Падступства і любоў

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

На пачатку 2000-х ён быў адным з самых запатрабаваных у Беларусі электроншчыкаў, жаданы госць на розных фэстах і вечарынках. Ягоныя “філасофскія страшылкі”, пакладзеныя на індустрыяльныя біты, умомант узрывалі танцполы. А потым Аляксей КУСТАЎ раптам знік з радараў. Нядоўгія пошукі прывялі ў Маскву.

/i/content/pi/cult/706/15472/17.JPG— Шырокія пласты рок-меламанаў пра цябе даведаліся на мяжы стагоддзяў — як пра басіста наваполацкага гурта The Stokes. У яго складзе ты і пераехаў у Мінск. І як сустрэла сталіца?

— Нармальна сустрэла. Было шмат выступаў, былі адпаведныя пляцоўкі, былі людзі, якім падабалася жыць такой музыкай, быць у несупыннай пульсуючай плыні. Сёй-той з мінскіх калегаў, вядома, паставіўся даволі раўніва: маўляў, мясцовым месца мала, а тут канкурэнты панаехалі. Але такое “адрыньванне” даволі хутка рассеялася дзякуючы нашаму добразычліваму здзіўленню: няўжо гэта можа так успрымацца? Мы рэпетавалі, пісалі песні, гралі канцэрты, абжывалі клубы. Прафесійны ўзровень рос няўмольна.

— Але ў “стоксах” ты ненадоўга затрымаўся...

— У нас атрымалася як у гісторыі пра Вавілонскую вежу — людзі пачынаюць гаварыць на розных мовах, хаця маглі пабудаваць яе да нябёсаў. Калі паступова губляецца твая датычнасць да агульнай творчасці, сэнс у сумеснай дзейнасці таксама паступова сыходзіць. Але згадваю пра тыя часіны з прыемнасцю. Дзякуй хлопцам за іх!

— Гараваў нядоўга, так? І неўзабаве ўліўся ў іншы калектыў — “Любовь и спорт”. Але гэтак жа хутка яго пакінуў. Не сышоўся ў поглядах з лідарам каманды Андрэем Вашкевічам?

— Назву “Любовь и спорт”, дарэчы, прыдумаў бубнач гурта Арцём Залескі — літаральна пасля першай жа рэпетыцыі. Мы шмат спявалі пра каханне. А якое каханне без спорту? І я граў у гурце, пакуль была і пачуццёвасць, і спартыўны азарт.

— Наогул, “Любовь” была вельмі перспектыўнай камандай. Існуй яна сёння, магчыма, канкуравала бы па папулярнасці з “J:морс”. Невыпадкова ў ёй у розныя гады перайгралі знакавыя для айчыннай музыкі людзі. Чаму, на твой погляд, не склалася доўгае шчаслівае жыццё ў гэтага ансамбля?

— Гурт — гэта сумеснае існаванне, адзін арганізм, надрозум. Але часам для адзінак, якія ўяўляюць сябе чымсьці значным, гэта ўсё адно не становіцца каштоўнасцю, на жаль. Нават пры разуменні, што агульны вынік невымерна вышэй за сукупнасць індывідуальных намаганняў. І ў выніку чамусьці атрымліваюцца кавер-гурты саміх сябе — нават калі яны граюць уласныя, а не чыесьці яшчэ песні. Тое ж самае, на мой погляд, адбылося і з “Любовью и спортом”. Гурт стаў граць сам сябе. І натуральным чынам разваліўся.

— Гурты, у якіх ты граў, былі ля вытокаў айчыннага поп- або проста “мяккага” рока. Або каардынаты свайго тагачаснага музычнага існавання ты пазначыў бы па-іншаму?

— Стылі можна вызначаць як заўгодна. Я лічыў, што граў постпанк — эксперыментальны і эмацыйны, а нехта чуў блюз. Добра, хай будзе блюз. А яшчэ дакладна былі і басанова, і рэгі, і гранж. А электроніка дапамагала мне запаўняць свабодныя хвіліны. І часам, пры вялікім поспеху, украпвалася ў гуртавыя сумесныя творы. Але нярэдка людзі пачынаюць лічыць працэнты долевага ўдзелу. Часцяком я нават не прапаноўваў той ці іншы ход, каб не трывожыць чыюсьці значнасць. Аднак здаралася, што ўсё ж такі не вытрымліваў, падаваў ідэі, і яны раптам выкарыстоўваліся. І станавілася зразумела, што пры жаданні можна дасягнуць нечага большага, калі не зацыклівацца ў вызначаных рамках.

— Праект “Атака с бреющего полета” быў тым увасабленнем тваёй мары — выконваць рытмічную электроніку з “жывой” бас-гітарай?

— У першую чаргу, марай маіх калегаў па праекце — Мікіты Худзякова і Дзімы Пратасевіча. Адзін хацеў хэпі-хардкора, другi — халоднага электра. У выніку, атрымаўся тэхна-індастрыэл з “прымочаным” драйвавым басам. Нейкі час гэта працавала.

— Ты стаў адным з піянераў нашай электроннай сцэны. У чым для цябе заключалася яе філасофія?

— Не думаю, што ў мяне была нейкая асаблівая філасофія. Многія музыканты з 1980-х цягалі з сабой дыктафон, каб паспяваць запісваць тое, што спантанна прыходзіць на розум. Гэта як вершы пісаць або занатоўваць сны. І я пачаў гуляцца з магнітафонам — спачатку з адным, потым з парай. Запісаў фразу, наклаў на яе нешта іншае. Я не рабіў і не раблю гэта на патрэбу, для моды. Проста, адкрываў іншыя магчымасці працы з гукамі, вобразамі і эмоцыямі. А тое, што многія ўбачылі ў гэтым нешта для сябе сугучнае — ну, выдатна.

— А як у тыя далёкія часы ўдавалася вырашаць праблемы з тэхнікай?

— Пакуль не было рытм-машыны, барабаны для асновы на плёнку запісваў. Калі камп’ютары сталі дазваляць запісваць і прайграваць адначасова некалькі дарожак, стаў працаваць з імі. Гэта ўвогуле мара была, але да сярэдзіны 1990-х проста не было такіх хуткіх камп’ютараў. На канцэртах калі была магчымасць граць з “жывымі” музыкантамі — класна. Не было ў кагосьці часу на рэпетыцыі і падрыхтоўку — выступаў з секвенсарам або ноўтбукам.

— Як ты цяпер ацэньваеш той музычны рух (назаву яго маладзёжным), які існаваў у краіне на мяжы тысячагоддзяў?

— Ён быў “неферскiм”, аб’ядноўваючы разнапланавых тусоўшчыкаў. Гэта ўспрымалася як своеасаблівая альтэрнатыва сістэме эстрадных канцэртаў, ранішнікаў і пафасных фестываляў. І “нефармальныя” мінскія клубы нават адпаведна называліся — “Рэзервацыя” і “Альтэрнатыва”, напрыклад. Некаторыя з іх выйшлі на цалкам добры ўзровень, карысталіся папулярнасцю і збіралі аншлагі. Сталі месцамі, прэстыжнымі і для музыкантаў, і для гледачоў.

— Але потым ты некуды знік?

— У 2002-м “дзвіжуха” зменшыла абароты. Прынамсі, мне гэтак здавалася. Паспрабаваў я пагуляць і ў арганізатара розных імпрэзаў, пайграць яшчэ ў пары гуртоў. Раптам аказаўся вельмі запатрабаваны на электроннай сцэне, што мяне моцна здзівіла. Але новых магчымасцяў для развіцця не знайшоў. І вось, неяк убачыў аб’яву ў “бягучым радку” аднаго з тэлеканалаў і ўладкаваўся працаваць рэжысёрам відэамантажу — балазе да таго моманту ўжо з’явіліся нармальныя камп’ютары, якія дазвалялі абыходзіцца без грувасткіх мантажных сістэм. І ў гэтым таксама была магчымасць творчасці, развіцця і пошуку. Шкада толькі, што многія каналы доўга не жывуць — мяняюцца iх фарматы, гаспадары і каманда. І часам гэта вельмі моцна адбіваецца на іх дзейнасці. Так здарылася і ў маім выпадку.

— А далей — Масква?

— Пасля працы на некалькіх рэгіянальных тэлеканалах, да мяне таксама прыйшло адчуванне “столі” — развівацца стала няма куды. Калі раней былі нейкія камандзіроўкі, курсы павышэння кваліфікацыі, то паступова гэта ўсё стала катастрафічна сціскацца і наогул губляць сэнс. Я знайшоў людзей, якія займаліся ў Маскве фота і відэа, і з’ехаў. Праз нейкі час у мяне з’явілася музычная праграма з запісам “жывых” выступаў у студыі. Калі падлічыць — каля чатырох соцень самых розных калектываў пабывалі ў ёй.

— Сам выступаеш? Можа, прадзюсаваннем займаешся?

— Для мяне самы страшны вораг — маскоўскія адлегласці. Аддаўшы дзень працы, ехаць кудысьці гадзіну-паўтары, каб парэпетаваць... Мець пад бокам студыю, каб усе прыязджалі да цябе самі — вельмі выгадны ход. А ідэя ўласнага прадзюсарскага цэнтра даўно падабалася. Адзінае, трэба зрабіць, каб гэтая схема працавала: мне не падабаецца быць адначасова і гукарэжысёрам, і менеджарам па продажах. Але ідэя жывая. Значыць — увасобіцца!

— У табе мне заўсёды падабалася гэтая рыса — не баяцца прагнявіць Бога сваімі планамі. І што ў іх сённяшніх?

— Мне блізкая ідэя мастацкага аб’яднання — для прастаты можна называць гэта, зноў-такі, прадзюсарскім цэнтрам. Каб у ім можна было атрымаць кансультацыі, дапамогу, якая не абавязвала да чагосьці, а развівала. Каб сутнасць і зерне не затапталі або падмянілі, а паглыбілі і аформілі патрэбным чынам. Падобны цэнтр мог бы стаць школай для тых, хто шукае, творыць, стварае ці не копіі, версіі і падабенства, а новае, жывое, сучаснае і на гэтай аснове — будучыню.

— Зазіраеш перыядычна ў Беларусь?

— На жаль, так склалася, што на радзіме я амаль не бываю. Але калі прыязджаю, то што бачу “з акна”. Усё, вядома, стала чысцей, машын разоў у пяць больш. Неяк у нядзелю быў у сталіцы, калі ў ёй панавала нязвыклая па маскоўскіх мерках цішыня. Але і чамусьці падумалася тады, што той Мінск — зялёны свежы Горад Сонца, які быў калісьці і дарыў казкі, зусім іншым стаў. Настальгія — падступная штука...

Даведка

Аляксей КУСТАЎ, 46 гадоў. Нарадзіўся ў Полацку. Працаваў на полацкіх тэлеканалах “Скіф” і “Квант”. Былы бас-гітарыст гуртоў The Stokes, “Любовь и спорт” і іншых, музыкант-электроншчык, кампазітар, відэа- і гукарэжысёр. З 2011 года жыве ў Маскве.