Мода як медыум

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Дэфіле па выставе Non-fashion
Што для нас значыць адзенне? Пра што здольная распавесці мода? На выставе Non-fashion у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў куратарка Дзіна Даніловіч сабрала праекты беларускіх і замежных мастакоў, якія раскрываюць знаёмае ўсім паняцце як суплёт сацыяльных і індывідуальных правіл. “Адзенне — гэта гістарычны запіс, спосаб камунікацыі са светам, архітэктура асабістай прасторы, нарэшце, спосаб выяўлення сваіх рэлігійных, палітычных і культурных установак”, — піша ў эксплікацыі да выставы Алена Сямёнава.

/i/content/pi/cult/700/15360/18.JPGМода як персанальная і калектыўная гісторыя

Цвіком выставы можна назваць даследчыя праекты, якія адлюстроўваюць калектыўнае праз асабістае. Напрыклад, у “Белай сукенцы” Аксаны Веньямінавай прадстаўлены фатаграфіі і гісторыі жанчын, якія захоўваюць вясельныя строі больш за дзесяць гадоў. “Баялася, што калі прадам сукенку, то ў ёй пахаваюць дзяўчыну. Ці хтосьці апране яе на вяселле, а потым развядзецца, а гэта на мяне паўплывае”, — тлумачыць сваю прычыну Вольга, 31 год. “Хацела перарабіць яе ў блузку, але сэрца ёкнула. Папрашу, каб сукенку паклалі са мной у труну. Хачу, каб яна сышла са мной”, — кажа Галіна Мікалаеўна, 66 гадоў. “Купіла гэтую сукенку ў камісіёнцы і штогод іграю ў ёй Снежную Каралеву ў дзіцячым садку, дзе працую”, — распавядае Наташа, 36 гадоў.

Побач з расповедамі жанчын — іх фота. Спакойныя, далікатныя партрэты ў інтэр’ерах кватэр і памяшканнях, дзе гераіні дэманструюць сваю сакральную рэч — белую фату ці сукенку. Хтосьці — апрануўшы на сябе, хтосьці трымае ў руках, хтосьці павесіў побач. Звычайныя людзі дзеляцца сваім патаемным, рэтранслюючы павер’і традыцыйный культуры ды асабістыя забабоны. Але ў гэтым памкненні яны не выглядаюць глупа — хутчэй, іх пастава крохкая ды кранальная. У ёй — водбліск мараў аб прыгожым шлюбе і жаночым шчасці, ды нават проста ўяўленне сябе прынцэсай. Культурныя ўстаноўкі, што трансфармуюцца ва ўжо асабістае павер’е. Вясельны строй ператвараецца ў персанальны татэм, які захоўвае інтымны свет. Прычым, калі задумацца, ім можа быць кожная рэч.

Падобны пераход ад асабістага да грамадскага прасочваецца і ў праекце Таццяны Ткачовай “Сезоны Веры”. Аўтарка пазнаёмілася з 91-гадовай жыхаркай Валожына выпадкова, на вуліцы. Фатографа прывабіла незвычайна апранутая жанчына. Таццяна падышла да яе — і была запрошана Верай у госці, дзе модная кабета распавяла пра асабістае “багацце” — калекцыю адзення, якую яна збірала на працягу ўсяго жыцця. У зборы Веры рэчы як яе асабістыя, так і падораныя ёй дачкой, татам, ятроўкай, сяброўкай. Спадніца ў палоску, кашуля — у гарохі, ваўняная спадніца, пераробленая ў сукенку, ваенная кашуля, плашч з вялізнымі плячыма, выпускная сукенка дачкі, паліто, якое Вера купіла, калі распаўся Савецкі Саюз, сукенка, пашытая з тканіны, што сястра прывезла с Францыі, касцюм з сэканд-хэнда. Праз гардэроб Веры можна прасачыць гісторыю жыхароў Беларусі і ўбачыць іх несупынную прагу да прыгажосці і самавыяўлення, якая нікуды не знікала нават у самыя складаныя часіны.

Вера пагадзілася папазіраваць у сваіх строях, але амаль на ўсіх здымках жанчына трымаецца адной позы. Дыванок на сцяне і канапа — аднолькавы фон на ўсіх фота. У такой падачы мы бачым парад эпох і, хутчэй, дасціпнасць Веры, чым яе імкненне спадабацца. Гэта дэфіле ўласных успамінаў. Рэчы як персанальны набытак і фіксацыя досведу, той летуценнасці дзён, з якой хочацца і пакуль можна гуляцца. “Сезоны Веры” стварае яна сама, робячы з вопраткі розных гадоў свой непасрэдны сучасны look. Жыццё вартае таго, каб зрабіць з яго ўласны кактэйль. Нават калі ўспамінаць часам і балюча.

Побач з праектам Таццяны Ткачовай — знаёмыя тыпажы. Куратар Уладзімір Парфянок у межах Non-fashion прадставіў праект “Баранавіцкія моды. 1950-я. Фатаграфіі Петрыка Таранды”, папрацаваўшы з нядаўна выяўленым архівам фатографа-самародка (пра яго “К” не так даўно пісала). Пятро Таранда, які пачаў актыўна фатаграфаваць у 1950-я гады, нароўні з рэпартажнымі сюжэтамі рабіў выдатныя партрэты сваіх сваякоў і калег. А калі ўлічыць, што працаваў фатограф-аматар у тыя часы на Баранавіцкай швачнай фабрыцы, становіцца зразумелым, чаму ў яго аб’ектыў траплялі такія стыльныя людзі. Прычым мода на фатаграфіях майстра набывае моц вітальнасці, калі ў імкненні прыгожа апранацца чытаецца жаданне жыць — пасля ўсіх перанесеных нягодаў.

Дзяўчыны і жанчыны ў капялюшах, з невялікімі клатчамі, у касцюмах у клетку, у белых панчохах, у блузках з элегатнымі брошкамі, наколатымі пад каўнерам, у плашчах… Дзе толькі яны не пазіруюць: на вуліцы горада, у садочку, у полі, ды нават у двары, дзе ў кадр трапляе галава гуся. Фотаперформанс, у якім два бакі — мадэль і фатограф — ствараюць прыгоду для ўласнай радасці. Індывідуальны і калектыўны жэст самавыяўлення мірнага часу.

/i/content/pi/cult/700/15360/19.JPGМода як пастка і вызваленне з яе

Аднак чым з‘яўляецца мода для сучаснага грамадства? Выстава прапануе некалькі праектаў, прысвечаных модзе як індустрыі і сацыяльнай канструкцыі, у якую ўключаны інстытуты сучаснага капіталістычнага свету. У прыватнасці, чэшская мастачка Ленка Вацкава выкрывае машыну па вытворчасці брэндаў, якая часам грэбуе маральнымі прынцыпамі. Што стаіць за прэстыжнай маркай? Чыёй працай карыстаюцца карпарацыі для вырабу брэндавага адзення? Чаму мы імчым у пагоні за трэндамі? Ува што ператвараецца бяздумнае спажыванне? Чэшская мастачка робіць радыкальнае выказванне па тэме, набіваючы на цела чырвоныя часовыя татуіроўкі ў выглядзе брэндавых надпісаў. Чыёй крывёй аплочваюцца нашы кароткатэрміновыя абноўкі? — літаральна пасыл мастачкі можна прачытаць такім чынам. Дакументуецца не толькі сам працэс татуіравання, але тое, як яго вынік выглядае праз пэўны час. Тоненькія надпісы на скуры — метафара таго, які кароткі век трэндаў.

Брытанка Лара Торэс у сваёй працы “Немагчымы гардэроб для нябачнага” надае адзенню вымярэнне эфемернасці. Яе відэаперформансы і адначасова дакументальныя фільмы, як яна іх называе, дэманструюць момант растварэння адзення. Пашытае з адмысловай тканіны, яно знікае, калі чалавек пагружаецца ў ваду — на целе герояў фільма застаюцца адно тоненькія ніткі-швы. Праект Лары складаецца з некалькіх фільмаў: “Маладая пара”, “Старэйшы сядзіць”, “Жанчыны перасякаюць ваду”, “Два чалавекі абдымаюцца”, “Чалавек апускаецца на падлогу” — і ў кожнай стужцы агаленне герояў становіцца падставай для развагаў пра сацыяльныя ўстаноўкі, пра слабаць і ўразлівасць станаў людзей — закаханасць, блізкасць, сталасць… Адзенне як нашы культурныя і сацыяльныя ўстаноўкі, — што, урэшце, застаецца, калі іх выявіць, пазначыць праз адсутнасць?

Дадатковую канатацыю ў суседстве з работай брытанкі атрымоўвае праект Дзіны Даніловіч Nude is not found. На фатаграфіях — малады чалавек, які ляжыць на задрапіраванай паверхні, — вобраз, што адсылае да іканічных выяў і палотнаў класічнага жывапісу. Аголенасць мужчыны хаваюць прымацаваныя да фатаграфіі абрыўкі белай кашулі, якія пераўтвараюць фота, лічы, у аб’ект. Калі грамадства ўспрымае аголенае цела ў жывапісе, чаму яно настолькі жорстка ставіцца да падобнага ў дачыненні фатаграфіі? — задаецца пытаннем аўтарка. Нават у тых мастацкіх выказваннях, дзе адзенне прадаецца чымсьці залішнім і знарочыстым.

помста каханнем

І ў гэтай частцы хочацца адзначыць працу Вольгі Салахеевай і Паўла Няхаева “Я адпомшчу свету каханнем”. У яе цэнтры — вясельная сукенка, што карэлюецца з праектам Аксаны Віньямінавай. Але матыў тут трошкі іншы. Набыўшы моц сімвала, у творы Вольгі і Паўла вясельны ўбор дасылае да цалкам канкрэтнай гісторыі. Гаворка — пра трагедыю першага кахання сусветнавядомага рэжысёра Сяргея Параджанава. Узяўшы ў жонкі дзяўчыну з сям’і малдаўскіх татараў, малады творца “не выкупіў” жыццё нявесты згодна з мясцовымі традыцыямі. У выніку Нігяр была забітая сваёй жа сям’ёй неўзабаве пасля вяселля. Праект звяртае ўвагу на тыя культурныя забабоны, якія існуюць і ў наш век, перашкаджаючы шчасцю закаханых ды часам забіраючы іх жыцці. Інтэрпрэтуючы трагедыю мастака, Вольга і Павел звяртаюцца да яго мастацтва — фільмаў. Белая сукенка ў аўдыёвізуальнай інсталяцыі аўтараў становіцца экранам для дэманстрацыі кадраў са стужак класіка, у якіх адлюстраваны вясельныя абрады. Боль ад страты Параджанаў пранёс скрозь усё жыццё, “помсцячы свету каханнем” у сваіх стужках. Сукенка ў працы мастакоў становіцца лістом да ўсіх разлучаных закаханых. Пер’ем, якое ляціць удалячынь ад несправядлівасці свету.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"