Незвычайнасць “Скарбніцы” відаць адразу. Канцэнтрацыя творчых жанчын-прыгажунь тут такая, што непадрыхтаваныя мужчыны імгненна забываюцца на прычыну свайго прыходу. Але гэта далёка не ўсё. Сем мастакоў, шэсць ткачых і пяць вышывальшчыц — людзі абсалютна невыпадковыя. “Такіх, — сцвярджае Марыя Тарайковіч, — вы нідзе больш не сустрэнеце. А ткачыхі дык увогуле — лепшыя ў свеце, пра што нам не раз казалі шматлікія кампетэнтныя замежныя спецыялісты”. У гэтым — унікальнасць “Скарбніцы”. Летась прадпрыемства адзначыла саракагоддзе. Яно здолела захавацца пасля вірлівых перабудовачных гадоў, развіцца і стварыць рэнамэ арганізацыі, якая не проста вырабляе якасны нацыянальны прадукт, але і атрымлівае ад гэтага прыбытак.
“Атэлье па індпашыве”
Марыя Тарайковіч — віртуозны дырыжор “маленькага аркестрыка любові” да беларускай традыцыі. Па яе меркаванні, наш нацыянальны сувенір — гэта беларускі сувенір, вынік колішніх рамесніцкіх захадаў, стылізаваны ці рэканструяваны сучаснымі майстрамі. Дарэчы, абодва гэтыя працэсы асвоены тут “на выдатна”. Экспедыцыі па Беларусі — аснова даследчай дзейнасці “Скарбніцы”. Рэканструкцыі строяў, маляванак, ручнікоў — абавязковы элемент навуковага даследавання. Іх прадпрыемству замаўляюць вядучыя музейныя ўстановы краіны. У стылізаваных нацыянальных касцюмах ад “Скарбніцы” выступаюць дзясяткі прафесійных і самадзейных калектываў.
Кожны сувенір — ручной працы, кожны мае індывідуальныя рысы. Таму сваё прадпрыемства жанчыны-прыгажуні называюць “атэлье па індпашыве”. Ніякай паточнай вытворчасці! Гэта вам не безаблічны шырспажыў, які запаланяе нашы кірмашы і рынкі. Супрацьпаставіць гэтаму можна толькі цеплыню рук і душ неабыякавых майстрых, а выключна такія і працуюць у “Скарбніцы”. Яны хочуць найперш, каб Беларусь пазіцыянавала сябе як адметная краіна з непаўторнымі традыцыямі, а не як сярэднестатыстычная шараговая тэрытарыяльная адзінка. Чым не нацыянальная ідэя?!
Тэхналогія і асартымент прыгажосці
Колькі трэба часу, каб адрадзіць спадчынны скарб продкаў і матэрыялізаваць яго ў стылізаваны (рэканструяваны) сучасны сувенір? Ад дваццаці гадзін да трох месяцаў карпатлівых намаганняў. Такі выраб, гарантаванай якасці ды ручной працы, не можна каштаваць танна. Гэта не кітайская падробка, а бездакорнае перастварэнне ўзору высокага беларускага народнага мастацтва.
Давайце прасочым, як усё робіцца. Ды прыкладу, ёсць замова на канкрэтную рэч, скажам, — народны касцюм. Мастак рыхтуе эскіз. Пасля зацвярджэння заказчыкам канструктар распрацоўвае крой вырабу, на якім вышывальшчыца выконвае потым вышыўку. Гатовы крой перадаецца на пашыў. А ёсць яшчэ ўчастак мастацкага ткацтва і роспісу. Менавіта тут, памятаеце, працуюць лепшыя ў свеце ткачыхі? І гэта тэхналагічны ланцужок, па якім праходзіць толькі народны касцюм. Між тым, у асартыменце яшчэ — і сталовыя камплекты, вышываныя ўручную карціны, роспіс па шкле і дрэве, саломкапляценне, рэканструкцыя слуцкіх паясоў і іх элементаў, інкрустацыя саломкай. Усё якаснае, вытанчанае, блізкае сэрцу і беларускай душы.
Вы ведаеце, што такое роспіс па шкле? Малюнак тут наносіцца з адваротнага шклянога боку, слой за слоем. Спачатку прапісваюцца галоўныя дэталі, потым — другарадныя. Мастак-жывапісец, які працуе з палатном, наносіць фарбы ў адваротным парадку, і першы мазок пэндзля тут не з’яўляецца галоўным. Шкло ж патрабуе іншага падыходу. Ці яшчэ адна тэхналагічная цікавостка, уласцівая “Скарбніцы”. Маляванкі, створаныя на прадпрыемстве паводле вырабаў Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, распісваюцца не алейнымі фарбамі, а акрылавымі, якія не маюць паху. Але пасля высыхання такія фарбы трошкі мяняюць колер, што трэба абавязкова ўлічваць. Робяць на прадпрыемстве і куфры. Не такія вялікія і не на колах (у такіх захоўваўся пасаг нявесты, які перавозіўся ў хату маладога). Роспіс можа быць паліхромным огаўскім (традыцыя вёскі Огава, што на Брэстчыне), дзе — спрэс неверагоднай прыгажосці кветкі. А могуць быць і куфры, упрыгожаныя элементамі традыцыйных арнаментаў слуцкіх паясоў. Такія робяць толькі ў “Скарбніцы”.
Да слова, любую ўпадабаную рэч можна прыдбаць непасрэдна ў “Скарбніцы”: тут ёсць цудоўная сувенірная крама.
118 раёнаў — 118 заказчыкаў
Шэсцьдзясят працэнтаў усіх вырабаў “Скарбніцы” — заказныя. З прыватнікам “Скарбніца” канкурыраваць можа не колькасцю, а якасцю. А цяпер давайце паразважаем вось пра што. Якасны нацыянальны сувенір (вышыванка, касцюм — у тым ліку) — гэта брэнд краіны. Усялякая падробка ў такім выпадку выклікае, мякка кажучы, сорам. Так, мы яшчэ не да канца ўсвядомілі, што нацыянальным варта ганарыцца і што мець ва ўласным хатнім інтэр’еры беларускі арыгінал — урэшце, модна, а любая лічбавая копія, скажам, жывапіснага замежнага твора (якая, дарэчы, каштуе таксама не танна) — пазнака духоўнага, так бы мовіць, банкруцтва.
Так, мы толькі вучымся гэта ўсведамляць. Тычыцца гэта не толькі фізічных асобаў, але і аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Далёка не ўсе з іх супрацоўнічаюць са “Скарбніцай”. Зразумела, дорага. Але і нацыянальная годнасць у лік танных маральных катэгорый ніяк не трапляе. Гэта павінны ўсведамляць і нашы спонсары. У “Скарбніцы”, да прыкладу, ёсць такі — кіраўнік адной з інавацыйных кампаній Генадзь Гецольд. У свой час ён выдаткаваў немалую грашовую суму на рамонт будынка “Скарбніцы” і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Словам, Генадзь Гецольд ведае, што такое нацыянальны гонар.
Вы яшчэ не былі ў “Скарбніцы”? Спяшайцеся! Там чакаюць кожнага з вас.