Майстар і яго Алены

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Мастак Алесь Ксяндзоў — пра ўласцівасці жарсці. У творчасці
Пра любоў ведаюць усе. Мой сусед, следчы пракуратуры, які любіць каньяк ды пародзістых сабак, гатовы гаварыць пра гэта бясконца. Словам, пра любоў ведаюць усе, пра каханне ж — ніхто. Але гэта зусім не азначае, што асэнсаванне тэмы — справа безнадзейная. Час ад часу творцы спрабуюць акрэсліць і зразумець межы той прасторы, дзе рэй вядзе Жанчына, свет вакол якой кружляе і дзеля якой прыціхлыя мужчыны складаюць вершы, музыку, пішуць карціны і шукаюць на небе новую зорку, каб назваць яе іменем адзінай і непаўторнай.

/i/content/pi/cult/681/15008/26.JPGЯпонскі ілюстратар пад псеўданімам avogado6 спрабуе маляваць пачуцці. Як па мне, атрымліваецца не надта. Беларускі мастак Алесь Ксяндзоў усё жыццё малюе Жанчыну. Прычым, не прыгажосць яе, а існасць. А паколькі існасць жаночая і ёсць Каханне (хто паспрабуе абвергнуць?!) — значыць, яго і малюе. Як па мне, робіць гэта бліскуча.

Мы маглі б пайсці больш простай дарогай: стварылі б драўляны “дацкі” тэкст пад агульнай назвай “Роля жанчыны ў развіцці беларускага жывапісу” і рукі даўно памылі б. Але хто з творцаў шукае лёгкіх шляхоў у жыцці? Таму пачалі здалёк, нетаропка, каб не заблытацца ва ўласным даследаванні пад назовам “Жанчына. Жывапіс. Каханне”. І яшчэ раз паспрабаваць адчыніць запаветныя дзверцы, за якімі — асляпляльная Ісціна.

Першае каханне

Яно напаткала Сашу Ксяндзова ў адносна сталым для гэтага ўзросце: недзе ў чацвёртым класе. У дзяўчыны былі косы, за якія будучы мастак яе пастаянна торгаў. Заляцанкі аказаліся нядоўгімі.

— Неяк на ўроку яна ўрэшце павярнулася і чарнільнай асадкай з жалезным пёркам прабіла мне шчаку, — згадаў Алесь. — Адмеціна доўга яшчэ заставалася. Першы вопыт быў горкім.

Ці паўплываў ён на творчасць Ксяндзова? Адназначнага адказу няма. Але, па маім меркаванні, усё ў гэтым жыцці ўзаемазвязана. Тым больш, што хлопчык, хоць і трымаў яшчэ аловак не вельмі ўпэўнена, але ўжо хацеў тварыць. Таму пастаянна прасіў дзядзьку, здольнага ў гэтай справе: “Намалюй гэта, намалюй тое!” Сачыў за тэхнікай. Потым з тэорыі ўпэўнена перайшоў да практыкі. Спачатку гэта былі выявы аўтамабіляў. А калі ўпершыню з’явілася выява жанчыны?

— Нават у мастацкай студыі, якой кіраваў Аляксей Марачкін, гэтага не было. А вось калі вучыўся ў школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, тады і жаночыя вобразы з’явіліся — гэта ад Мадыльяні ўсё ішло. Ажно да трэцяга курса інстытута. Мой другі настаўнік Гаўрыла Вашчанка казаў, што выключыць мяне са студэнтаў, калі я не пазбаўлюся мадыльянізму. Давялося яго задушыць — мадыльянізм, у сэнсе.

Але жаночыя партрэты (гэта ўжо я, Рагін) з незразумелым магнетызмам выяваў у творчасці Ксяндзова засталіся і калісьці моцна выбілі мяне з каляіны роўнага светаўспрымання. Цяжка, калі штосьці не можаш патлумачыць нават самому сабе. Прашу мастака дапамагчы.

Асоба з вуліцы

— Партрэт мяне зацікавіў калісьці раз і назаўжды. Гэта яшчэ і ўплыў Эль Грэка, арыгіналы работ якога давялося пабачыць у Маскве. Партрэт стаў адным з улюбёных жанраў. Вобраз жанчыны прынцыпова не шукаю, ён трапляе на вочы выпадкова, непрадказальна, нечакана: на вуліцы, вернісажы, вечарыне, у гасцях. Выбіраю не прыгожанькіх, а прыгожых. Адчуваеце розніцу? А вобразы чапляюць наступныя: рудыя валасы, белая скура і ўся — у рабацінні… Рудых, каб вы ведалі, вельмі мала. Яны — асаблівыя. Калі сустракаю такіх, прашу стаць мадэллю. Многія пагаджаюцца.

І тут, паважаныя чытачы, — ці не пра самае галоўнае. Спадар Алесь упэўнены, што ў вобраз натуршчыцы неабходна закахацца. Не ў канкрэтную жанчыну, а ў яе вобраз. І калі гэта адбываецца, мяркуе жывапісец, ты вельмі тонка адчуваеш тое, што робіш. “Калі ёсць мяжа недатыкальнасці з аголенай мадэллю, — разважае жывапісец, — тады я з замілаваннем магу ставіцца да пластыкі. Прыблізна так і з’яўляецца сапраўдны твор”.

Натуральна, я не мог не задаць пытанне: “Хіба ж нельга сумяшчаць працу з натуршчыцай з каханнем да яе? — Можна, — тэарэтызаваў мастак, — але спачатку праца, потым каханне. Не паралельна, а паслядоўна”. Але такі досвед (і я веру!) у спадара Алеся адсутнічае.

— Іншым разам з асобнымі натуршчыцамі падтрымліваю сяброўскія адносіны, але толькі сяброўскія, — кажа ён.

А я гэтым часам абагульняю яго словы: анатомію пачуццяў, формулу кахання, геаметрыю зносінаў. Час ствараць інструкцыю для маладых мастакоў “Што такое аголеная натуршчыца, і як з ёй абыходзіцца”. Прынамсі, лекцыю прыкладна такога зместу Ксяндзоў чытае сваім мадэлям пастаянна: нічога асабістага, гэта праца, няпросты творчы працэс, мужчынскае эга адступае, мастакоўскае пераважае…

Імправізацыя ў стылі “Ню”

/i/content/pi/cult/681/15008/25.JPGМадэль, натуршчыца — гэта ідэал для мастака? Гэта тыя жанчыны, з-за якіх пачынаюцца войны? Не. Алесь выбірае іх не па гламурных канонах. У ягоных жанчын прапорцыі — не ідэальныя. Іншы мужчына прайшоў бы міма з халодным сэрцам.

— З-за такіх кабет, — упэўнены мастак, — войны не распачынаюць, я хіба што магу пабіцца з тымі хлопцамі, якія не заўважаюць іх непаўторнасці.

Тут можна з творцам і не пагадзіцца. Колькі існуе чалавецтва, столькі і каноны жаночай прыгажосці мяняюцца. І хто мне скажа, як выглядала жонка цара Менелая прыгажуня Алена, з-за якой і пачалася Траянская вайна?

Адно зразумела: сваіх прыгажунь Алесь Ксяндзоў нястомна піша яшчэ і таму, каб паказаць іх самабытнасць іншым мужчынам. Маўляў, глядзіце, што недаацэньваеце. Мо пасля гэтага хоць нейкім чынам зменшыцца на Беларусі колькасць адзінокіх людзей? Так што тут яшчэ і сацыяльная праблема вырашаецца. Праўда, Ксяндзоў пра гэта не ведае. Ягоная справа — пісаць. У яго нават запэцканая палітра ў майстэрні — як адмысловы твор мастацтва.

Алены невыпадковыя

Пагаварылі трошкі пра муз. Згадалі жонку Гаўрылы Вашчанкі, за якой мастак быў як за каменнай сцяной. Яна і натхняла, і падтрымлівала, і, калі трэба, выбівала, але заўжды заставалася ідэалам. Але паразважалі і пра сінтэтычны мастацкі вобраз-ідэал. Прыйшлі да высновы, што ён — у любым анатамічным атласе. Закахацца ў такі толькі ў жахлівым сне можна.

— Студэнтам я так сітуацыю тлумачу, — распавядае спадар Алесь. — Загадваю: намалюйце прыгожанькую яблыньку. Яны стараюцца, ствараюць ідэал. Атрымліваецца нешта халоднае, мёртвае. У жывога дрэва — свой характар, у яго галінкі несіметрычна растуць.

Чалавека стварыў Бог. Пачуцці — у тым ліку і каханне — людзі займелі самі. Пластыку гэтых пачуццяў і адшуквае Ксяндзоў.

Дык каханне — гэта праклён ці шчасце? Мы тут з Алесем ледзь не пабіліся. Ён, сённяшні, заклікае студэнтаў не губляць галаву, не кідацца неабачліва ў вір кахання, не губляць час, а пісаць, пісаць, пісаць. А ў мяне — супрацьлеглае меркаванне. Ці атрымаецца з чалавека мастак, калі той не прайшоў праз выпрабаванне каханнем? Мо і атрымаецца, але ён будзе кепскім мастаком. Дык ці варта стрымліваць жарсць?

Дарэчы, наконт Алены. Ну, з-за якой траянцам спакою не было. Пра яе канкрэтна гаворкі не будзе. А вось тое, што Алесь Ксяндзоў нарадзіўся 18 жніўня, у дзень Святой Алены Роўнаапостальнай (яна і Труну Гасподнюю адшукала, і Крыж), пра нешта ды кажа. Як і тое, што Ален вакол Ксяндзова заўжды вельмі шмат, у тым ліку — і сярод натуршчыц. Гэта як рэха ад той, якая прычынай вайны стала. Містыка.

Адзіная і непаўторная

Вы запытаеце, а што ж жонка мастака? Спадарыня Людміла, як і любая жонка таленавітага жывапісца, — мужная і стойкая жанчына. На пытанні нахабных журналістаў пра шматлікіх натуршчыц Ксяндзова адказвае праўдзіва: “Спачатку ўсякае-рознае бывала, а потым прызвычаілася”. Здымаю перад ёй капялюш. Дарэчы, шыкоўны капялюш Алеся Ксяндзова — тэма для асобнага грунтоўнага расповеду.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"