У атмасферы інкубатара

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Тэатральная плынь у нашай краіне становіцца бясконцай, практычна не мяльчэючы на традыцыйны некалі міжсезонны перапынак. Побач з летнімі прэм’ерамі дзяржаўных тэатраў, квітнеюць чыткі, ладзяцца мазгавыя штурмы ў творчых лабараторыях, расчыняюць свае дзверы мастацкія хабы. Аглядальнік “К” заглянула ў арт-рэзідэнцыю Ок16 і на прыкладзе эскізнай работы “М.” упэўнілася, што нямала ў родных пенатах натхнёных людзей, якія прагнуць парушыць спакой тэатральнага сусвету.

/i/content/pi/cult/706/15466/9.JPGКанешне, ідэя аб’яднаць на адной пляцоўцы адзінадумцаў для стварэння накіду, які можа паслужыць імпульсам для нараджэння сапраўднага спектакля, — для Мінску не новая. Аднак арт-рэзідэнцыя Ок16 змагла падараваць тое, чаго, па маім адчуванні, не хапала іншым культурным лакацыям сталіцы: лёгкасць, мабільнасць і прастору, якую можна /i/content/pi/cult/706/15466/10.jpgтрансфармаваць пад любыя патрэбы фантазіі.

Гэтую творчую пясочніцу арганізатары назвалі хабам — “вузлом”, які звязвае ў адной геаграфічнай кропцы людзей розных кірункаў мастацтва. У індустрыяльных інтэр’ерах былых завадскіх цэхаў, якім пазайздросціў бы і сам стваральнык нашумелага “Вострава сабак” Уэс Андерсан, на нашых вачах тчэцца міждысцыплінарная культурная тканіна. Спрыяе нараджэнню нестандартных арт-аб’ектаў і неабмежаванасць прасторы — 1700 квадратных метраў хапае, каб разгарнуцца, — і магчымасць працаваць плячом да пляча мастакам, акцёрам, танцоўшчыкам, мастацтвазнаўцам.

У гэтай унікальнай атмасферы інкубатара на працягу лета працавала арт-рэзідэнцыя Summerspace. У жнівеньскі вагон заскочыла рэдактар Цэнтра беларускай драматургіі Настасся Васілевіч і зацягнула сюды ж Мікіту Ільінчыка — маладога тутэйшага рэжысёра, які па прафесію з’ехаў у ГИТИС (майстэрня Яўгена Камяньковіча і Дзмітрыя Крымава). Куратар і рэжысёр пачалі разам працаваць над спектаклем па тэкстах са зборніка “Эпідэмія ружаў” беларуска-амерыканскай паэткі Вальжыны Морт. Вакол ідэі з неверагоднай хуткасцю сталі гуртавацца такія ж прагныя да тэатральнага эксперыменту людзі: пастаноўшчык пластыкі Сяргей Паяркоў, відэёграф Аляксандра Бабкова, майстра на ўсе рукі Паліна Дабравольская — салістка тэатра “Тэрыторыя мюзікла”, якая са студэнцкай лавы спрабуе сябе на рэжысёрскай сцежцы (з апошняга — ліпеньская чытка ў ЦБД “П’есы ў шасці агідных сцэнах” Вольгі Раманавай).

У гэтай віхуры сумесных пошукаў за два тыдні нарадзіўся спектакль “М.” — сумесь радкоў, калі словы аднаго верша імкнуцца знайсці адказ на свае страхі ў іншым творы. Напружанасць тэкставых паваротаў на сцэну пераносілі Леў Пархалін, Вольга Піпчанка (надзвычай перспектыўная дзяўчына, якая навучаецца на акцёрскім аддзяленні ГИТИСА) і Святлана Цімохіна — актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, якая прыўнесла ў эскізную работу апантанай моладзі балючыя развагі пра пошук свайго месца ў сусвеце, што нахабна сціснуўся да чатырох паўсядзённых сцен. “Я апранула гэты дом на сябе як гіпс, каб зарасціць галаву”, — вымаўляе гераіня спадарыні Цімохінай, высмоктваючы сокі са сваіх верных суразмоўцаў — пластыкавых бутэлек з вадой. І з гэтага штучнага частаколу не выбрацца і яе дачцэ, бо акіян памяці, калі яго своечасова не прыручыць, зацягвае ў хаджэнне па пратаптаным іншымі заганным коле.

Словы Вальжыны Морт у мізансцэнах з дасведчанай актрысай нарасталі сутнасцю, даючы зачэпкі для расшыфроўкі дзеяння, але губляліся за пярэстасцю ўсіх жанраў і прыёмаў, якія моладзь імкнулася ўмясціць у адзін спектакль. Мазаічнасць можна патлумачыць імпульсіўнасцю пачаткоўцаў у прафесіі і прагай паспрабаваць сябе ва ўсім і адразу. Але ў такіх памылках якраз і напрацоўваецца вопыт і выкрышталізоўваецца нестандартны погляд на працэс стварэння пастаноўкі.

Гледачы маглі папрысутнічаць пры нараджэнні тых самых плыняў, якія прымушаць айчынны тэатр варушыцца, бо апошні ўсё часцей выглядае празмерна зарэгламентаваным, пралічаным ды і проста далёкім ад рэальных перажыванняў свайго сучаснага гледача.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"