Як адзначыла дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў АНТ Ксенія Бахарава, тэму для спектакля падказаў, уласна, Год малой радзімы, аб’яўлены сёлета.
— І ў нас атрымалася душэўнае, шчырае і настальгічнае прадстаўленне з перасоўваннямі ў прасторы і часе, — па магчымасці ўнікаючы спойлераў, апісвае яна фармат пастаноўкі. — У цэнтры гісторыі — зорка эстрады, якая “выбілася ў людзі” і саромеецца сваіх каранёў. Аднак збегам абставін артыст трапляе на адну невялічкую чыгуначную станцыю, сустракае там яе начальніка і разам з ім узнаўляе свае мінулае, перасоўваючыся ў прасторы і часе. Успаміны галоўнага героя ілюструюцца музычнымі нумарамі: гэта сустрэча з першым каханнем, сябрамі дзяцінства, першыя крокі ў прафесіі… У выніку вандроўкі ў сваё юнацтва артыст вырашае застацца на малой радзіме. Мы звяртаемся да гледачоў з пасылам памятаць пра родны дом і бываць там часцей.
У пастаноўцы задзейнічаны вядомыя артысты: галоўную ролю пыхлівай зоркі выконвае Анатоль Голуб, начальніка вакзала — Уладзімір Варанкоў. Таксама у спектаклі бяруць удзел Вольга Няфёдава і Алена Дуброўская.
За музычную частку адказваюць Сяргей Трафімаў і гурт “Блестящие” з Расіі, Мікалай Гнацюк і Таісія Павалій з Украіны, ВІА “Синяя птица”. У гала-канцэрце, у якім сёлета прымае ўдзел найбольшая колькасць артыстаў у параўнанні з папярэднімі пастаноўкамі, выступяць Анатоль Ярмоленка, Алена Ланская, Анастасія Ціхановіч, Тэа і Вольга Рыжкава, Ядзвіга Паплаўская. А таксама да свята далучыцца народны хор вэтэранаў вайны і працы “Мост пакаленняў” з Оршы.
— Мяне хор уразіў сваёй дысцыпліванавасцю і прафесіяналізмам, — адзначыў рэжысёр пастаноўкі Максім Сокал. — Прычым у яго складзе — артысты самых розных узростаў: ад сталых мужчын, якія паспелі пабачыць жыццё, да юных дзяўчат. Але калектыў утварае адно цэлае і выступае вельмі эмацыйна, душэўна.
Для Максіма Сокала, які скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і ўжо паспеў папрацаваць у розных праектах на ўкраінскім і беларускім тэлебачанні, “Малая радзіма” — не першы досвед такой працы. Яго папярэднія пастаноўкі — музычна-тэатральныя спектаклі “Папараць-кветка” і “Купальская казка”, якія дэманстраваліся на АНТ, — прыйшліся даспадобы многім.
— Аднак працаваць над “Малой радзімай” — асаблівая асалода, — распавядае пра цяперашні праект Максім Сокал. — Бо гэта тэма кожнаму зразумелая. У кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён вырас, дзе прайшло яго дзяцінства. Нават у жыхара сталіцы. У маім выпадку, малая радзіма — гэта раён Чыжоўка, а потым Шабаны. І калі я заязджаю туды — адразу захопліваюць успаміны. Гэта ўнутранае адчуванне роднага месца, падаецца, нам удалося перадаць.
Па яго словах, з вялікім энтузіязмам працуюць у спектаклі і акцёры:
— Яны прапаноўваюць мноства розных ідэй, літаральна “запальваюць” мяне сваім імпэтам. Амаль кожная рэпетыцыя праходзіць на душэўным уздыме.
Улічваючы, што рэжысёр ужо не аднойчы сустракаўся з гледачом у Александрыі, чарговая прэ’мера мюзікла не падаецца яму цяжкім выпрабаваннем.
— Хваляванне, натуральна, ёсць, бо мы пакажам спектакль, які дасюль ніхто не бачыў, — прызнаецца Максім Сокал. — Але я люблю гледача Александрыі — гэта надзвычай чулая і ўдзячная публіка. Люблю тую атмасферу, якая пануе на фестывалі. Да таго ж, вынайдзены намі фармат — сплаў лірычнага спектакля з эстрадным канцэртам — мне падаецца ўдалай формай, ненапружлівай, лёгкай, але ў той самы час з сэнсам. Я літаральна раствараюся ў маім новым праекце — і запрашаю ўсіх на прэм’еру!
Тыя, хто не патрапіць на прэм’еру мюзікла ў Александрыю, 8 ліпеня змогуць паглядзець яго тэлеверсію на канале АНТ.