Мінск нас праводзіў дробным дажджом, а ледзь мы заехалі ў горад на Бярэзіне, як вызірнула сонейка. “Добрая прыкмета”, — падумаў я і, як аказалася, меў рацыю: гастроль удалася. Публіка засталася задаволеная, а артысты адпрацавалі, як сказалі мне дасведчаныя людзі, на цвёрдую чацвёрку.
“На падмостках сцэны шмат гадоў змагаюцца даброь са злом...”
...як у спектаклі “Лебядзінае возера”, што тэатр і прывёз у Бабруйск. Наогул, трупа актыўна выступае не толькі на ўласнай пляцоўцы: у мінулым сезоне яна шмат гастралявала па краіне, насычаным быў і замежны графік — толькі ў Германіі тое ж “Лебядзінае возера” і “Шчаўкунок” убачылі пяцьдзясят гарадоў! Што тычыцца гэтага сезону, то 2 кастрычніка балет выязджае ў Літву, а да канца года яго пастаноўкам будуць апладзіраваць у Вялікабрытаніі і зноў у ФРГ.
У Бабруйск калектыў паехаў у складзе з дваццаці чатырох танцораў і танцорак на чале са сваім дырэктарам і стваральнікам Уладзіславам Казінцом і галоўным балетмайстрам Кацярынай Фадзеевай. Да трупы далучыўся намеснік дырэктара тэатра па працы з гледачом і ідэалагічнай працы Уладзімір Шавялёў. Плюс тэхнічны персанал. Чаму выбар выпаў на Бабруйск? Як мне патлумачылі, у гэтым горадзе балет заўсёды добра прымаюць.
Пасля таго, як была падрыхтаваная пляцоўка, а большая частка гасцей здзейсніла экспрэс-шпацыр па горадзе, у 16.00 артысты выйшлі на сцэну — на так званы ўрок, які праводзіла Кацярына Фадзеева. Па завяршэнні размінкі надышла чарга “разводу па малюнках” — рэпетыцыі некаторых масавых і асобных сцэн балета.
Акрамя салістаў, увагу любога чалавека прыцягнулі б перш за ўсё яшчэ два члены трупы — японскія падданыя. Ёсiкi Касака — нядаўняе “набыццё” тэатра, у спектаклі граў ролю Блазна (а па вуліцах хадзіў у павязцы, што прыкрывала нос і рот). А Маюка Она разам з калегамі выканала некалькі танцаў. Дарэчы, яна нават трохі ўмее па-беларуску, у чым журналіст “К” пераканаўся асабіста: папрасіў яе на сваёй дрэннай англійскай прыняць больш выйгрышную позу для фатаграфавання і падзякаваў “сэнксам”. Маюка ўсміхнулася і ў адказ амаль без акцэнту прамовіла: “Дзякуй”.
Гадзіны за паўтары да пачатку спектакля залу ў пошуку выбуховых рэчываў праверылі людзі ў камуфляжы з сабакам. Крамольнага яны не выявілі, але выбухі такі ў палацы прагучалі — апладысменты грымелі на працягу ўсёй пастаноўкі. Прычым, як адзначыў спадар Казінец, менавіта ў тыя моманты, калі яны і былі дарэчы — што казала аб “якасці” публікі. “Прабіла” і мяне — зусім не фаната гэтага віду мастацтва. Цяпер вось падумваю, а ці не падацца мне ў клакёры? Я адкрыты для такой прапановы, калі яна паступіць.
Каля 20.00 спектакль скончыўся, яшчэ гадзіна — на зваротныя зборы. І... да новых маіх сустрэч з вамі ў гэтым цыкле артыкулаў!
“Няма мастацтва прыгажэйшага за балет”
Аб’ём газетнай паласы не дазваляе выкласці ўсё тое, пра што я гаварыў з удзельнікамі і арганізатарамі імпрэзы за кулісамі, таму прывяду толькі некалькі фрагментаў.
Іна Новікава, дырэктар Палаца мастацтваў: “Занадта шмат усякага шансона было ў Бабруйску, а яго жыхары — я адчуваю — засумавалі па класіцы. І мы ўхапіліся за тое, каб балет Музычнага тэатра ў нас выступіў. Бабруйчане палац не падвялі: амаль аншлаг”.
Кацярына Фадзеева: “Папрасіла перад спектаклем нацерці падлогу каніфоллю або працерці яе сухой анучай, паколькі артысты скардзіліся на тое, што ім слізка. Да таго ж, падлога дзе-нідзе няроўная, і гэта таксама можа прывесці да траўмы. Але, напрыклад, у Германіі нам трапляліся такія залы, што і наогул слоў няма”.
Уладзімір Шавялёў: “Мы разумеем сваю місію: прапаноўваць беларусам балетнае мастацтва. Асабліва гэта тычыцца тых населеных пунктаў, у якіх, быць можа, ніколі балет і не бачылі. І паказваць не антрэпрызу, рэквізіт якой займае чамадан, а паўнавартасныя пастаноўкі з адпаведным іх афармленнем”.
К. Фадзеева: “У балет прыходзяць новыя людзі, і “старыя” мяняюцца. У лепшым выпадку — ідуць з часам у нагу, пры гэтым не здраджваючы нейкім важным прынцыпам; у горшым — прыстасоўваюцца, штосьці важнае ламаючы ў сабе. Так і сённяшні балетны артыст. Часам ён шукае месца, дзе больш плацяць, не звяртаючы ўвагу на мастацкі ўзровень. Альбо такое. Калі я бачу, што людзям абыякава, паставілі іх у спектакль ці не — бо на зарплаце гэта не адаб’ецца, настрой псуецца. Занадта кароткі век у нашай прафесіі: трэба паспець адбыцца ў ёй, каб потым не было пакутліва балюча за зробленае ці не зробленае”.
І. Новікава: “З народнымі танцамі ва ўстанове ўсё ў парадку, але ў моладзі горада ёсць запыт на павелічэнне калектываў, якія займаюцца сучаснай харэаграфіяй. Будзем рухацца ў гэтым кірунку. Паспрабуем стварыць і батлейку. Нядаўна ў Мінску пазнаёмілася з Іванам Кірчуком — лідарам гурта “Троіца”, вядомым прапагандыстам каранёвай беларускай культуры. Абмеркавалі з ім магчымыя сумесныя праекты, якія можна рэалізаваць на базе палаца”.
Уладзіслаў Казінец: “У нашым рэпертуары абавязкова з’явіцца пастаноўка, заснаваная на беларускім матэрыяле. Пакуль жа мы “трэніруемся” на сусветнай класіцы”.
У. Шавялёў: “Наколькі я ў курсе, аўтары амаль не прапануюць Музычнаму тэатру творы на беларускай мове, на беларускія тэмы. Сумна, што тут можна сказаць!”
К. Фадзеева: “Кажуць, што ўзровень танцораў балета зніжаецца. Чаму гэта адбываецца? Рэгрэс пачынаецца з каледжаў. Каго ў іх цяпер прымаюць? Ды ледзь не ўсіх запар! А раней фізічныя дадзеныя абітурыента разглядалі ледзь не пад мікраскопам. Нешта трэба рабіць, не чакаючы, пакуль балет сапраўды стане дэградыраваць”.
Алена Германовіч, выканаўца роляў Адэты і Адыліі ў “Лебядзіным возеры”: “Як мне здаецца, цяперашнія выпускнікі каледжаў, якія рыхтуюць артыстаў нашага профілю, выглядаюць слабейшымі ў параўнанні з тымі, хто выпускаўся гадоў пяць таму. Прычын шмат: і амаладжэнне выкладчыцкага складу, і пачатковы ўзровень абітурыентаў, які пакідае жадаць лепшага, і тое, што ў каледжах цяпер вучаць нашаму рамяству не чатыры курсы, а тры”.
У. Казінец: “На мой погляд, сёння беларускі балет перажывае не самыя лепшыя часы, але нічога страшнага ў гэтым няма. У любога мастацтва бываюць і пара росквіту, і нейкія застойныя перыяды. Балет — не субкультура, ён знікнуць не можа, новая цікавая хваля будзе і ў нас”.
А. Германовіч: “З сыходам Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева з вялікага беларускага балета ўзровень яго ўпаў. І вяртанне мэтра сведчыць пра пошук шляхоў для выпраўлення сітуацыі”.
І. Новікава: “Трэба ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу палаца. Спадзяюся, у бліжэйшыя два гады абновім гукавое абсталяванне, светлавое, сцэнічнае”.
У. Казінец: “На жаль, наш пашывачны цэх размешчаны не ў будынку тэатра. Артыстам на прымеркі прыходзіцца ездзіць, траціць на гэта асабісты час. Напружвае і сістэматычны рост коштаў на тканіну і прафесійны абутак. Ёсць праблемы і з нашымі замежнікамі, калі калектыву трэба выязджаць на гастролі ў Расію. Расіяне дзе-нідзе ўсталявалі кантроль на мяжы з Беларуссю, што наўпрост мае дачыненне да нашых японскіх артыстаў. Дробязь, здавалася б, але гэта выклікае нязручнасць”.
У. Шавялёў: “Хваляванне перад рэканструкцыяй Музычнага тэатра, вядома, ёсць. Але без пляцовак мы, натуральна, не застанемся. І ў Мінску яны знойдуцца, і ва ўсёй рэспубліцы”.
А. Германовіч: “Для мяне Музычны тэатр — гэта не другі, а першы дом”.