“Слова ў слова” — ужо не метад

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Як дрэннае кіно атрымлівае рэзананс
Ацэнка фільма, калі гэта экранізацыя ці карціна, “створаная па матывах”, паводле першакрыніцы — распаўсюджаная памылка гледача, якая замінае ўспрымаць твор у яго аўтарскай чысціні і асаблівасці канцэпцыі. Несправядлівае стаўленне да кіно толькі як да прыдатку да літаратуры часта становіцца прычынай няправільнага кірунку аналізу і перадузятых каментарыяў. Яно ж можа стаць і памылкай рэжысёра, які з сумніўнымі, але дакладна не аўтарскімі амбіцыямі захоча перанесці прозу на мову кіно, не разумеючы, што яе акуратны пераказ — гэта нудна і непатрэбна.

Такой атрымалася знятая паводле Васіля Быкава карціна “Жоўты пясочак”. Яе рэжысёр Аляксей Туровіч, наколькі гэта магчыма, слова ў слова пераказаў аднайменнае апавяданне. Хоць ён і не стварыў вартага твора мастацтва, але, затое, выявіў, як беларускаму кіно не хапае адсылак да Быкава.

Калі прэм’ера беларускага фільма праходзіць у сталічным кінатэатры “Масква”, потым ён паказваецца ў рэгіёнах краіны, яго шырока абмяркоўвае інтэлігенцыя, медыя публікуюць звязаныя з ім навіны, хочаш не хочаш, а карцінай зацікавішся. “Жоўты пясочак” Аляксея Туровіча, можна сказаць, атрымаў сапраўдны рэзананс — прынамсі, у беларускіх маштабах. Фільм, зняты за ўласныя грошы, які не мае прэферэнцый нацыянальнай кінастудыі і не можа распаўсюджвацца з дапамогай так званага адміністратыўнага рэсурсу, раз’язджае па краіне, а яго аўтар нават дазваляе сабе выказваць незадаволенасць маленькім памерам кіназалы!

Як жа давядзецца расчаравацца, убачыўшы, што менавіта выклікала такі рэзананс — дылетанцкая, кустарная, дрэнна скроеная карціна, як твор мастацтва не вартая ўвагі. Гэтым разам акцёр і ўжо не дэбютант у рэжысуры (у адваротным выпадку можна было б неяк усё патлумачыць) Аляксей Туровіч вырашыў звярнуцца да тэмы сталінскіх рэпрэсій, якую беларускі кінематограф, свядома ці не, ігнаруе (хаця ў нашай сціплай індустрыі з разнастайнасцю тэм асабліва не разбяжышся).

Зручнай, бо ўжо гатовай, асновай для размовы пра бязлітасную сістэму стала апавяданне Васіля Быкава, у якім камендант Косцікаў вязе на расстрэл некалькіх асуджаных. Класік мэтанакіравана пасадзіў у гэтую машыну тых людзей, чые вобразы ніяк адзін з адным не перасякаюцца — былога энкавэдэшніка Сурвілу, асуджанага за перавышэнне паўнамоцтваў; паэта Фелікса Грома, прэтэнзіі да якога ўзніклі ў тым ліку з-за незразумелых алюзій у радку “бліскае раніца агністая на хмарах восені маёй...”; белагвардзейца Валяр’янава, якога арыштавалі за пасылку для дзяцей ад сястры з Польшчы... Працягваць не буду: твор лепш перачытаць. Вынайдзены Быкавым выдатны спосаб праз гэтую разнастайнасць падкрэсліць абсурднасць сталінскай сістэмы ў кіно Аляксея Туровіча аказаўся не такім удалым. Хаця б з-за неарганічнасці акцёраў і найграных інтанацый: псіхалагізм, які б пасаваў экранізацыі, у фармальным і літаральным фільме немагчымыя. І пачарговыя буйныя планы кожнага з асуджаных перад расстрэлам — увогуле дзіцячы штамп — сітуацыю не выратоўваюць, з тых жа прычын. Хаця можна адзначыць, што акцёры падабраныя тыпажна і падладжаныя пад вобразы 1930-х. Тут жа ацэнім мінімалістычнае афармленне лакацый, у якіх быццам праўдзіва паўстаюць змрочныя безвыходныя 1930-я.

Тым не менш, “Жоўты пясочак” выглядае пэўнай спекуляцыяй — на Быкаве і Курапатах — якая дазволіла прыцягнуць да карціны такую ўвагу і сабраць залы. Дзіўны зноў жа прэцэдэнт, бо так лавіць хвалю варта было б павучыцца і дзяржаўнаму кінематографу, аб прадуктах якога шараговая публіка мала што ведае, а бывае, зачапіцца немагчыма ні за сам фільм, ні за хаця б якую-небудзь яго фішку.

Аляксей Туровіч жа тэму схапіў, але абыграў яе ўпохапкі. Сцэнарый, лічы, гатовы: рэжысёр нават выкарыстаў закадравую начытку тэкста, каб разыходжанне з апавяданнем Быкава было ўвогуле мінімальным. Лакацыі шмат працы не патрабуюць: кабінет следчага, партрэт Сталіна, пара сціплых дэкарацый ды ўласна шлях да жоўтага пясочка, а прырода дызайну не вымагае. Акцёры нават і не думалі адпавядаць трагізму сітуацыі і сваёй фармальнай начыткай тэксту, наадварот, яго знівелявалі.

У выніку, і сам фільм атрымаўся фармальным. У кантэксце сучаснага кіно спосаб экранізацыі Аляксея Туровіча выглядае не толькі няўдалым, але таксама і архаічным. У час, калі маладое, незалежнае, эксперыментальнае кіно, у першых і далёка не першых карцінах сваіх прадстаўнікоў, за свае сродкі ці грошы дзяржавы / фондаў, з літаратурнай асновай ці без яе, прапануе ўнікальны погляд, своеасаблівае цэласнае выказванне, новыя падыходы і дагэтуль нязведаныя манеру, стыль і спосаб апавядання, выкшталцоную актуальную мову. Дык вось, у гэты час супрацьпаказана прыходзіць у кінематограф з нежыццяздольнай ідэяй літаральнага пераказу твору Быкава сродкамі кіно.