"Бітва" мараў за Мінск

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Культурных падзей у сталіцы сёння шмат як ніколі — Мінск святкуе 950-годдзе. Чаму хацелася б падарыць роднаму гораду бронзавую “Бітву на Нямізе”, распавёў “К” скульптар Аляксандр ПРОХАРАЎ.

/i/content/pi/cult/655/14528/1.jpgІ паказаў, якім ён уяўляе свой падарунак, разам з іншымі ўдзельнікамі выставы “Мінск скульптурны” ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, дзе да 1 кастрычніка можна ўбачыць як копіі ўжо вядомых гарадскіх помнікаў кшталту карэты Уладзіміра Жбанава ля ратушы ці балерын Льва Гумілеўскага побач з Вялікім тэатрам, так і шматлікія скульптуры, якіх, на думку мастакоў, бракуе сталіцы. Адна з такіх — меч Аляксандра Прохарава.

— Ідэя ў тым, што, калі ты падыходзіш да яго здалёк, ён падаецца старым і ржавым, а вось ужо побач з ім бачыш у гэтай іржы чалавечыя целы і коней, і адрозніць адно войска ад другога немагчыма — абодва бакі тады былі ўзброеныя і апранутыя аднолькава, — тлумачыць скульптар. — Гэта аповед мяча аб перажытым у бітве на Нямізе, у якой перамяшаліся коні, снег і людзі. І ад якой вядзецца летазлічэнне Мінска, бо менавіта ў сувязі з той крывавай падзеяй 1067 года наш горад упершыню быў згаданы ў пісьмовых крыніцах — у “Аповесці мінулых часоў”.

Вобраз помніка з’явіўся ў Аляксандра Прохарава яшчэ ў 1995 годзе — курсавую работу ў Акадэміі мастацтваў ён вырашыў прысвяціць гісторыі роднага горада. Кансультаваўся з архітэктарам Юрыем Градавым, які параіў усталёўваць скульптуру на Нямізе каля выхаду з метро. Але неўзабаве адбылася вядомая трагедыя, і на тым месцы з’явіўся зусім іншы помнік — ружы абапал прыступак у памяць аб тых, хто трагічна загінуў.

Да сваёй ідэі Аляксандр Прохараў вырашыў яшчэ раз вярнуцца ў 2012 годзе, калі гарадскія ўлады абвясцілі конкурс “Слова пра паход Ігаравы” на лепшы помнік падзеям 1067 года, — і перамог. Кампазіцыю “Бітва на Нямізе” планавалі размясціць на беразе Свіслачы каля Замчышча, але тыя задумы пакуль не спраўдзіліся з розных прычын.

/i/content/pi/cult/655/14528/2.jpgНа выставе да 950-годдзя Мінска прадстаўлены эскіз мяча — не большы за тры метры, але для Замчышча скульптуру планавалася вырабіць у памеры больш за дзесяць метраў.

— Праект мне падабаецца і цяпер, хаця так шмат год прайшло ад яго пачатку — у мяне ўжо дзеці за гэты час нарадзіліся і выраслі, але я ўсё адно бачу, як можна працу палепшыць, — кажа Аляксандр Прохараў. — Хачу яе ўвасобіць і мару падзяліцца ёй з горадам. Думаю, у ім павінна знайсціся месца помніку, які прысвечаны старажытнай і гераічнай мінскай гісторыі.

Фота Ксеніі ГАЛУБОВІЧ

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"