Здымкі сцэны, як Эварыст Зайкоўскі збіраецца на фронт.
Сярод мноства польскіх кінафорумаў гэты займае асобнае месца, бо збірае толькі фільмы на гістарычную тэму. Сёлета ў праграму трапілі 15 стужак. Адна з якіх беларуская — “Бітва за Кобрын. Закладнікі сакрэтнага пакта”, што здымалі летась для праекта тэлеканала АНТ “Зваротны адлік”.
За яе аснову ўзятая гісторыя капрала Войска Польскага Эварыста Зайкоўскага, які ў 28-гадовым узросце пакінуў дома жонку і маленькую дачку, каб у верасні 1939 года пайсці ваяваць у складзе 83-га палка палескіх стралкоў разам з ураджэнцамі Заходняй Беларусі.
Гэта інфармацыя была знойдзеная ў архівах пасля таго, як у 2008 годзе падчас пошукавых работ пад Кобрынам знайшлі безыменную брацкую магілу часоў Другой сусветнай вайны. Выявілася, што 13 з салдат, рэшткі якіх адшукалі, належаць не да савецкага ці нямецкага, а да Войска Польскага. Пошукі адказаў, як яны апынуліся пад Кобрынам, і прывялі да гісторыі капрала Зайкоўскага.
— Праца над фільмам патрабавала сур’ёзнага даследавання архіўных даных, — распавялі рэжысёры Уладзімір Луцкі і Ірына Васільева. — Акрамя таго, нам удалося сустрэцца ў Польшчы з дачкой Зайкоўскага Ханнай Цыганчук-Пракопчык, якая падзялілася надзвычайнай гісторыяй пра тое, як усё жыццё шукала магілу свайго бацькі.
— Збор матэрыялаў пачаўся яшчэ ў 2011 годзе, — распавёў сцэнарыст Ігар Мельнікаў. — Я працаваў у архівах Беларусі і Польшчы, шукаў успаміны відавочцаў абароны Кобрына 1939 года, арыгінальныя артэфакты і фотаздымкі. Нам дапамагалі археолагі, краязнаўцы, сям’я Зайкоўскага, старажылы Кобрына.
— Другое месца — высокая ўзнагарода фестывалю ў Замосці і прызнанне таго, што ўзровень фільмаў нашай студыі не саступае польскай дакументалістыцы, хаця яна лічыцца адной з наймацнейшых у Еўропе, — адзначыў прадзюсар стужкі Уладзімір Бокун.