Зусім не маленькія думкі

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Яшчэ да прагляду спектакля “Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі”, пастаўленага ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, было зразумела, што назву трэба чытаць крыху іначай: “Ляляўскі. Зусім не маленькія думкі”. Прэм’ера абяцала стаць не тое што нетрагедыяй, а “вельмі вялікай падзеяй” нашага тэатральнага і шырэй культурнага жыцця. Ці спраўдзілася?

/i/content/pi/cult/743/16132/84-S.jpgНе, самі па сабе “Маленькія трагедыі” расійскага класіка, вядомыя са школьнай лавы, нічога не абяцалі. Не абяцаў і рэжысёр Аляксей Ляляўскі, у якога заўжды хапае здаровай іроніі, прычым як да хрэстаматыйных “нятленак”, так і да сябе самога. Абяцаннем, адрасаваным гледачу, стала повязь імёнаў. З аднаго боку — Пушкін, кожны зварот да творчасці якога здольны адкрыць новыя дэталі. З другога — Ляляўскі + Таццяна Нерсісян, прыдуманыя якой лялькі і ўвесь сцэнічны антураж часцяком жывуць сваім уласным жыццём, ствараючы гэткае “паралельнае дзеянне” жывому плану артыстаў. А кідкая правакацыйная афіша (з перакрэсленым творам Пушкіна) толькі падагравала цікавасць: квіткі разляцеліся імгненна, толькі з’явіўшыся ў продажы.

Правакацыйнасці хапае і ў самім спектаклі. Кожная трагедыя, за выключэннем апошняй, пачынаецца з нафантазіраваных, годных капусніка міні-дыялогаў Пушкіна са сваёй няняй. Скупы рыцар і ягоны сын паўстаюць у абліччах хамякоў — накшталт якога-небудзь “Мапет-шоу”. А іх белыя пухнатыя скуркі нагадваюць мімішных мядзведзікаў, якіх модна дарыць у знак кахання. Моцарт, у адрозненне ад Сальеры, — зусім не лялька, а тры масіўныя бюсты (аднолькавыя, растыражаваныя) на паліцы замест пастаменту. Дон Гуан нагадвае тварам Пушкіна, фігурай — кірмашовага Пятрушку. Камандор у параўнанні з ім — бы маленькая чорная казурка, узведзеная на вялізны камень-п’едэстал.
Дзеянне ж “Балю ў час чумы” ўвогуле перанесена ў сталінскія ліхалецці, дзе маршалак пагулянкі апрануты ў белую “хамячыную” шубу.

Але ўсё гэта аказваецца толькі верхнім слоем, ключыкам да першай са шматлікіх дзвярэй, за якімі схаваныя скарбы. Спектакль — чарговы прыклад неардынарнага поліфанічнага мыслення рэжысёра. Ляляўскі нагадвае навукоўца, які мэтанакіравана і лагічна выкладае змест сваіх глыбокіх філасофскіх, гістарычных, літаратуразнаўчых даследаванняў — толькі на мове мастацкіх спасылак і асацыяцый. Адна з паслядоўна праведзеных сэнсавых ліній — чалавечыя заганы. Адштурхнуўшыся ад Пушкіна, які спачатку хацеў даць “Моцарту і Сальеры” назву “Зайздрасць”, ён гэтак жа азначае тры астатнія трагедыі: “Сквапнасць”, “Пажада”, “Блюзнерства”, пазначаючы гэтыя словы не толькі ў праграмцы, але і на экране-“кулісе”.

/i/content/pi/cult/743/16132/33-S.jpgДругая тэма новага спектакля — гісторыя чалавецтва і нашай краіны, прасочванне заяўленых грахоў у гістарычнай парадыгме — ледзь не ад часоў з’яўлення Homo sapiens, праз Сярэднявечча, эпохі Класіцызму і Рамантызму да Homo soveticus, зацятыя прадстаўнікі якога зноў пераходзяць на этап “дагістарычнага” жывёльнага ўзроўню.

Яшчэ адзін відавочны падгалосак-кантрапункт — уласна духоўны: ад карціны Боскага суда на задніку, якая пры зменах асвятлення паўстае рознымі гранямі-акцэнтамі, да папойкі з галерэяй пустых бутэлек у разбуранай царкве. І з дадаткам да Пушкіна кананічнай малітвы “Памілуй нас”: Miserere nobis, Domine.

Лейтматыў спектакля — балючыя развагі пра абясцэньванне чалавечага жыцця. А па-над усім — пранізлівае і адначасова безапеляцыйнае, сур’ёзнае і жартоўнае, узнёслае і жорсткае спасціжэнне жыцця і смерці Пушкіна (якая наступае ў канцы “Каменнага госця”), творчасці і самой яго асобы. Не ізалявавана і не ў кантэксце толькі рускай літаратуры, а праз пошук размаітых мастацкіх паралеляў у еўрапейскай і сусветнай культуры.

Скразное развіццё некалькіх тэм — далёка не адзінае, што робіць чатыры творы са сваімі сюжэтамі і дзейнымі асобамі не проста цэласным зборам, а сапраўдным сімфанічным цыклам. І справа зусім не ў музыцы Леаніда Паўлёнка, лепшымі фрагментамі якой становяцца гітарныя імправізацыі ў размове дона Гуана з доннай Ганнай і мінімалісцкі фінал з яго няўмольнай рытмікай, што сімвалізуе машыну знішчэння — жудасную касьбу смерці. Бо музыцы, пры ўсёй яе тэмбравай, фактурна-меладычнай вынаходлівасці і ўдалых момантах стылізацыі, усё ж не стае канцэптуальнага выбудоўвання: яна толькі “абслугоўвае”, хай і якасна, агульную задуму.

А вось праца мастака-пастаноўшчыка Таццяны Нерсісян вылучаецца папраўдзе сімфанічным развіццём любой дэталі. Выкарыстоўваюцца лялькі розных памераў, канструкцый і тыпаў, але кожная дробязь дае далейшыя парасткі — і ў фінале раней заяўленае збіраецца ў агульны непадзельны пазл. Узнікае магутная мастацкая “арка”, што вянчае ўсю кампазіцыю. Тут і вядро-трансформер, якое ў “Скупым рыцары” ператваралася ў слыхавую трубку, і маскі, і шапкі-аблавушкі, якія перавандравалі з “Каменнага госця”. Вогненна рыжая, у чырвонай сукенцы Лаўра пераўвасабляецца ў Мэры з чырвоным мяшком на галаве. Смешныя цацачныя хамякі — у Вальсінгама па мянушцы Старшыня з чатырма вялізнымі пацукамі. А ціхай кульмінацыяй застаецца лялька Ганна ў чалавечы рост — з надзвычай выразнымі рукамі і доўгімі, быццам рэальна жывымі пальцамі. Дарэчы, ажывае гераіня дзякуючы майстэрству артыстаў.

Апошнім часам, калі тэатры лялек сталі часцей звяртацца да жывой натуры, неаднаразова даводзілася канстатаваць, што акцёры, добра працуючы з прадметамі, ніякавата пачуваюць сябе ў ролі драматычных артыстаў. “Маленькія трагедыі” пазбеглі гэтага недахопу. Чацвёра ўдзельнікаў, сярод якіх заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грамовіч і лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Дзмітрый Рачкоўскі, яднаюцца ў выдатны ансамбль, цудоўна даносяць складаны паэтычны тэкст. Дзмітрый Чуйкоў, да ўсяго, дэманструе талент парадыста. Юлія Марозава — вакальныя здольнасці і здатнасць да імгненных і практычна палярных пераўвасабленняў.

Ды ўсё ж спектакль атрымаўся няроўным. У
параўнанні з іншымі часткамі, “Моцарт і Сальеры” ўтрымлівае менш візуальных знаходак — тут пераважае слова. Нават калі палічыць, што гэтая трагедыя выконвае ролю павольнай другой часткі сімфоніі, дзе сама драматургія прадпісвае крыху супакоіцца і адпачыць перад трагікамічным скерца і фіналам з яго “народным святам”, усё роўна хочацца большага. Бо гэта ж Ляляўскі!

/i/content/pi/cult/743/16132/pages-8-9-copy-2-S.jpg

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"