Сонечны, тэатральны, кампактны

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Мазаіка ўспамінаў пра розны Мінск
Сёння сталіца святкуе 950-ю гадавіну. Мы шмат ведаем пра яе гісторыю, пра значэнне ў культурнай, эканамічнай, адукацыйнай ды іншых сферах жыцця рэспублікі і грамадства. Аднак не трэба забываць, што Мінск да ўсяго іншага — месца дзяцінства, сталення, станаўлення і самаспазнання двух мільёнаў людзей. Аглядальнік “К” папрасіла дзеячаў мастацтва — гараджан розных пакаленняў, якіх аб’ядноўвае любоў і пашана да горада-юбіляра, — распавесці пра свае ўлюбёныя месцы Мінска.

“Настаў час дазволіць больш фантазіі!”

/i/content/pi/cult/655/14534/9.jpgВалянцін ЕЛІЗАР’ЕЎ, балетмайстар, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст СССР, Ганаровы грамадзянін Мінска:

— Паколькі я жыву і працую ў цэнтры, мяне абкружаюць шыкоўныя прыродныя ландшафты: побач з домам раскінуўся парк Горкага, ля тэатра оперы і балета заспакойваюць сэрца скверы, вельмі люблю таксама сквер паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі і ратушай. Тут я адпачываю душой: застаючыся ў горадзе, у той самы час апынаюся на прыродзе, дзе магу перадыхнуць ці, наадварот, сабрацца з думкамі. Летась з’явілася мая, калі так можна сказаць, імянная елка — пасаджаная мною ў скверы за філармоніяй (на сімвалічнай алеі Славы на бульвары Мулявіна. — Н.П.). І ўсё ж галоўнае месца, якое звязана для мяне з Мінскам, — гэта тэатр оперы і балета.

Я прыехаў у Мінск па размеркаванні з Пецярбурга, і большая частка майго жыцця прайшла тут. Спачатку Мінск падаўся мне падобным на многія іншыя гарады. Тое зразумела, бо пасля вайны ў беларускай сталіцы захавалася ўсяго тры працэнты жылога фонду… У гады маіх пярэбараў яшчэ не былі адрэстаўраваныя гістарычныя куточкі горада. Але мяне адразу зачараваў оперны тэатр, яго шыкоўная сцэна. Сказаў сам сабе: “Я абавязкова што-небудзь у гэтым тэатры пастаўлю!” — і застаўся тут, як бачыце, на ўсё жыццё. Я лічу, што на сёння пляцоўка Вялікага тэатра — адна з лепшых у свеце. І сцэна, і каробка сцэны, і глядацкая зала — усё найлепшага гатунку. Такі тэатр — вялікі набытак для краіны.

Мінск з кожным днём харашэе. Мне падабаецца аднаўленне гістарычнага аблічча Верхняга горада. Часам, канешне, адчуваецца дзе-нідзе навадзел, але добра, што адбываецца вяртанне да гісторыі. Сталіца паступова набывае непаўторны выгляд. Хочацца пажадаць юбіляру абзавесціся смелымі архітэктурнымі формамі. Здаецца, наспеў час выходзіць у новую архітэктурную прастору, дазволіць больш фантазіі — усё ж такі ідзе ХХІ стагоддзе, а нас пераважна абкружае мінулы век. Хацелася б, каб у нашым цудоўным горадзе з’явіліся арыгінальныя архітэктурныя дамінанты, не падобныя ні на што ў свеце.

“Чакаю вяртання культавых будынкаў”

/i/content/pi/cult/655/14534/10.jpgКанстанцін СЕЛІХАНАЎ, скульптар, Мінчанін года-2013:

— У дзяцінстве я жыў на Ленінскім праспекце непадалёк ад Музея сучаснага мастацтва. На той час Мінск абмяжоўваўся для мяне раёнам ад цырка да ЦУМа — гэта было арэалам майго існавання. У памяць запаў адзін позні вечар, калі мы з бацькамі вярталіся з цырка па мосце над Свіслаччу. Я паглядзеў уніз на мігатлівую ваду, асвечаную ліхтарамі, і мне стала дастаткова трывожна: так адбылося першае сутыкненне са стыхіяй, бясконцасцю.

У нашым двары стаяла двухпавярховае цаглянае збудаванне, у якім звычайна захоўвалі розныя непатрэбныя рэчы. На другім паверсе было нешта накшталт парапета, абгароджанага парэнчамі. Старэйшыя хлапчукі ездзілі там на роварах, і асаблівым шыкам лічылася адштурхнуцца на павароце нагой ад парэнчаў і з’ехаць на хуткасці ўніз па лесвіцы. Аднойчы адзін з іх адштурхнуўся нагой, але перагародка зламалася, і ён вылецеў з вышыні на зямлю. Тое дзіцячае сутыкненне з катастрофай надоўга засела ў маёй памяці. Мы ўжо не жывем па старым адрасе, але калі-нікалі я там бываю. На здзіўленне, тая “пуня” ўсё яшчэ стаіць на старым месцы.

Ад горада я чакаў абсалютна простай рэчы: вяртання галоўных культавых збудаванняў, якія зніклі з карты за савецкім часам. Па-першае, вельмі хочацца, каб быў адноўлены дамініканскі касцёл святога Томаша Аквінскага (да разбурэння ў 1952 годзе ён месціўся на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса. — Н.П.). Па-другое, Казанская — так званая чыгуначная — царква, якая размяшчалася на тэрыторыі сучаснай плошчы Мяснікова (яе ўзвялі ў 1903 годзе, але ўжо праз 33 гады ўзарвалі). Тады гараджане выканалі б свой нейкі маральны абавязак перад мінулым.

На месцы разбуранага музея Вялікай Айчыннай вайны было б нядрэнна паставіць музей сучаснага мастацтва. І самае галоўнае, частку вуліцы Леніна, што прылягае да плошчы Свабоды, было б добра накіраваць пад зямлю ці якім-небудзь чынам развесці транспартныя плыні, каб вярнуць гістарычную прастору былой Ратушнай плошчы. Месца паміж Архікафедрай імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ратушай гістарычна было пешаходным. Калі гэта адбудзецца, то можна будзе сказаць, што Мінск здзейсніўся як выключна еўрапейскі горад.

“У ”Цэнтральным“універсаме сутыкаюцца людзі ўсіх пластоў”

/i/content/pi/cult/655/14534/11.jpgУлада СЯНЬКОВА, кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар:

— Асабіста мяне вельмі натхняе ўніверсам “Цэнтральны”. У Мінску шмат месцаў, якія прыцягваюць пэўны кшталт публікі — напрыклад, на Кастычніцкай вуліцы пабачыш крэатыўную моладзь. А вось у “Цэнтральным” здавён сутыкаюцца людзі ўсіх гарадскіх пластоў: можна сустрэць бяздомных, дзеячаў мастацтва, жанчын, што выбеглі з офіса набыць дзецям пірожныя... Тут склалася адмысловая культура для ўсіх, і назіраць за гэтым надзвычай цікава.

У Мінску можна знайсці любую натуру для кіназдымак. Напрыклад, калі патрэбны індастрыал, можна паехаць на Пралетарскую — атрымаюцца вельмі прыгожыя кадры. Наша замыленае сталінскім ампірам вока імкнецца да чагосьці еўрапейскага, нам хочацца дакрануцца да старадаўняга. У гэтым плане вельмі паэтычна выглядаюць Зыбіцкая, Верхні горад. Адна бяда — дабіцца дазволу на здымкі ў Мінску надзвычай складана. Існуе шмат крытычных артыкулаў, чаму беларускае кіно часцей за ўсё звяртаецца да вёскі. А што рабіць, калі то здымаць не дазволена, то вельмі доўга ідуць узгадненні з гарадскімі ўладамі, і гэта зрывае ўсе тэрміны здымачнага працэсу, то забараняюць уключыць кінакамеру самі гараджане (прынамсі, нам забаранілі здымаць у сталічным пад’ездзе — пільныя жыхары дома аказаліся супраць). З-за гэтага мы ўсё часцей перамяшчаемся ў кватэры, на лецішчы ці яшчэ куды.

Нягледзячы на ўсё гэта, Мінск для мяне — месца сонечнае, вельмі светлае. Мне хацелася б, каб у гарадской прасторы захаваліся гістарычныя збудаванні, каб яны не замяніліся сучаснымі аднатыпнымі канструкцыямі. Прынамсі, вельмі спадзяюся, што кінатэатр “Перамога” будзе беражліва рэканструяваны. Я не супраць новага — Эйфелева вежа таксама не адразу была прынятая, але давайце эксперыментаваць на свабодных пляцоўках! Рамонтныя працы павінны адпавядаць старадаўнасці будынку. А то ў нас бывае так, што аднаўляюцца вуліцы пэўнага стагоддзя, а дамы блішчаць, быццам толькі што здадзены пад ключ.

“Любы горад ацэньваю набярэжнымі і мастамі”

/i/content/pi/cult/655/14534/12.jpgМікалай РУДКОЎСКІ, драматург, рэжысёр, радыёвядучы, сцэнарыст

— Мой Мінск — гэта ў першую чаргу набярэжная Свіслачы ад Нямігі да парка Горкага. На ёй прайшла ладная частка майго жыцця. Я навучаўся ў школе №50 (сённяшняя гімназія, якая знаходзіцца ля плошчы Перамогі. — Н.П.), на фізкультуры нас заўсёды выпраўлялі бегаць па тым кавалачку набярэжнай, дзе знаходзіцца дом-музей І з’езда РСДРП. Пасля ўрокаў школьнікі спускаліся туды ж гуляць, абмяркоўваць свае справы, закохвацца. Пасля заканчэння вучобы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта... і зноў “фізкультурыўся” ля Свіслачы. З адным толькі адрозненнем: ад корпуса філфака, які тады месціўся ля былога будынку Нацыянальнай бібліятэцы на Чырвонаармейскай вуліцы, нас вялі ў парк Горкага. Цяпер я жыву ля Свіслачы і, хаця стаў радзей шпацыраваць ля ракі, працягваю любы горад ацэньваць менавіта набярэжнымі і мастамі.

За дзесяцігоддзі любімы куток горада змяніўся. На вялікі жаль, сталі з’яўляцца будынкі, якія парушаюць прыгажосць і выгляд набярэжнай. Хочацца, каб архітэктурныя змены ў горадзе былі разумнымі, каб навабуды арганічна ўпляталіся ў ансамблі, якія складваліся дзесяцігоддзямі, а не штучна насаджваліся і цалкам перакрывалі перспектыву. Тым больш што ў Мінску шмат зон, дзе сапраўды можна будаваць і эксперыментаваць. А яшчэ марыцца, каб жылыя мікрараёны не былі такімі аднолькавымі. Цяпер складана адрозніць каменныя джунглі Сухарава ад Уручча, Лошыцы ад Малінаўкі, бо па архітэктуры, колеры, дызайнерскім рашэнні ім не стае адметнасці. Сітуацыю крыху выратоўваюць маштабныя графіці, што апошнім часам з’яўляюцца ў Мінску: яны становяцца пэўнай арыенціроўкай на мясцовасці.

“Мінск адным словам — утульны”

/i/content/pi/cult/655/14534/13.jpgАляксандра ЧЫЖЫК, салістка балета, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета:

— Я прыехала ў Мінск з Мазыра ў 2001 годзе, калі паступіла ў Беларускую дзяржаўную харэаграфічную гімназію-каледж. Тады яшчэ пад вуліцай Прытыцкага не хадзіла метро, а на месцы будучага мікрараёна “Каменная Горка” рассцілалася поле. Я жыла ў інтэрнаце, а інтэрнатаўцаў да спаўнення 16 гадоў адных у горад не адпускаюць. У цэнтр я выбіралася збольшага з бацькамі, таму Мінск дзяцінства асацыюецца ў мяне з паркам Горкага. З татам і мамай мы ішлі на арэлі-каруселі, шпацыравалі па тых сцежачках, дзе можна было пасябраваць з вавёркамі. Мой сённяшні Мінск — раён вакол тэатра оперы і балета. Сквер ля самога тэатра, Траецкае прадмесце, набярэжная дапамагаюць мне ў спакойнай абстаноўцы абдумаць рэпетыцыі, паразважаць над памылкамі і пашукаць магчымасць іх выправіць.

Калі б трэба было ахарактарызаваць Мінск адным словам, не задумваючыся б адказала — утульны. Асабліва гэта адчуваецца ў параўнанні. Я была на гастролях у Астане: у казахскай сталіцы спрэс новыя будынкі, і хоць яны прыгожыя, незвычайныя, але адлегласці паміж імі неверагодныя! Там я пастаянна ўспамінала наш кампактны горад, у якім усё побач, ад чаго адчуваеш сябе надзвычай утульна і заспакоена.

“Сёння тут ёсць усё!”

/i/content/pi/cult/655/14534/14.jpgАнатоль ЯРМОЛЕНКА, саліст і кіраўнік ансамбля “Сябры”, народны артыст Рэспублікі Беларусь:

— Найлепшыя ўспаміны звязаны ў мяне з гасцініцай “Мінск”. Упершыню я патрапіў у яе напачатку 1970-х гадоў, калі прыехаў у сталіцу на чале калектыву “Сувенір” Гомельскай філармоніі. Нашы канцэрты ішлі штодня на працягу тыдня на цэнтральнай пляцоўцы горада — у клубе імя Дзяржынскага. Тады мы выправіліся на гастролі ўсёй сям’ёй. З таго прыезду ў кожнае наведванне Мінска спыняліся ў аднайменнай гасцініцы. Нам падабаўся фантанчык у скверы побач, мы шмат гулялі па сённяшняй плошчы Незалежнасці, у сямейным архіве нават захавалася відэа з аднаго шпацыру ля Чырвонага касцёла. Дарэчы, калісьці на гэтай плошчы праходзілі ўсе парады, дэманстрацыі, мітынгі. Мы назіралі за імі з гасцінічнага нумара, што месціўся на верхнім паверсе. Яго вокны выходзілі на Галоўпаштамт — цудоўная пляцоўка для назірання за шэсцем! Дзеці заўсёды чакалі моманту, калі можна будзе заняць месца на падаконніку.

У той час Мінск быў для нас горадам мары, мы шторазу чакалі сустрэчы з ім. Цяпер мы любім яго з больш глыбокім і сталым пачуццём. Мне падаецца, у Мінску сёння ёсць усё, што трэба мець унікальнаму гораду. Ёсць куды схадзіць з сям’ёй, сябрамі, з замежнымі гасцямі, ёсць дзе пабыць на самоце. Лошыцкі парк стаў цудоўным месцам для шпацыраў, гасцей з замежжа мы водзім у Траецкае прадмесце. Унук Анатоль часта сустракаецца з сябрамі ў скверы ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, тусавацца ж любіць на Зыбіцкай.

Мае госці з суседніх краін уголас хваляць наш горад! Напрыклад, не так даўно да мяне прыязджала здымачная група з кіеўскага тэлебачання: яны былі ў захапленні ад панарамы, што адкрываецца з гасцініцы “Беларусь”, ад веласцежкі, што працінае наскрозь амаль увесь Мінск. І самае галоўнае ў нас — гэта людзі! Наша сталіца становіцца цудоўным еўрапейскім горадам. Важна, каб яна не згубіла тое, што мае цяпер.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"