Чалавек з будучыні, якая не адбылася

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Cёлета на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” праект Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі” быў адзначаны як найлепшы ў намінацыі “Майстэрства”. А ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў прайшла выстава, на якой экспанаваўся візуальны матэрыял да згаданай кнігі.

/i/content/pi/cult/743/16135/pages-8-9-copy-S.jpgНа жаль, і ўзнагарода, і выстава сталі знакам не прыжыццёвага прызнання, а пасмяротнай славы. Анемпадыстаў
пайшоў з жыцця летась, у 53 гады. Нярэдка ў такім узросце мастак толькі набывае неабходны для плённай творчасці жыццёвы досвед, толькі выпрацоўвае свой почырк і выкрышталізоўвае ўласны светапогляд — а вось спадар Міхал ужо завяршыў шлях… Праўда, і паспеў ён нямала.

Спадара Міхала немагчыма аднесці да нейкага канкрэтнага творчага цэха. Ён меў шмат іпастасяў. Хтосьці лепей ведаў яго як мастака, а для кагосьці ён найперш літаратар. А яшчэ — менэджар, культуролаг.

Праект “Колер Беларусі” ахоплівае многія іпастасі Анемпадыстава. Тут ён і дызайнер, і фатограф, і навуковец, і паэт. На прадстаўленых у залах НЦСМ (пляцоўка на праспекце Незалежнасці) фотавыявах паўстае Беларусь ад часоў дахрысціянскіх аж да нашых дзён. Гэта краявіды, артэфакты, архітэктурныя матывы, узоры традыцыйнай народнай творчасці, з якіх ствараецца цэласны вобраз краіны ў прасторы і часе, у штодзённасці і вечнасці.

Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта поўная неспалучальнасць праекта з вызначэннем “камерцыя”. Не бачу нічога заганнага ў тым, што мастак нават на піку натхнення не-не ды і падумае пра ганарар. Такія рэчы, як “Колер Беларусі”, робіць не на продаж, не дзеля таго, каб запанаваць на нейкім сегменце інфармацыйнага рынку, а паводле паклікання душы. Гэта як прызнанне ў каханні…

Міхал Анемпадыстаў зрабіў шмат. Але, на маю думку, гэта чалавек з будучыні. Пра такіх Уладзімір Караткевіч гаварыў, што яны прыйшлі не ў свой час, “але куды прыйшоў, там і застанешся”. Спадар Міхал здолеў пабудаваць уласную віртуальную Беларусь, якая раней ці пазней пакіне след у нашай рэчаіснасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"