АЎДЫЯ
Гурт Ru.St, альбом “Суп з соллю”
A.: Чацвёрты студыйнік у гурта — гэта крута! Тым больш, што праца над ім пачалася аж у 2013 годзе, а “рэальная студыйная праца” — у 2016-м. Гэта ж колькі часу спатрэбілася, каб запісаць 9 песень? Але Уладзімір Рудзік выклікае павагу адданым служэннем року. Сам ён выдатна ведае, адкуль, па яго ж выразе, “растуць ножкі” ўласных рок-алюзій і запазычанняў. Просты ж слухач спрабуе засяродзіцца, напрыклад, на тэкстах, альбо на асаблівасцях вакалу, альбо спрабуе ацаніць якасць ігры музыкантаў. Зрэшты, каго цяпер здзівіш гітарнымі фузамі і барабаннымі збіўкамі? Усе іграюць прыкладна аднолькава, таксама, як і спяваюць, складаюць тэксты. Насамрэч, не прыйдзе ж у галаву назваць словы кампазіцый гурта Ru.St паэзіяй! Гэта, хутчэй, набор нейкіх вельмі спецыфічных вобразаў-сімвалаў. На аматара, як кажуць. Манера спеваў Рудзіка нагадала мне адначасова Юрыя Шаўчука і — больш аддалена — Вiктара Цоя. І сам лідар каманды, і ўсё ў гэтым альбоме нешта і некага нагадваюць. На маю думку, гэта і ёсць галоўны недахоп рэлiзу.
B.: Студзень выдаўся бедным на альбомы і міні-альбомы беларускіх музыкантаў, калі не сказаць больш. Таму давялося звярнуцца да аднаго са снежаньскіх рэлізаў, які “пад раздачу” рэцэнзентаў яшчэ не трапіў. Сапраўдны мужчынскі рок, блюз-рок ад калектыву з Бабруйска. Без смаркатых маленняў да процілеглага полу, з дымам цыгарэт без ментолу, са спустошанай бутэлькай таго, што гарачэйшае. Гэткая дэманстрацыя ўнутранага свету прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва, аголеныя пачуцці і эмоцыі індывіда посткрызіснага перыяду. Цалкам прыдатны рэліз для кампаніі крыху ап’янелых аднагодкаў. Б’емся шклянкамі пад трэк “Фрыда”.
ВІДЭА
Kakora, кліп на песню “Кантралёр”
A.: Калі б не “К”, дык абмінула б гэтае дзіва і не прычасцілася б! Хлапец так шчымліва енчыць, скуголіць і стогне, што хочацца прытуліць яго да грудзей. Але з гэтым трэба асцярожна, бо ён жа сам кажа: “Печально хочу”, а потым як крыкне: “Сиськи!” Думаю сабе: і што ж яго гэтак каўбасіць? Па начах не спіць, святла шугаецца? Ці, можа, я вельмі старая для маладзёжнай хіп-хоп-культуры, каб успрымаць гэтую “творчасць” усур’ёз?
У хлопца благая дыкцыя, а ў гукарэжысёра слых, таму што ён не здолеў правільна запісаць голас на мікрафон і даць выканаўцы вартыя тэхнічныя заўвагі. А вось кліпмейкер — малайчына! Зрабіў з гэтай ахінеі выдатны экспрэсіўны відэашэраг. Няхай Kakora есць дранікі! Няхай падрастае хлапчаня!
B.: Куды ж сёння без рэпу? Нікуды нельга схавацца нам... Каб яшчэ было ясна, пра што нам вяшчае гэты малады чалавек, а то разумееш толькі асобныя словы і словазлучэнні. У прыватнасці, гаворка ў трэку ідзе, мабыць, аб бескампрамісным супрацьстаянні кантралёра і пасажыра аўтобуса. Хутчэй за ўсё, ролю апошняга і выконвае рэпер — люта, на мяжы нервовага зрыву: тая яшчэ, не выключана, заруба была паміж безбілетнікам i візаві. Кліп з дапамогай рэзкіх рухаў цела выканаўцы і нейкай “кіслотнай”, у рысках і каляровых плямах карцінкі ўзмацняе тую напружанасць. Зараз, напэўна, варта чакаць кампазіцыі ад кантралёра, дзе будзе выкладзена яго пазіцыя. Выразнасцi толькі ад яе хацелася б.
Гурт “Харлi”, кліп на песню “Зіма”
А.: Гурт “Харлі” вырашыў грымнуць сваёй, мясцовай “завірухай”, але з сапраўды рускім размахам! І ў тэксце ўсё для гэтага маецца: для пачатку — заліхвацкае “ой, порадуемся!”, потым, як і належыць, — “поклонюсь матери”, “прижмусь крепче к отцу” (а як жа ж!), а галоўнае — “выйду полем пройдусь”! Тут яўна не хапіла “эх”, “ай люли”, “гой еси” ды яшчэ каня, бо як жа можна — па полі зімой ды без каня? Маўчу пра валагодскае “оканье” і пра тое, што слоў у прыпеве ўвогуле не разабраць. І без таго шмат бязглуздзіцы, у тым ліку стылёвай. Пачынаецца песня са славянскага найгрыша акарыны, а заканчваецца ўсё той жа “скрыпкай Рыбака” з умоўна скандынаўскім матыўчыкам. У выніку — кітч. Нізачот!
Прапаную фінальны кадр кліпа: Яўген Чалышаў пасярод заснежанага поля — на кані ў касцюме Дзеда Мароза з пышнай кучаравай барадой, але ў будзёнаўцы і са скрыпкай. Подпіс: “Хороводит немыслимо — зима”.
B.: А недзе ёсць сапраўдная, снежная зіма, не хлушу, далібог! І ВІА “Харлi” мне ў дапамогу. Карцінка гэтая выдатна “зайшла” б у навагоднія святы, калі познім вечарам-ноччу на вуліцу з акна глядзець зусім не хацелася — ні сняжынкі, ні лёгкай мяцеліцы, нават выбухі петард не прыхарошвалi незадаволенасць надвор’ем. А тут глядзіш — і, як сказаў бы жывы класік, настрой паляпшаецца. Лясы, белыя шматкі валяць, людзі на каньках катаюцца — добра! І песня пасуе відэа — прыбраная, пухнатая, крыху сумная і бадзёрая. А з пацешнага — часам найграны акцэнт фронтмэна калектыву Яўгена Чалышава, гэтакі валагодскі гоман з яго спецыфічным вымаўленнем літары “о”.
Гурт Tempo Bay, кліп на песню Disco Ball
А.: Даволі прыемная на слых кампазіцыя, замешаная на чатырох немудрагелістых нотах. Тым не менш, тут ёсць выразны меладычны зачын, які так моцна ўбіваецца ў падсвядомасць, што ў канцы песні ты амаль што любіш гэтыя навязлівыя ноты! Дый вакал прыемны, калі не лічыць няўлоўнага падабенства са знаёмымі інтанацыямі Аляксандра Рыбака. Міжволі згаджаешся са скупымі каментарыямі ў “сетцы”: “Годится”, “Кайф”, “Старайтесь, парни” и “Потенциал есть”. Кучаравы сюжэт кліпа пад умоўнай назвай “Як забівалі Менестрэля” выклікае шмат эмоцый. Нейкі лысы хрыч, па сумяшчальніцтве — кампазітар-аматар і мафіёзны бос, які аддалена нагадвае помесь Фантамаса і аднаго вядомага прадзюсара, — вырашае “згвалціць” сваёй суперпесняй навакольнае асяроддзе. У якасці спевака абраны цнатлівы Менестрэль з гітарай, якога вераломна выкрадаюць, а затым забіваюць як не прайшоўшага прымусовы кастынг на найлепшага выканаўцу. Няўжо на чарзе — Саладуха з Хлястовым? Хорар з падаючым у пясок штучным вокам ды змярцвелы Менестрэль з дзіркай у ілбе ствараюць незабыўнае “послевкусие” ад прагляду кліпа.
І фінальнае пытанне: Tempo Bay — гэта што, сапраўдныя беларусы? (Па аналогіі з вядомым фільмам мяркуецца няпэўны адказ “…Да!”).
B.: Сюжэт роліка: малады мужчына з дзвюма “гёрламi” пад’язджае да вулічнага музыканта і пра нешта з ім загаворвае. Той яго слухае вяла, бо цалкам пагружаны ў зялёныя вочы адной з дзяўчат. Потым ён, гледзячы на бландзінку, на нешта пагаджаецца, вось ужо ўся чацвёрка кудысьці коціць на легкавушцы. Падчас прывалу з вогнішчам будучы Ігар Саруханаў застаецца з прыгажуняй, што яе, напэўна, сябрам, вядома ж, не падабаецца. І як толькі справа не даходзіць да нявіннага пацалунку, будучага Леаніда Агуціна ўсыпляюць хусткай, прамочанай чымсьці сонным, і звязваюць. Троіца (!) тым, што здарылася, задаволеная, нават непацалаваная яе трэць, якая скідае на пясок нешта кшталту малахітавых кантактных лінзаў і здымае парык (яе калега-хлопец таксама дэманструе свае натуральныя прычоску і колер валасоў). Крымінальная групоўка дастаўляе будучага Віталя Карпанава ў нейкае памяшканне і прадстаўляе яго лысаму верхаводзе. Памочнік “аўтарытэта” працягвае будучаму Аляксею Хлястову ліст паперы і накіроўвае да таварышаў-музыкантаў, што, скаваныя адной мэтай, ужо знаходзяцца на “хазе”. На лістку, мабыць, накрэслены тэкст песні і ноты мелодыі. Будучы Аляксандр Саладуха старанна спявае, інструменталісты старанна граюць, але выкананне гангстару не падабаецца. “Канчай”, — махае рукой ён “шасцёрцы”, і той выцягвае “ствол” у бок, здавалася б, будучага гурта Tempo Bay... Дзеянне пачынае раскручвацца назад, але заканчваецца спакоўваннем нейкіх цел у мяшкі для трупаў. На змену забітаму вулічнаму акыну ўжо без будучыні ў пакой да бандыта запіхваюць наступную творчую ахвяру. Але аказваецца, гэта яшчэ не ўсё! У фінале мяшкі з нібыта мерцвякамі варушацца і становяцца вертыкальна. “НТБ” адпачывае, карацей. Мараль: кампазіцыю гэтую — нядрэнны англамоўны сярэднетэмпавы трэк ад індзі-каманды — з яе відэашэрагам трэба ў абавязковым парадку, пад подпіс, паказаць усяму без выключэння айчыннаму спяваючаму шоу-бізнесу: хай задумаецца, як нам яго слухаць...