— І ў час узнагароджвання, і потым, седзячы ў зале, я адчувала, што гэта не проста ўрачыстая цырымонія і святочны канцэрт — гэта сапраўдны форум беларусаў, у якім быў дух нацыі. І складаўся ён з яднання чалавечых душ у адзіным памкненні да гуманізму, мастацтва, прыгажосці.
У нашай установе існуе папраўдзе ўнікальная сістэма навучання, скіраваная на развіццё нацыянальнай школы класічнага танца — менавіта беларускага балета, які мае свой адметны стыль, заснаваны на класічных пастулатах. У нас выкладаюць нашы выхаванцы розных гадоў. Акрамя прафесійнай падрыхтоўкі, адначасова ідзе і станаўленне творчых асоб, і выхаванне моладзі — як тых, хто ў нас навучаецца, так і тых, перад кім мы выступаем. Так, нашы юныя артысты, акрамя ўсяго, атрымліваюць рэальную сцэнічную практыку. Яшчэ ў часы навучання яны заняты ў спектаклях, на выпуску становяцца стажорамі, а потым прыходзяць непасрэдна ў трупу — і Вялікага тэатра, і Музычнага.
Ад школы залежыць тэатр будучыні — і той жа Вялікі тэатр, з якім у нас склаліся трывалыя творчыя і сяброўскія сувязі, прадастаўляе нашым выхаванцам магчымасці творчага станаўлення і далейшага прафесійнага росту. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дазваляе нам і самім ставіць спектаклі: “Дон Кіхот”, “Шчаўкунок”, “Прывал кавалерыі”. А праект “Мы — беларусы” — гэта выступленні ў Германіі, Англіі, Кеніі, Алжыры, Італіі. Гледачы ў нашых выхаванцах бачаць малады балет Беларусі і прадракаюць яму вялікую будучыню.
Адным з кірункаў творчай дзейнасці гімназіі-каледжа з’яўляецца вялікая колькасць разнастайных дабрачынных праектаў. Іх нават больш, чым было адзначана прэміяй, і кожны мае свае асаблівасці, сваю мэтавую аўдыторыю. Асобная праграма прысвячаецца ветэранам вайны і працы — “І памятае свет выратаваны”. Першы такі канцэрт мы рыхтавалі да Дня Перамогі, але ён настолькі зацікавіў гледачоў, што вырашылі яго паўтараць. Для моладзі ладзім вечары “Сутыкнемся душой з цудоўным”, дзе паказваем фрагменты балетаў і тым самым рыхтуем аўдыторыю Вялікага тэатра.
Дабрачынны праект “Творчасць юных — роднай Беларусі” — гэта выступленні нашых навучэнцаў па ўсёй краіне. Літаральна днямі мы вярнуліся з Салігорска. Раней наведвалі Баранавічы, Полацк, Вілейку, Заслаўе, не кажучы пра ўсе абласныя цэнтры. Вельмі важна наблізіць мастацтва да людзей — і адначасова сфарміраваць уласны патэнцыял, знайсці ў час такіх паездак дзяцей з добрымі прыроднымі дадзенымі. Калі малыя бачаць, як умеюць танцаваць іх аднагодкі, у іх таксама запальваецца іскрынка натхнення, з’яўляецца стымул. Ды і нашы выхаванцы атрымліваюць дадатковую матывацыю.
Больш за дзесяцігоддзе працягваецца дабрачынная акцыя “Дзеці дзецям”, калі мы запрашаем на балетныя спектаклі ў сваю залу, дзе каля 300 месцаў, дзяцей з мнагадзетных сем’яў, дамоў-інтэрнатаў, з асаблівасцямі развіцця. Спачатку, калі гэты праект толькі пачынаўся, была боязь, што маленькія гледачы будуць бегаць, шумець, перашкаджаць. Але публіка сядзела як зачараваная. А пасля аднаго з такіх паказаў да мяне падышоў расчулены бацька і прызнаўся: “Калі б мне паказвалі такую прыгажосць у дзяцінстве, я не сядзеў бы ў турме”…