Без сумневу, стасункі тыя насамрэч маюць куды даўнейшую гісторыю. Цвярскі купец Афанасій Нікіцін, які здзейсніў з 1466 па 1472 год падарожжа ў Індыю, вяртаўся на радзіму па Дняпры, спыняючыся ў беларускіх гарадах. Напэўна, ён сустракаўся з гандлёвымі людзьмі, апавядаў ім пра свае далёкія вандроўкі. А ягоны твор “Хаджэнне за тры моры” быў папулярны і на нашых землях.
Цяпер такое “хаджэнне” — зразумела, з дапамогай ужо сучасных транспартных сродкаў — здзейснілі беларускія мастакі Рыгор Сітніца, Юрый Хілько, Дар’я Бунеева і Вера Ягоўдзік. Ім давялося ўбачыць тыя самыя адметнасці, якія ў свой час апісаў Нікіцін: Тадж-Махал, Элору, Аджанту, наведаць шэраг музеяў і галерэй, азнаёміцца з сістэмай мастацкай адукацыі Індыі, наладзіць асабістыя кантакты з калегамі па цэху. Вядома, захопленыя экзатычным хараством творцы занатоўвалі свае ўражанні ў выглядзе накідаў і эскізаў, а ўжо дома, у сваіх майстэрнях увасобілі іх у завершаныя творы. Менавіта яны і дэманструюцца на выставе.
Апрача карцін, у экспазіцыі можна ўбачыць і прадстаўленыя Пасольствам Індыі ўзоры традыцыйных рамёстваў — сары, статуэткі з метала, кубкі ды іншыя рэчы, а таксама кнігі пра гэтую поўную загадак краіну. Без сумневу, дзякуючы гэтаму праекту яна стала бліжэй да зацікаўленай беларускай публікі.