канцэртах публіка рэагуе на песні на беларускай мове?
— У нейкім сэнсе нават лепей, чым на рускай. Вось рэальная гісторыя: вельмі прэстыжнае месца ў Маскве, дзе проста забраніраваць столік у снежні каштавала чатыры тысячы долараў. І калі мы заспявалі па-беларуску, публіка ажно ў нейкія карагоды пусцілася. На ўра там ідуць і “Танцы на палянцы”, і “Снежань”... І так заўсёды, бо людзям падабаецца, калі ёсць нейкая нацыянальная адметнасць. Прыгожая меладычная песня на беларускай мове ў Расіі цяпер нікім не прадстаўленая. І адна з задач гурта “Харлі” — паказаць расійскім слухачам, што нейкім чынам традыцыі “Песняроў” працягваюцца. Мае родныя ў Расіі з захапленнем слухаюць беларускія спевы, кажуць, што мова наша прыгожая, спеўная. Па вялікім рахунку, з сучасных артыстаў, якія спяваюць па-беларуску, у Расіі нікога не ведаюць. Таму па-ранейшаму асацыіруюць нашу краіну з “Песнярамі”, па старой памяці яшчэ прыгадваюць “Сяброў” і “Верасоў”. Так што калі туды “заходзіш” з беларускай мовай, цябе ў першую чаргу параўноўваюць з Мулявіным.
— “Песняроўская” тэма ў вас проста па жыцці ідзе…
— Так і ёсць. “Песняры” натхнялі мяне на творчасць, і шмат у чым дзякуючы ім я пачаў пісаць на беларускай мове. А яшчэ — у інстытуце мяне вучыў Валерый Дайнэка. А ў 2003 годзе “Харлі” атрымала першую прэмію на конкурсе ВІА імя Уладзіміра Мулявіна на фестывалі “Залаты шлягер”. Я два гады працаваў у ансамблі “Спадчына” разам з колішнімі вакалістамі “Песняроў” Валерыем Скаражонкам і Вадзімам Касенкам. Цяпер мае песні ў рэпертуары дзяржаўнага ансамбля “Песняры”…
Прызнацца, пэўны час я даволі скептычна да яго ставіўся — бо гэта стылістыка мінулага стагоддзя: усё тыя ж вусы, халаты, ранейшыя знаходкі… У маім разуменні шанаваць традыцыі — значыць рабіць стыльную і сучасную музыку, вакальна разнастайную, на беларускай мове. Апярэджваць свой час і задаваць трэнды — як калісьці гэта рабілі мулявінскія “Песняры”. Але вось з цяперашнім саставам, з кіраўніком Раманам Козыравым у мяне з’явіліся спадзяванні, што ансамблю хопіць сіл і таленту правесці ўдалы рэбрэндынг.
— Вашы бліжэйшыя творчыя планы не звязаны з гуртом “Харлі”: ёсць і іншы творчы праект…
— З паэтам Алегам Жукавым, якому цяпер 83 гады і які працягвае актыўна працаваць, мы падрыхтавалі цыкл песень пра вайну. Думалі паспець вывесці праграму на сцэну да 9 Мая, але працэс трохі зацягнуўся. Аднойчы ён мне паказаў дзесяць тэкстаў, аб’яднаных тэмай вайны. І я загарэўся ідэяй, бо мне як аўтару, як музыканту было вельмі цікава паспрабаваць сябе і ў гэтым. Дый тэма мне блізкая, мой дзед быў героем вайны. Песні напісаліся вельмі хутка, а вось потым падзеі пайшлі ўжо куды павольней. Бо мы хацелі, каб гэта была вялікая праграма з аркестрам, з лепшымі спевакамі, каб яна ўпрыгожвала святочныя канцэрты ў Дзень Перамогі, у юбілей вызвалення Беларусі. Галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віктар Бабарыкін даволі высока ацаніў нашу праграму і хоча з ёй працаваць, цяпер вырашаюцца арганізацыйныя пытанні. Паралельна я спрабую зацікавіць і расійскі бок — там таксама на даволі высокім узроўні разглядаецца наш праект. У Беларусі ж пакуль шукаю прыватнае фінансаванне, каб пачаць працаваць над падборам артыстаў, над запісам песень. І я яго знайду.
— Ці “супадаеце” вы з тэкстамі Алега Жукава — бо ўсё ж у вас вельмі розныя пакаленні?
— Гэтая работа мною была зробленая з душой! І я думаю, што яна вельмі патрэбная, бо кожны год на святы ў нас перапяваюць усё той жа “Синий платочек” — новых годных песень пра вайну вельмі мала. А калі б у мяне не было супадзення з тэкстамі, я б і музыку не пісаў. Напрыклад, ёсць “Мой дед” — і я думаю пра свайго дзеда. “Бескрайнее белое поле” — пра Беларусь. Ёсць песня “Беларусь —Россия” — а мая сям’я ў Жлобін пераехала з Магнітагорска, так што гэта абедзве мае краіны. І там жа не пра саму вайну і баі, а пра лёсы людзей на вайне — такі светлы сум. З нецярплівасцю чакаю моманту, калі ўбачу гэта ў задуманым мною варыянце, з Прэзідэнцкім аркестрам, на прыступках Музея Вялікай Айчыннай вайны ў дзень 75-й гадавіны Перамогі. Для мяне як для аўтара песень гэта будзе значнае дасягненне.
— Вы прыхільнік фанкавай стылістыкі, але яна ў нас не вельмі папулярная. Пра што сведчыць і адмена фанкавай вечарынкі з лепшымі беларускімі музыкантамі — бо білеты не прадаліся. Аднак калектыў застаецца верным свайму стылю…
— Маё светаадчуванне супадае з фанкам, з яго свабодай, напоўненасцю, грувам. Гэта падыходзіць майму рытму жыцця. І вакалу, мабыць. Калі мяне запрасілі спяваць на фанк-вечарынку, я спытаў: а хто яшчэ ў нас падобнае спявае? Аказалася, ніхто, нікога не змаглі згадаць. Для мяне гэта дзіўна.
У “Харлі” ж і тэксты асаблівыя, у чымсьці, можа, несучасныя — пра любоў, сям’ю, дзяцей, бацькоў. Пра гэта цяпер амаль не спяваюць. А тое, пра што спяваюць, я не хачу, каб чуў мой сын, і сам такога ніколі не буду пісаць. У нашых песнях ёсць святло. Яно і ў тэкстах, і ў музыцы.
— Вы і скрыпач Карэн Карапецян разам у гурце з першых яго дзён. Але ў Карэна ёсць і свая асобная творчасць.
— Я, Карэн Карапецян і клавішнік Валодзя Міхновіч — гэта і ёсць асноўны састаў “Харлі”. А працуем мы са многімі музыкантамі — Міхаіл Філіпеня, Слава Сергіенка, Міхаіл Пенда... На канцэрце ў Тэатры эстрады мы паказалі кампазіцыю з сольнага альбома Карэна — а гэта ашаламляльны джазавы альбом. Такую музыку ў Беларусі мала хто ўмее нават іграць, не тое што пісаць! Быў бы я джазавым прамоўтарам — прадаваў бы гэта па ўсім свеце. Да таго ж там такі адметны армянскі каларыт. Увогуле, Карэн Карапецян выдатны, але моцна недаацэнены музыкант. І ў нас у Беларусі такіх многа. Вось той жа Міхаіл Філіпеня — у яго таксама ёсць крутая аўтарская праграма. А хто яе чуў?
— Гады ідуць, а ў Яўгена Чалышава, як звычайна, многа ідэй, і расчараванне ўсё не наступае…
— Я рухаюся ўвесь час — каб цікава было жыць. Можна ныць, а можна хоць нешта рабіць, спрабаваць сябе ва ўсім. Канешне, за гады я стаў трохі больш спакойным, сур’ёзным і прагматычным. Ёсць праца — пісаць песні для артыстаў, але ёсць і мары — напрыклад, сур’ёзна пашыраць геаграфію і колькасць выступленняў гурта “Харлі”. Разумею, што стадыён “Уэмблі” мы ўжо ніколі не збярэм, але быць папулярным у нейкіх пэўных колах за межамі Беларусі мне падаецца магчымым. У стылі фанк з амерыканцамі мы, канешне, не параўнаемся, але на постсавецкай прасторы стаць кшталту другой “А-студио” будзем імкнуцца. Вось такія ў нас амбіцыі. Так што “Харлі” вярнуўся з сур’ёзнымі планамі.