Космас, які пабываў у космасе

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Не так даўно ў краінах постсавецкай прасторы адзначаўся Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа з гэтай нагоды праходзіла спецыяльная інстаграм-акцыя пад назвай “Коласу — Космас”. Здавалася б, якім чынам звязанае свята касманаўтыкі з Песняром? Адказ прагучыць дзіўна і нечакана — самым непасрэдным!

/i/content/pi/cult/743/16140/page-14-15-copy-SS.jpg24 мая 1975 года адбыўся старт касмічнага карабля “Саюз — 18-2”. На яго борце была і мініяцюрная кніжачка вершаў, выдадзеная ў “Мастацкай літаратуры” трыма гадамі раней. Яе вырашыў узяць з сабою ў далёкі шлях першы беларускі касманаўт Пётр Клімук.

Гэтая кніга стала сапраўдным музейным рарытэтам. Тым болей, яе ўпрыгожвае аўтограф скаральніка космасу. З унутранага боку вокладкі — надпіс сінім фламастарам “Союз — 18” і малюнак касмічнага карабля (або касмічнай станцыі?). Далей — даты палёту: “Борт “Салют — 4” 24.05.75 — 26.07.75”.

“Салют — 4” у аўтографе азначае арбітальную касмічную станцыю, на якую прыбыў карабель. Даты ілюструюць час знаходжання касманаўта ў палёце — які, дарэчы, складаў ажно 63 дні. Экіпаж касмічнага карабля выканаў шэраг біямедычных эксперыментаў, і адным з іх акурат была праверка рэакцыі чалавека на працяглае знаходжанне ў космасе. А таксама праведзены важны і вялікі комплекс даследаванняў Сонца, некаторых планет і зорак.

Кніга беларускага класіка пабыла ў космасе і зусім невыпадкова, бо Якуб Колас часта звяртаўся ўвысь з філасофскімі роздумамі. Знакамітая і загадкавая паэма “Сымон-музыка” — найлепшы таму прыклад:

Зоркі ў небе — неба вочкі,

Месячык — вартаўнічок,

Хмаркі — ветравы сарочкі,

Неба шыр — пастаўнічок,

Дзе ноч-цьма снуе красёнцы,

Каб усплыў на іх дзянёк.

А ў хуткім часе пасля ўдалага прызямлення, у пагодны кастрычніцкі дзень 1975 года, беларускі касманаўт разам з жонкай Ліліяй наведаўся ў музей Якуба Коласа. На той момант яго дырэктарам быў старэйшы сын Песняра Даніла Міцкевіч.

На шчасце, тая падзея была зафіксаваная на здымках — агулам іх некалькі дзясяткаў. З дапамогай гэтых фотаматэрыялаў можна зразумець, што касманаўт пабыў ва ўсіх залах музея, у садзе Коласа, а таксама сустрэўся і пагутарыў з тагачасным дырэктарам, якому і падарыў “кніжку-малышку” Якуба Коласа з аўтографамі. Даволі яскравы фотаздымак быў зроблены падчас экскурсіі па экспазіцыйных залах, якую правёў тагачасны намеснік дырэктара па навуковай рабоце, знакаміты музеязнаўца Мікола Пратасевіч. Ёсць і калектыўны здымак на фоне вялікага драўлянага барэльефа “Якуб Колас”, створанага скульптарам Львом Гумілеўскім.

Акрамя дырэктара музея і яго супрацоўнікаў Міхаіла Пратасевіча і Тамары Сачанка, на фатаграфіі можна пабачыць і аднаго з лідараў беларускага камсамола Канстанціна Платонава. На гэтай сустрэчы прысутнічалі пляменніца Янкі Купалы Ядвіга Раманоўская, якая працавала галоўным захавальнікам фондаў у музеі свайго дзядзькі, а таксама знакаміты паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін.

Не абмінуў славуты касманаўт і магчымасць пакінуць свой водгук у кнізе наведвальнікаў, якая сёння захоўваецца ў фондах музея. Напісаны ён па-беларуску:

“З хваляваннем наведаў музей народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, вершы якога я з дзяцінства помню і люблю. Таму і ў космас узяў кніжачку яго паэзіі. Там, у прасторах сусвету, асаблівым сэнсам напаўняліся бессмяротныя словы:

/i/content/pi/cult/743/16140/page-14-15-copy-S.jpg“Мой родны кут, як ты мне мілы!

Забыць цябе не маю сілы!”

Лётчык-касманаўт СССР

П.Клімук

03. 10. 75 г.

Але гэтая сустрэча пакінула па сабе не толькі фотадакументы. Апісвае яе ў сваёй кнізе “Запрашэнне ў музей” і былы супрацоўнік коласаўскай сядзібы Іван Курбека. З яго аповеду высвятляецца, што патрапілі на фота не ўсе ахвотныя.

“Ніяк не згасае ў памяці адна прыкрасць. 1975 год. Нам пазванілі: заўтра ў вас будзе Пётр Клімук, а 15-й гадзіне. У той дзень усе музейцы былі ў прыўзнятым настроі. Вырашылі сустрэчу абавязкова зафіксіраваць. Алесь Камароўскі паехаў па свой уласны адборны магнітафон, Алесь Федарэнчык (мною запрошаны фатограф) рыхтаваў сваю зброю. Большасць супрацоўнікаў пайшла задаволіць “страўнікавыя патрэбы”. Прыходзім а палове трэцяй (а нехта і раней) — дзяжурная абухам па галаве:

— Ужо быў, а першай.

Мілыя арганізатары! Вы ж сарвалі нам такое мерапрыемства! Праўда, у музеі была навукоўка, наглядчыца. Паклікалі Данілу Канстанцінавіча (жыў ён на музейнай сядзібе). А мог жа таксама перад трыма гадзінамі куды-небудзь адхінуцца…”

Пра тое, з якой прычыны здарыўся такі казус, гісторыя маўчыць. Але затое каштоўныя фотаздымкі з фондавай калекцыі распавядаюць нам, што Пётр Клімук з жонкай пабылі і на плошчы Якуба Коласа — па тых часах даволі новай, бо яе ўрачыстае адкрыццё адбылося ў 1972 годзе.

Такім чынам, зусім невыпадкова, што коласаўская паэзія здзейсніла свой палёт у космас — у прамым сэнсе слова. Будзем спадзявацца, што беларускім космасам творчасць Якуба Коласа застанецца для ўсіх наступных пакаленняў нашых суайчыннікаў. А некаторых яна будзе натхняць рэалізоўваць, бадай, нерэальныя, надзвычай складаныя, папраўдзе касмічныя ідэі і праекты, паляпшаючы наш чароўны край.

Аляксандр КРЫЖЭВІЧ, старшы навуковы

супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Фота з музейнага архіва