Яшчэ трохі словаў пра Уладзіміра Караткевіча

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Абраўшы ў якасці героя свайго сяброўскага нарысу Уладзіміра Караткевіча (гл. №6 “К”), наш пастаянны аўтар Адам Глобус памкнуўся ахапіць неахопнае — зважаючы хаця б на маштаб асобы і невычарпальнасць знітаваных з ёю тэмаў. Таму эсэ нібы само сабою патрабавала працягу. Як вынік, змяшчаем новую порцыю згадак пра “дзядзьку Валодзю”.

/i/content/pi/cult/680/14987/27.JPGЭсэ і рэстаўрацыя

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” рыхтуецца дванаццаты том збору твораў Уладзіміра Караткевіча. У ім будзе эсэ пра Мсціслаў. Пільныя рэдактары і цэнзары ў першай, яшчэ савецкіх часоў публікацыі, павыкрэслівалі адтуль шмат розных прозвішчаў. Цяпер руплівыя ўкладальнікі і выдаўцы іх паціху аднаўляюць. У кнігу пра наш усходні казачны горад вернуцца і рэстаўратары: Валодзя Ракіцкі, Юра Маліноўскі, Мікола Залатуха. Вярнуся і я.

Некалі Караткевіч мне сказаў, каб не моцна перажываў, калі цэнзар нешта нейкае здымае: “Будзеш выдаваць збор твораў, і ўсё вернеш”. Шкада, што дзядзька Валодзя не ведаў пра тое, як я дапамагу з рэстаўрацыяй менавіта ягоных тэкстаў. Ведаць не ведаў, але, мусіць, здагадваўся і спадзяваўся...

Куксо і злосць

Апошнім часам я стаў купляць і чытаць часопіс “Мастацтва”. Нешта ў ім пачало мяняцца, прычым змены пайшлі не ў горшы, а ў лепшы бок. Сярод займальнага і запамінальнага была там гутарка мастака-карыкатурыста Канстанціна Куксо з літаратарам Дзмітрыем Падбярэзскім. Журналісту патрэбны водгукі ды рэзанансы, таму Падбярэзскі запытаўся: “Ці здаралася так, што некаму твая праца рэзка не падабалася, і на гэтай глебе ўзнікалі скандалы?” На што Куксо адказаў наступным чынам: “У Мінску такое здаралася. У Маскве — ніколі. У Мінску мяне чамусьці лічылі вельмі злым карыкатурыстам. Неяк намаляваў Кастуся Кірэенку, і той шарж выйшаў у “Вячэрнім Мінску”. Паэт раззлаваўся настолькі, што хацеў у суд падаваць. Праўда, нехта разумны патлумачыў яму, што гэткім чынам ён зробіць мастаку рэкламу. Жахліва пакрыўдзіўся Караткевіч. Тэлефанаваў, крычаў, што праломіць мне галаву… А вось Іван Чыгрынаў мае шаржы вельмі любіў”.

Магу запэўніць чытачоў “Мастацтва”, што Канстанцін Куксо кажа праўду. Караткевіч сапраўды моцна пакрыўдзіўся на тую карыкатуру. Ён бачыў сябе прыгожым і дасканалым рыцарам — што моцна не супадала з ягоным сапраўдным абліччам. Карыкатурыст намаляваў чалавека, вельмі падобнага да Караткевіча рэальнага — ну і атрымаў пагрозу.

Добра, што Куксо, атрымаўшы некалькі пагроз у Мінску, у Маскве стаў паводзіць сябе больш абачліва і асцярожна.

Быкаў і Мехаў

/i/content/pi/cult/680/14987/25.JPGКараткевіч і Быкаў па-рознаму бачылі сябе ў літаратурным працэсе. Быкаў уяўляў сябе самотным дубам-волатам у бязмежным полі. На сустрэчах з чытачамі ён падкрэсліваў гэтую самотнасць, казаў, што пісьменнік мусіць быць адзінокім, і сам ён не бачыць у наступных пакаленнях паслядоўнікаў і вучняў. Караткевіч, пры ўсёй сваёй амбітнасці, не забываўся сказаць добрае слова пра сяброў і калег.

У адказ на дурнаватае пытанне “Калі раптам вас, дарагі Уладзімір Сямёнавіч, не стане, хто тады будзе пісаць беларускую гістарычную прозу?” Караткевіч заўсміхаўся і адказаў: “Я магу нават сёння спакойна памерці, бо наш паважаны Уладзімір Мехаў піша выдатную прозу на гістарычныя тэмы”.

Ці была ў адказе Караткевіча іронія? Думаю, што не было, бо ён і сапраўды высока цаніў кнігі Мехава.

Акутагава і труп

Караткевіч ганарыўся сваімі шырокімі поглядамі на літаратуру і эстэтыку. “Я ўсё магу прыняць, што робіцца ў літаратуры. Пошукі, эксперыменты, традыцыю і авангард. Але ёсць рэчы, якія і я не разумею. Тваё захапленне японскай лірычнай мініяцюрай блізкае і мне. Хоку Басё і мяне заўжды хвалявалі, але сказ, напісаны іншым японцам пра чалавечы тлушч, я не прымаю. Не разумею, як можна пісаць, што ў трупа пад скурай ляжаў прыгожы жоўты тлушч. Каб Акутагава напісаў, што пад скурай трупа ляжаў тлушч прыгожага жоўтага колеру, я пастараўся б яго зразумець...” — разважаў Караткевіч пра фрагмент тэкста “Труп” з твора Акутагавы “Жыццё ідыёта”.

Той фрагмент пачынаецца так: “У трупаў на вялікім пальцы целяпалася на дроце бірка. На бірцы пазначалася імя і ўзрост. Ягоны прыяцель нагнуўся і спрытна працаваў скальпелем, ускрываў скуру на твары аднаго з трупаў. Пад скурай ляжаў прыгожы жоўты тлушч...” Заканчваецца фрагмент наступным чынам: “Апошнім часам трупаў не хапае, — сказаў прыяцель. Тады неяк сам сабою ў яго склаўся адказ: “Калі б мне не хапала трупаў, я без усялякага зламысніцтва здзейсніў бы забойства. Але, зразумела, гэты адказ застаўся нявыказаным”.

Пра забойства без злосці Караткевіч нічога не казаў. Ён абмежаваўся развагамі пра эстэтычнае, пра этыку прамаўчаў. Было зразумела — на забойства чалавека дзеля поспеху ў літаратурнай творчасці Уладзімір Караткевіч ніколі не пойдзе. Нават у думках дзядзька Валодзя не мог дапусціць такіх паводзінаў, пра якія пісаў хворы і шалёны Акутагава Руноске.

Хоку

/i/content/pi/cult/680/14987/26.JPGУладзіміра Караткевіча па-сапраўднаму захаплялі і хвалявалі тры рэчы: літаратура, гісторыя і алкаголь. Я быў для яго кепскім сабутэльнікам. Розніца ва ўзросце не дазваляла нам разам напівацца. Таму большасць размоў прайшлі за каваю, і былі яны пра гісторыю і літаратуру.

Пераказваць тыя даўнія размовы мне цяпер цяжка, бо шмат часу прайшло, і большасць слоў пазабывалася. Але нешта помніцца выразна. Напрыклад, нечакана згадаўся любімы японскі верш дзядзькі Валодзі, які ён чытаў мне шматкроць, бо прапаноўваў браць яго за ўзор. Гэта хоку Ціё з Кага. Верш таленавітай паэткі са школы Басё. Яна рана страціла мужа і дзіця, пасля чаго пастрыглася ў манахіні і прысвяціла сябе паэзіі. Ціё пісала празрыстую лірыку пра адзіноту, пра свае страты і свае мары. Караткевіч чытаў мне хоку пра страказу над вадой:

Па-над ручаём

ловіць, ловіць страказа

свой уласны цень…

Ён чытаў мне пераклад, зроблены Верай Маркавай на рускую мову:

Над волной ручья

Ловит, ловит стрекоза

Собственную тень...

Дзядзька Валодзя чытаў і цытаваў мне шмат розных вясёлых і пафасных вершаў, але найглыбей мяне закранула трохрадкоўе пра цень страказы на вадзе.

Упэўненасць

Большасць людзей не любіць рызыкаваць. Калі чалавек не ведае дакладны і разгорнуты адказ на тваё пытанне, ён гаварыць не стане. Ён не адкажа нават у тым выпадку, калі адказ ведае, але не ўпэўнены ў ягонай стоадсоткавай правільнасці. Ёсць, праўда, і такія, хто, ведаючы толькі якіх дзесяць адсоткаў ад патрэбнага, можа адказваць так пераканаўча і ўпэўнена, што і ценю сумневу ў цябе не ўзнікне ў абмежаванасці ведаў палымянага прамоўцы.

Такім быў Уладзімір Караткевіч. Выглядала так, быццам ён ведае ўсё пра ўсё на свеце. Нават пуставатую драбязу ён мог падаць як найкаштоўны дыямент. Гэта і называецца адным словам — талент.

Адам ГЛОБУС,
мастак і літаратар

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар