Гарадскую рэкламу пра асалоду чытання бачылі, рэкламу кніжнай міжнароднай выставы-кірмашу напярэдадні яе — памятаем. Яшчэ калі-нікалі бачым штосьці пра кніжныя навінкі і бібліятэкі ў розных тэлепраграмах. Пра ўсё астатняе з жыцця кніг і літаратуры даведваемся ў інтэрнэце — на форумах, у сацыяльных сетках, блогах. Спецыялізаваныя газеты-часопісы пакінем для спецыялістаў.
Інтэрнэт-рэсурсы — цудоўная прастора для прэзентацыі сябе і сваёй творчасці, а ў сацыяльных сетках нават грошы плаціць не трэба. Далучайся ў патрэбныя суполкі, дзе шмат удзельнікаў, і пішы пра сябе любімага што хочаш. Пісьменнікі (асабліва замежныя) ужо даўно асвоілі гэты накірунак, зрабілі акаўнты не толькі сабе, але і героям сваіх кніг. Апошнія адгукаюцца на каментарыі і ставяць падабайкі...
Бібліятэкі таксама актыўна далучаюцца да новых тэхналогій. У нашай восьмай дзіцячай бібліятэцы Мінска адбылося ўжо некалькі анлайн-сустрэч для чытачоў. Іх вынік не менш уражлівы за сустрэчу “жыўцом” — дзеці захоплены гутаркай, яны актыўна задаюць пытанні і хутка разбіраюць кнігі. А хтосьці ідзе па іх і ў кнігарню. Такім чынам, пры мінімуме затрат аўтар (і выдавецтва) мае рэкламу, папулярнасць і сякія-такія дывідэнды. Бібліятэка ж атрымлівае павелічэнне статыстычных паказчыкаў, што таксама някепска.
Але ж у рабоце бібліятэкараў па прапагандзе літаратуры ёсць яшчэ адзін бок — кожны з нас прапануе чытачам кнігі. А за кнігай стаяць аўтар і выдавецтва, якім штодзённа робіцца бясплатная рэклама.
Я вельмі часта чую: “Дайце што-небудзь, каб зацікавіць, каб хоць штосьці мой малы прачытаў”. Прычым гэта тычыцца выданняў на абедзвюх дзяржаўных мовах і дзяцей розных узростаў. Прапаную кнігі, раю, што пачытаць у першую чаргу, на якіх аўтараў звярнуць увагу. Нават калі пісьменнік па нейкіх прычынах прыйшоўся не даспадобы малому чытачу (пра густы не спрачаюцца), шляхам гутарак і парад мы разам шукаем менавіта яго аўтара. У большасці выпадкаў атрымліваецца. На жаль, застаецца пэўная частка дзяцей, якім не падабаецца ўсё — бо чытанне ўвогуле не іх занятак.
Праз нейкі час чытачы прыходзяць у бібліятэку вяртаць кнігі і вельмі часта просяць даць ім такіх самых аўтараў ці штосьці падобнае. Калі-нікалі чую захопленнае: “Дзякуй вам! Дзякуючы Бучынскай (Масла, Нікольскай, Мацюшкінай, Хадасевіч-Лісавой… спіс можна працягваць), маё дзіця пачало чытаць!” Прыемна! Гэта ацэнка мяне як спецыяліста — значыць, я прапанавала менавіта тое, што прыйшлося даспадобы малому чытачу. За дзесяць гадоў працы ў бібліятэцы я адкрыла дзецям і іх бацькам мноства добрых аўтараў.
Пісьменнік атрымаў рэкламу, за яго творчасцю пачалі сачыць, набываць новыя кнігі, раіць сябрам (усё гэта я ведаю дакладна — людзі вельмі гаваркія). Пісьменніку добра, яго выдавецтву таксама няблага — а бібліятэка і бібліятэкар засталіся ў цені. Акрамя асабістай радасці і гонару, раней мы больш нічога не мелі.
Цяпер сітуацыя пакрысе змяняецца. Любая зацікаўленая бібліятэка за сваю працу па піяры кніг і чытання можа зарабіць у аднаго з маскоўскіх выдавецтваў падарунак — любую іх кнігу. Зразумела, рэкламаваць трэба кнігі і аўтараў гэтага выдавецтва. За гэта налічваецца пэўная колькасць балаў. Зарабілі сто балаў — атрымалі кнігу.
Наша бібліятэка запаветную сотню набрала за два месяцы і ўжо атрымала кнігу, прычым менавіта тую, якую захацелі мы самі. Калі працягваць у такім тэмпе, то ў год атрымліваецца шэсць новенькіх кніг папулярных аўтараў. Нядрэнная дапамога камплектаванню!
Што ж, расійскае выдавецтва прыдумала цудоўную праграму па рэкламе сваёй прадукцыі — не асабліва затратную для сябе і прыемную для бібліятэкараў. Вельмі хацелася б, каб і беларускія выдавецтвы перанялі такі падыход да справы — калі зацікаўлены ўсе. У тым ліку, і бібліятэкі.
Марына ПЕТРАШКЕВІЧ,
бібліятэкар дзіцячай
бібліятэкі № 8 г. Мінска