Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Калі я паступала, мяне ніхто не чакаў з распрасцёртымі абдымкамі, хаця за маімі плячыма была вельмі добрая практыка ў Херсонскім драматычным тэатры. Дарэчы, тое, што я стала дырыжорам, адбылося невыпадкова, бо ў тэатры на той час проста не было чалавека, які мог гэтым займацца, таму месца прапанавалі мне. Я ж мела адукацыю харавіка-дырыжора — а гэта крыху іншы напрамак у музыцы. Для дырыжыравання мне патрэбны быў адпаведны багаж ведаў, таму каб рухацца далей, я вырашыла паступаць у беларускую кансерваторыю другі раз ужо на іншае аддзяленне.
Цікава, што ў Акадэміі музыкі дырыжыраванне часта выкладаюць і мужчыны, і жанчыны, аднак яны вельмі рэдка становяцца практыкамі, паколькі потым даволі цяжка кудысьці прабіцца, важна, каб табе пашанцавала. Для чаго неабходна апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час — гэта аднолькава і для мужчын, і для жанчын, бо ўсё залежыць ад актыўнасці і жадання. Жанчынам толькі складаней, паколькі дасюль супраць іх у мужчын ёсць шмат перадузятасцяў, якія толькі перашкаджаюць.
У Заходняй Еўропе цяпер увогуле не закранаецца пытанне палавой прыналежнасці. 30 гадоў таму жанчына-дырыжор таксама здавалася чымсьці незвычайным, цяпер жа, я лічу, гэтым нікога не здзівіш. За мяжой столькі жанчын, якія іграюць на “выключна мужчынскіх” медных інструментах: там шмат валтарністак, трамбаністак, трубачак. У Беларусі ёсць жанчыны-кантрабасісты — і іх, дарэчы, даволі многа, хаця калісьці гэта таксама было вялікай рэдкасцю.
Мы звыкліся да думкі, што роля мужчыны ў прафесіі толькі станоўчая, ён моцны, разумны і гэтак далей. Аднак я б выдзеліла такі мінус у мужчын-дырыжораў, як энергетычная прорва. Калі дырыжор — мужчына, гэта яшчэ не значыць, што ён здольны бясконца выпраменьваць энергію. Таксама гэта тычыцца і другой адмоўнай якасці — ганарыстасці, неапраўданых амбіцый, якія, на жаль, уласцівыя многім мужчынам-дырыжорам. Калі мы гаворым пра добрыя якасці, то… зачараванне — гэта выдатна, нават калі мужчына непрыгожы. Дрэнна, калі ён млявы, нетэмпераментны. Для мяне музыка — гэта вельмі тонкая субстанцыя, таму я лічу, што ў дырыжора павінен быць музычны талент і тэмперамент, а таксама і рашучасць.
Перавагі жанчын-дырыжораў складана выкласці матэматычна. Мне часта гавораць пра пэўныя моманты, якія я зрабіла чыста па-жаночаму, на што адказваю: было б вельмі дзіўна, калі б я іх зрабіла па-мужчынску. У мастацтве жаночы позірк на некаторыя рэчы зусім іншы. Кабета можа быць больш мяккай, у музыцы штосьці расцягнуць, падкрэсліць тое, міма чаго пройдзе і не заўважыць мужчына. Магчыма, ва ўсім гэтым тоіцца тая наша ўнікальная рыса, якую і называюць жаноцкасцю? Я імкнуся быць жаноцкай нават у сваёй прафесіі.
Жанчынам, якія працуюць у музычнай сферы і жывуць у музыцы, я б пажадала быць пяшчотнымі, ласкавымі, мудрымі — гэта вельмі важна. Калі вы хочаце чагосьці, не трэба саромецца гэтага, баяцца чужога меркавання. Вы павінны ажыццяўляць мары і не крыўдзіцца на абставіны.