Дзе знайсці слоўнік, якога няма?

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Я — чалавек досыць ураўнаважаны, аднак мяне пачынае ажно падкідваць, калі ў чарговым артыкуле вядомай газеты ці папулярнага інтэрнэт-партала бачу тэкст пра “лялечны тэатр”. Ува мне тут жа прачынаецца былы загадчык літаратурнай часткі, які патрабуе тэрмінова патэлефанаваць аўтару і растлумачыць розніцу паміж абраным ім прастамоўным вызначэннем — які не абы-як крыўдзіць прадстаўнікоў гэтага віду мастацтва — і прафесійным тэрмінам “тэатр лялек”. Аднак далей вока выхоплівае “мульцікі” ў цытаце аніматара (слова, якое дыпламаваны рэжысёр ніколі сабе не дазволіць), следам ідуць “цыркачы” ў інтэрв’ю з цыркавым артыстам — і рука ўжо цягнецца ў другім напрамку. Я шукаю адмысловыя беларускія тэрміналагічныя слоўнікі. Вось толькі іх так і не з’явілася.

/i/content/pi/cult/743/16129/S-fokus.jpgЯк хачу, так і мімікрырую

Не хочацца вінаваціць калег-журналістаў у няўважлівасці выкарыстання тэрмінаў, датычных мастацтва. Сапраўды, адкуль табе ведаць вузкаспецыялізаваныя словы, калі ты сам не знаходзішся па іншы бок рампы. Мо, таму і з’явіліся ў вядомым грамадска-палітычным выданні ў інтэрв’ю з вядучай актрысай тэатра лялек “мимикрирующие” лялькі замест “мимирующих”. Першае вызначэнне на слыху — хоць і значэнне ў яго зусім іншае. А пра існаванне лялек з мяккага матэрыялу, дзякуючы якому акцёр можа актыўна працаваць “тварам” лялькі, надзвычай выразна ствараць адмысловую міміку і характар персанажа, журналіст ведаць не абавязаны. Ён павінен іншае: правяраць дакладнасць той інфармацыі, якую публікуе. Упэўнена: спатыкнуўшыся аб дзіўнае выслоўе, аўтар адкрыў бы тэрміналагічны слоўнік ці яго электронны аналаг — і праблема знікла б яшчэ на стадыі рэдактуры. Аднак па чым вывяраць, калі айчынных слоўнікаў у прыродзе не існуе?

Фундамент беларускай тэрміналогіі быў закладзены ў 1920-я гады. Тады ствараліся шматлікія навуковыя камісіі, якія імкнуліся распрацаваць і ўпарадкаваць паняційны апарат ва ўсіх сферах жыцця. Яны ж займаліся і выданнем адпаведных слоўнікаў. Зразумела, што ў тыя часы першую скрыпку гралі прыродазнаўчанавуковыя дысцыпліны. Адзін за адным з’яўляліся зборнікі для фізікаў, хімікаў, географаў, гісторыкаў. Мастацтва, як заўсёды, стаяла ў хвасце чаргі. У тым ліку і тэатр.

У 1929 годзе быў заснаваны Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Гэта быў сапраўдны штуршок для больш глыбокага вывучэння тэрміналогіі, аднак жорсткія рэпрэсіі 1930-х гадоў спынілі многія даследаванні яшчэ на ўзлёце. У гэтыя змрочныя часы была страчана значная частка грунтоўнай навуковай базы. З 1950-х гадоў кнігарні зноў сталі папаўняцца слоўнікамі, з’яўляліся і тэрміналагічныя. Але да спецыяльных гласарыяў па розных сферах мастацтва справа так і не дайшла.

Дзеля справядлівасці зазначу, што за адмысловыя тэатральныя слоўнікі не браліся і ў іншых навуковых цэнтрах Савецкага Саюза. Таму для многіх стала сапраўдным адкрыццём з’яўленне ў 1991 годзе ў перакладзе на рускую мову “Слоўніка тэатра” Патрыса Паві. Французскі навуковец уключыў у сваю кнігу каля 700 асноўных паняццяў, датычных тэатральнага працэсу. І хоць гэтая праца выклікала шмат спрэчак, трэба шчыра прызнаць: амаль тры дзесяцігоддзі ўсе тыя, хто датычны да сферы тэатра, актыўна карыстаюцца менавіта ёй. На спадара Паві спасылаюцца айчынныя кандыдаты і дактары мастацтвазнаўства. Абапіраючыся на яго вызначэнні, пішуць дысертацыі па гісторыі і развіцці нацыянальнага тэатра. Дык, можа, адмысловы беларускі слоўнік тэрмінаў і не патрэбны?

Піранні, што ваду замуцілі

Можна спасылацца на тое, што тэатральныя тэхналогіі па ўсім свеце аднолькавыя, таму нам хопіць калек з рускай мовы. Маўляў, у чым праблема напісаць “сцэна”, “рэжысёр”, “рампа”. Але што рабіць, калі трэба крыху заглыбіцца? Возьмем светлавое афармленне спектакля. Хто яго стварае: “светларэжысёр”, “рэжысёр па святле” альбо “рэжысёр па асвятленні”? На шчасце журналістаў, амаль зніклі з тэатраў лялькі, рухі якіх накіроўваюцца трысцінамі. Але пад Каляды Аляксандр Янушкевіч паставіў у Мінску свайго “Хлопчыка, які плаваў з піраннямі” — і адразу пайшлі гуляць па беларускамоўным асяродку варыяцыі вызначэння гэтай сістэмы лялек у спектаклі.

А яшчэ не так даўно была размова з выбітным айчынным рэжысёрам новай хвалі, падчас якой мы сумесна шукалі адэкватны беларускі эквівалент вызначэнню “фигуративный спектакль”. Напрыканцы мой суразмоўца задумаўся, ці не прасцей будзе ўжыць англамоўны тэрмін, і
паўжартам прапанаваў тэрмінова стварыць новую тэатральную беларускую лексіку. А мне і сапраўды не да смеху: за апошнія дзесяцігоддзі ўзнікла столькі невядомых раней паняццяў у тэатральным мастацтве, а мы не можам ні пісьменна іх назваць, ні старыя тэрміны ўніфікаваць.

Праблема, зразумела, не сённяшняя. Нездарма некалькі дзесяцігоддзяў таму тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства Вячаслаў Ракіцкі
разам з навукоўцам Барысам Святловым працавалі над стварэннем тэатральнага слоўніка. Як распавёў мне спадар Ракіцкі, у выдавецтва, на жаль, змяніліся планы, і тая праца так і не пабачыла свет.

Аднак гэта хутчэй прыватны выпадак. А ёсць жа яшчэ дзяржаўная ўстанова, якую таксама магла б зацікавіць белая пляма ў айчынай мастацтвазнаўчай тэрміналогіі — Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З пытаннем пра адмысловыя тэатразнаўчыя слоўнікі і магчымыя планы на стварэнне тэрміналагічнага зборніка я звярнулася да загадчыка аддзела тэатральнага мастацтва гэтай установы Веранікі Ярмалінскай. Пасля папярэдняй згоды на каментарый Вераніка Мікалаеўна, на жаль, перастала падымаць слухаўку, таму буду аперыраваць дадзенымі, выкладзенымі на афіцыйным сайце.

За гады незалежнасці аддзелам было выдадзена шмат манаграфій, з’явілася “Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі”, якая не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. У 2007 годзе свет пабачыў трохтомны даведнік “Сучасная Беларусь”, трэці том якога прысвечаны культуры і мастацтву. На сайце паведамляюць, што асаблівасць выдання — у часавым перыядзе, які асвятляецца з яго старонак. Там можна даведацца пра айчынны тэатральны працэс з 1990-га па 2005-ты гады.

Асаблівым гонарам установы з’яўляецца энцыклапедыя “Тэатральная Беларусь”, якая
выйшла з друку на пачатку нулявых. Я памятаю той ажыятаж, калі двухтомнік з’явіўся ў сталічных кнігарнях. І не дзіва: у манументальную працу ўвайшло каля двух тысяч артыкулаў, прысвечаных народнаму, прафесійнаму і аматарскаму тэатру. У ёй багата інфармацыі пра персаналіі, нямала абагульняльных тэкстаў пра тэатральныя формы і жанры. Сыходзячы з гэткай спецыфікі, складальнікі ўвялі ў энцыклапедыю толькі малую частку тэатральных тэрмінаў. А тыя, што ёсць, даволі складана знайсці сярод грунтоўных артыкулаў пра выбітных дзеячаў нацыянальнага тэатра.

А вось звестак калі не пра слоўнік, дык хаця б пра тэрміналагічны даведнік, на сайце я не знайшла. І пра бліжэйшыя планы яго падрыхтаваць таксама не гаворыцца.

Знайсці ключы да “штыркоў”

Трэба разумець — калі няма ўніфікаванага вызначэння, то з’явіцца досыць разнамасных варыянтаў. Такая праблема характэрная для розных відаў мастацтва. Напрыклад, аніматар Міхаіл Тумеля з горыччу гаворыць пра шэраг моўных падмен, якія ён чуе ў таго пакалення, што толькі прыходзіць у прафесію. Прыкладам, усё часцей моладзь гаворыць “адрысоўка”. На погляд аніматара, гэта зусім нікчэмны тэрмін, які перапоўз да нас са слэнгу прыхільнікаў аніме і манга. Тыя аматары не мелі зносін з японскімі мастакамі, аднак змаглі сваім моўным “вірусам” заразіць усіх, хто мае дачыненне да малюнка як прафесіі.

— Што такое “адрысаваць”? Вымаляваць і выкінуць? — запытваецца спадар Міхаіл. — Ад веку існаваў тэрмін “прарысоўка” і нават спецыяльнасць такая ёсць: “мастак-прарысоўшчык”. Гэты чалавек атрымлівае ад мастака-аніматара чарнавы эскіз і на аснове тых выяваў стварае мноства праекцый. Нездарма ў якасці сіноніма можна выкарыстаць словазлучэнне “зрабіць дэталізацыю”.

Міхаіл Тумеля настойвае, што першапачаткова ўсе прыстаўкі працуюць на ўскладненне і станоўчае развіццё працэсу. На гэты конт на яго старонцы ў Fаcebook разгарнулася цэлая палеміка, падчас якой некаторыя калегі аніматара не пагаджаліся з прамоўцам і прыводзілі іншыя прыклады. Аднак спадар Тумеля працягвае стаяць на сваім: у дачыненні да слова “рысаваць” нельга выкарыстоўваць недарэчныя прыстаўкі.

— У студыях вельмі часта стала гучаць “адрысаваць лакацыю” ці “добрая рысоўка”. Наконт другога вызначэння ўвогуле дзіўна, бо “рысоўка” заўсёды азначала панты, імкненне пакрасавацца. Аднак моладзь гэтых нюансаў ужо не адчувае, — дадае аніматар.

Са з’яўленнем камп’ютараў анімацыйная індустрыя перажыла сапраўдную тэхнічную рэвалюцыю: пачало выкарыстоўвацца новае абсталяванне, якое перайначыла метады працы, дадало ў прафесійную камунікацыю новыя лексемы. Пакуль айчынныя навукоўцы толькі прыглядаюцца да гэтай вобласці, у Расіі зрабілі спробу прааналізаваць і звесці да аднаго цэлага найбольш распаўсюджаную тэрміналогію сучасных студый анімацыі і камп’ютарнай графікі. Вынікам грунтоўнай працы стаў слоўнік-даведнік сучасных анімацыйных тэрмінаў.

І выйшаў ён даволі своечасова, бо на паліцах кнігарняў пачалі з’яўляцца самавучыцелі для пачаткоўцаў, дзе ўсе асноўныя паняцці пастаўлены з ног на галаву. Нават дзіўна: англамоўны арыгінал вядомы прафесіяналам ужо колькі дзясяткаў гадоў, выдавецтва таксама даўно ўжо зрабіла сабе імя, але ад перакладной кнігі знаўцу становіцца млосна.

— Працэнтаў 60 тэксту “Набору для выжывання аніматара” — хоць святых вынось, — узрушана каментуе спадар Тумеля. — Аўтар арыгінала — слынны брытанец Рычард Уільямс (нам ён найбольш вядомы, як рэжысёр-аніматар нашумелага фільма “Хто падставіў труса Роджара”), таму на яго імя моладзь вядзецца. Аднак перакладчыкі выдання не разумеюць, пра што пішуць! А можа, яны банальна карысталіся падчас працы Гуглам… Я ведаю, пра што гавару, бо ў 2007-м годзе сам удзельнічаў у навуковым перакладзе гэтай кнігі, аднак выдавецтва закрылася — таму, зразумела, да публікацыі справа не дайшла. Памятаю, як больш за паўгода сядзеў над тэкстам, бо ў ім шмат тых прафесіяналізмаў, пра якія нават самы лепшы перакладчык не будзе ведаць. Напрыклад, ён піша “штыркі”, а я разумею, што аўтар меў на ўвазе штыфты. Для таго і існуе навуковая рэдактура! Я даслаў у выдавецтва цяперашняга “Набору для выжывання” свае заўвагі ажно на 26 старонках і выклаў іх копію ў сацсетках — хоць і адчуваю, што наўрад ці змагу змяніць сітуацыю.

Хтосьці пацісне плячыма, маўляў, усё роўна міжнародная мова аніматараў — англійская, дык чаму не карыстацца англіцызмамі? На гэта ў майго суразмоўцы таксама ёсць адказ:

— Англійская мова — інфармацыйная, на кожную з’яву ў ёй знойдзецца імя. Славянскія мовы маюць крыху іншую канструктыўную схему. Бывае, што два замежныя тэрміны ў нас аб’ядноўваюцца адным словам. А некаторыя лексемы, перакладзеныя літаральна, толькі яшчэ больш пытанняў выклікаюць. Напрыклад, што такое “схаваны намер”? А вось “схаваная падрыхтоўка” ўжо тлумачыць, што патрабуе ад вас аніматар. Таму хацелася б у прафесійным асяродку ўсё ж дамовіцца, як мы будзем называць тую ці іншую з’яву. Чамусьці падабраць уніфікаваныя аналагі, а штосьці пакінуць у арыгінальным гучанні, аднак даваць спасылку на тлумачэнне.

Мяркую, варта мне звярнуцца да прадстаўнікоў іншых відаў мастацтва, і гэты артыкул папоўніцца мноствам падобных гісторый. Жыццё змяняецца, з’яўляюцца новыя тэхнікі, з’явы, уяўленні, аднак адмысловы паняційны апарат на беларускай мове пакуль не распрацаваны. І штодня прафесіяналы сутыкаюцца з паняццямі, якія незразумела, як называць. Таму застаецца толькі спадзявацца, што супрацоўнікі айчынных навуковых устаноў палічаць неабходным стварэнне адмысловага навуковага выдання.

Тады яны і самі не будуць блытацца ў
паняційным апараце. Бо адкрываеш аўтарэферат дысертацыі на суісканне вучонай ступені доктара мастацтвазнаўства — а там ізноў натыкаешся на “ва ўсіх відах тэатральнага мастацтва — драматычнага, музычнага і лялечнага”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"