Ноч музеяў ужо не тая. Яшчэ пару гадоў таму ёй быў уласцівы наплыў “няпрофільнай публікі”. Цяпер праблема адваротная і куды больш звыклая: як прывабіць аўдыторыю? Флагманаў гэта асабліва не тычыцца (чарга каля Нацыянальнага мастацкага была не нашмат меншай, чым у мінулыя гады), але раней натоўпы збіраліся ці не ля кожнага музея. Цяпер ужо не.
Адсякаць “лішніх людзей” (што на пачатку зазвычай рабілася з дапамогай узмоцненых пастоў міліцыі, потым — дарагіх квіткоў, і ўрэшце — рафінавана-эстэцкай і наўмысна-занудлівай праграмы), сёлета не спатрэбілася наогул. “Лішнія людзі” проста не прыйшлі.
У прынцыпе, гэта вытлумачальна. У той нядаўні час, калі мы далучыліся да Ночы музеяў, на Беларусі паўсюдна адчуваўся сапраўдны голад на нестандартныя “івэнты” і проста тусоўкі. Але літаральна за апошнія гады ўсё змянілася. Прапанова стала перавышаць попыт, і “нямэтавы глядач” цяпер праводзіць той вечар у адным з бараў “на Зыбе” альбо яе адпаведніку, якія паназ’яўляліся ці не ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.
Тым болей, некаторыя музейшчыкі вельмі па-свойму адрэагавалі на абвінавачванне ў “балаганнасці” і “папсовасці” — і сталі ўтрапёна вынаходзіць антыдот. У выніку, замест карнавальнага тлуму і моцных хэдлайнераў, наведвальніку прапануецца нешта адваротнае. І яму гэта, відавочна, не падабаецца. Усё ж, як ні круці, Ноч музеяў успрымаецца нашым народам як свята. А культуралагічная лекцыя а трэцяй ночы — задавальненне так сабе.
І ў выніку Ноч музеяў рызыкуе канчаткова страціць сваю колішнюю шалёную папулярнасць ды патануць на пярэстым тле розных іншых імпрэзаў. Іх асартымент у Мінску вялікі, але той самы агульны досвед яны не забяспечваюць. Хутчэй, адбываецца нейкая дысперсія і высілкаў і, адпаведна, глядацкага досведу.
Менавіта таму вельмі важная кансалідацыя высілкаў музейных і калямузейных устаноў. Але пры гэтым не менш істотна і ствараць у кожнай з іх належную крытычную масу, зграбаючы ў адну праграму як мага больш розных творчых сіл. Балазе, у Беларусі гэта магчыма: людзі мастацтва вельмі рады, калі іх кудысьці запрашаюць. І зазвычай нават не пытаюць пра ганарары.
Балет і канцэрт класічнай музыкі ў пашарпаным заводскім цэху — гэта па-свойму цікава. Аднак было б вельмі здорава, каб па суседстве рабілася нешта іншае — можа, падобнае, а можа, і кантраснае. Менавіта моцная канцэнтрацыя энергіі на квадратны метр плошчы і здатная стварыць той агульны досвед, магчымасць атрымаць які прымусіць гледачоў устаць з канапаў ды барных крэслаў.
Але, канешне, найперш для гэтага трэба, каб у саміх музейшчыкаў зноў з’явілася адчуванне здаровага драйву ды памкненне зрабіць у гэтую ноч нешта сапраўды незвычайнае.
І яшчэ. Перакананы, што рана ці позна Ноч музеяў зноў стане акцыяй не камерцыйнай, а менавіта культурна-асветніцкай — як тое і было ад пачатку. Бо менавіта на гэтай ніве музейныя ўстановы — па-за канкурэнцыяй, і ніякі бар “на Зыбе” іх не заменіць.