“Сама дабрата і ёсць ён!”

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

4 жніўня Янку Брылю споўнілася б 100 гадоў. “К” папрасіла вядомага фатографа Анатоля КАЛЯДУ, які шмат здымаў народнага пісьменніка Беларусі, падзяліцца сваімі ўспамінамі.

/i/content/pi/cult/650/14442/22.jpgУ архіве фатографа — і пастановачныя партрэты Янкі Брыля, і “падгледжаныя”, аднаго і з сям’ёй, у атачэнні калег і чытачоў.

— Нават і не магу ўзгадаць, як мы з ім пазнаёміліся — усё запомніць, на жаль, немагчыма, — кажа Анатоль Каляда, перабіраючы велізарны стос фотаздымкаў.

Асцярожна перагортвае кожны з іх, правярае надпісы на зваротным баку і быццам сам сабе дадае:

— Трэба заўжды пісаць месца і дату, калі фота гатова. Калі адразу тое не зрабіў, потым складана дакладна вызначыць, а гэта ж гісторыя. Мы ўвесь час ездзілі на розныя сустрэчы ад Саюза пісьменнікаў. Садзіліся ў рафік — і рушылі то ў Навагрудак, то яшчэ куды. Вось, напрыклад, Янка Брыль з Іванам Навуменкам і Данутай Бічэль-Загнетавай у Стоўбцах на святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.

Каля дваццаці гадоў галоўнымі героямі Анатоля Данілавіча заставаліся літаратары, якіх ён штодзень здымаў для часопіса “Нёман”. У рэдакцыю часам завітваў і сам Янка Брыль.

— Усе ставіліся да яго з надзвычайнай павагай. Адчувалася, што вялікі пісьменнік ідзе, калі ён заходзіў. І не толькі таму, што ён быў вельмі высокі і статны, а таму што чалавек! Каб больш такіх людзей было, мы хутка пабудавалі б ідэальнае грамадства, — лічыць Анатоль Каляда. — А мова якая ў яго была літаратурная — заслухаешся! Заўжды толькі па-беларуску гаварыў.

Магутны, салідны, разважлівы, сціплы — так апісвае фатограф пісьменніка. Бачыліся яны і ў працоўных паездках, і адзін у аднаго дома бывалі.

— Брыль жыў у доме на цяперашнім праспекце Пераможцаў, побач, памятаю, была крама “Заслаўе”, але шумных вялікіх зборышчаў у яго кватэры ніколі не было, — узгадвае Анатоль Данілавіч і паказвае фотаздымак, зроблены на прыпынку грамадскага транспарту непадалёк. — Да нейкай юбілейнай даты пісьменніка мяне папрасілі зрабіць фота для вокладкі газеты “Літаратура і мастацтва”, давялося ехаць на лецішча — жнівень жа, а лета Брыль заўжды праводзіў за горадам. Ён набыў сабе домік недалёка ад Стоўбцаў, але ў такой глушы і цішы, што дабрацца туды было няпроста. Мяне доўга везлі на абкамаўскай машыне па пясчанай дарозе. Абапал раслі ліпы, дубы… Народны пісьменнік і яго сям’я, бераг возера, хатняя атмасфера — такой выйшла першая паласа. Ён розны на фотаздымках і ў той жа час светлы выраз твару ў яго заўжды аднолькавы. Сама дабрата і ёсць ён! Мала такіх людзей.

Фота Анатоля КАЛЯДЫ

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"