“Ван Гог” родам са Смаргоні

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Не так даўно ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Невядомы вядомы скульптар Ісаак Іткінд”, прымеркаваная да 50-годдзя з дня яго смерці. Бадай, упершыню беларускі глядач меў магчымасць пазнаёміцца з творчасцю гэтага аўтара ў такім аб’ёме — хай і не ў арыгіналах.

/i/content/pi/cult/743/16141/DSCN0822-S.jpgНа жаль, сёння на радзіме няма ніводнай работы скульптара — усе яны захоўваюцца ў музеях Расіі і Казахстана. Таму смаргонцы звярнуліся да сваіх калег з Рускага музея, Усерасійскага музея Аляксандра Пушкіна, Дзяржаўнага музея мастацтваў Казахстана. Тыя адгукнуліся і даслалі файлы рэпрадукцый. А яшчэ спецыяльна да выставы вядомы скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Церабун вылепіў партрэт Іткінда ў рэльефе .

— Я толькі нядаўна пазнаёміўся з яго творчасцю, — прызнаўся ён на адкрыцці. — Сябры мне даслалі артыкул Наталлі Валынец “Ван Гог у скульптуры”, які быў надрукаваны пяць гадоў таму ў газеце “Гродзенская праўда”. Зацікавіўся, стаў падрабязней вывучаць яго жыццёвы і творчы шлях, у чым мне вельмі дапамог і грунтоўны матэрыял Барыса Крэпака, надрукаваны на старонках газеты “Культура” яшчэ гадоў 20 таму. Калі перабіраў фота, мяне вельмі крануў здымак Іткінда ў яго майстэрні. У ім адчуваецца цяжар тых няпростых часоў, вялікая працавітасць майстра, яго адданасць сваёй справе. Пацвярджэнне таму — вялікая спадчына, якую ён пакінуў нашчадкам.

Ісаак Іткінд, за якім ужо замацавалася характарыстыка “Ван Гог у скульптуры” — сапраўдны гонар беларускага мастацтва. Асабліва для нас, смаргонцаў, бо нарадзіўся будучы творца менавіта тут, у сям’і равіна. А памёр ён у далёкім Казахстане — перажыўшы і вядомасць, і арышт, і высылку. Біяграфія яго папраўдзе ўнікальная!

Разглядаць прадстаўленыя на выставе 29 фотаздымкаў можна доўга — адкрываючы пры гэтым для сябе таленавітага земляка. Пра Іткінда зроблены і невялікі фільм, які таксама прапанавалі паглядзець наведвальнікам.

— Ягоныя работы — як правіла, невялікія па памеры — выкананыя ў прыгожым матэрыяле — дрэве. Гэта надае ім своеасаблівую цеплыню і таямнічасць, — лічыць Уладзімір Церабун. — І сведчыць пра майстэрства. Адзін няправільны рух — і ўсё! Нічога ж ужо не выправіш, не даклеіш. Справу трэба рабіць беспамылкова! Асноўныя сюжэты — кампазіцыі і партрэты як вядомых, так і простых людзей, з якімі ён быў знаёмы. У гэтых творах прачытваецца тонкі псіхалагізм, загадкавая ўсмешка ці душэўны боль чалавека. Або трагізм некаторых гістарычных падзей. Ісаак Іткінд не капіяваў натуру, а абагульняў вобраз, іншы раз парушаючы форму, як гэта робяць скульптары-аматары. Ён рабіў гэта свядома — для большай выразнасці твора.

Варта дадаць, што Уладзімір Васільевіч спрычыніўся і да арганізацыі самой выставы.

— Мая дапамога — гэта своеасаблівая падзяка Іткінду за яго такі складаны жыццёвы шлях, за мукі творчасці і за спадчыну, якую ён пакінуў, — адзначыў майстра.

У адкрыцці выставы ўдзельнічалі начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражава і былы старшыня Смаргонскага райвыканкама Анатоль Янец. Апошні прапанаваў перавесці зроблены спадаром Церабуном скульптурны партрэт у бронзу, дадаць тэкст і ўсталяваць на адным з гістарычных будынкаў горада ў якасці мемарыяльнай дошкі. І сапраўды, Смаргонь павінна ведаць сваіх герояў!

Галіна АНТОНАВА